З днём 8 снежня, калі мы ўшаноўваем Беззаганнае Зачацце Марыі, звязаныя дзве падзеі, у якіх Маці Божая пажадала ўвайсці ў нашую гісторыю, каб адарыць нас сваёй асабліваю любоўю. Давайце сёння караценька пра іх узгадаем. Магчыма, яны навучаць нас шукаць паратунку ў Беззаганным Сэрцы Марыі, перад моцаю якога адступае сатана.

27 лістапада 1830 г., у суботу перад першай нядзеляй Адвэнту, Найсвяцейшая Маці з’явілася святой Кацярыне Лябурэ. У той час яна рыхтавалася стаць манашкаю ў супольнасці Сясцёр Шарытак у Парыжы. Панна Марыя між іншым папрасіла Кацярыну адчаканіць медальёнчык паводле паказанага ўзору, абяцаючы, што «кожны, хто з даверам будзе насіць яго, атрымае вялікія ласкі». Маладая манашка так апісала гэтае здарэнне:

«Падчас разважання я пачула як быццам бы шолах у хорах. Я паглядзела ў бок алтара і там убачыла Найсвяцейшую Панну. Яна была апранутая ў аксамітную сукенку, а яе ногі стаялі на паўсферы, вакол якой абвівалася змяя. У руках на ўзроўні грудзей Яна лёгка трымала зямны шар, а вочы ўзнімала да неба... Ад усёй Яе постаці павявала такім незвычайным хараством, што я не змагла б гэтага апісаць...

Найсвяцейшая Панна апусціла вочы і паглядзела на мяне. Я пачула голас, які казаў: «Шар, які ты бачыш, уяўляе сабою ўвесь свет...»

У наступную хвіліну шар знік, а Маці Божая працягнула рукі так, як быццам бы хацела ўсё абняць. З іх выходзілі такія ясныя промні, што ўсё гублялася ў ззянні. Пасля вакол постаці з’явіўся авальны надпіс залатымі літарамі: «О Марыя, без граху зачатая, маліся за нас, хто да Цябе звяртаецца». У той жа час я пачула тлумачэнне: «Промні, якія ты бачыш — гэта сімвал шматлікіх ласкаў, якія Я спасылаю на тых, хто іх у Мяне просіць. Паклапаціся пра тое, каб адчаканіць медальёнчык з гэтаю Маёй выяваю і надпісам. А кожны, хто з даверам будзе насіць яго, атрымае шматлікія ласкі ад Бога». Пасля гэтага вобраз як быццам павярнуўся. Я ўбачыла яго адваротны бок. У атачэнні дванаццаці зорак была літара «М», над ёю — крыж, а пад гэтым — два Сэрцы: адно — спавітае цярнёваю каронаю, а другое — прабітае мячом. Я зразумела, што гэта былі Сэрцы Езуса і Марыі».

Тыя, хто насіў медальёнчык, які быў паказаны святой Кацярыне, атрымалі так шмат незвычайных ласкаў, што яго неўзабаве пачалі называць «цудоўным медальёнчыкам». Сама Кацярына, якая прысвяціла сябе Беззаганнаму Сэрцу Марыі, да канца жыцця пакорна служачы старым людзям, а ласкаю бачання дзелячыся толькі са спаведнікам, дасягнула святасці.

Цудоўны медальёнчык насіла таксама святая Бэрнардэта з Люрду, калі і яна ўбачыла Найсвяцейшую Панну. І святы Максімільян, калі заснаваў «Рыцарства Беззаганнай», менавіта гэты медальёнчык выбраў асаблівым знакам супольнасці.

З днём 8 снежня звязана яшчэ адна аб’яўленне, якое адбылося паўстагоддзя таму ў Італіі. З 1947 г. да 1976 г. санітарка П’ерына Джыллі стала сведкаю аб’яўленняў у невялічкім мястэчку Монтык’яры непадалёк ад Брэш’і. Маці Божая з’явілася ёй як «Ружа містычная», а таксама як Маці Касцёла. Яе галоўны заклік гучаў у просьбе малітвы, пакуты, пакаяння. Яе найбольшым клопатам была малітва за святароў, якія губляюць веру і здраджваюць свайму пакліканню. Яна жадала, каб распаўсюджвалася асаблівае набажэнства да Беззаганнага Сэрца, а таксама каб Яе ўшаноўвалі пад тытулам «Містычнай ружы» ў манаскіх і законных супольнасцях.

У 1947 г., прадказваючы сваё з’яўленне 8 снежня, Яна абвясціла, што на гэты час ад дванаццаці гадзін да гадзіны Яна прызначыць «гадзіну асаблівай ласкі для свету». Яна сказала: «Я — Беззаганнае Зачацце... Я — Марыя, поўная ласкі, Маці Майго Боскага Сына Езуса Хрыста... Маім з’яўленнем у Монтык’яры Я жадаю, каб Мяне заклікалі і ўшаноўвалі як «Ружу містычную». Я жадаю, каб кожны год 8 снежня апоўдні адзначалася «гадзіна ласкі для ўсяго свету». Праз гэтае набажэнства Я спашлю безліч ласкаў для цела і для душы.

...Я жадаю, каб гэтая гадзіна ласкі распаўсюдзілася паўсюль і каб пра яе даведаўся ўвесь свет. Хто ў гэты час будзе маліцца ў касцёле або дома і пралье слёзы скрухі, той знойдзе надзейную дапамогу і атрымае з Майго Сэрца апеку і ласкі. У мяне падрыхтавана безліч ласкаў для ўсіх дзяцей, якія слухаюцца Майго голасу і прымаюць да сэрца гэтыя Мае пажаданні... Дзякуючы малітве ў гэтую гадзіну Я спашлю незлічоныя ласкі для душы і для цела. Будуць адбывацца шматлікія навяртанні. Пан, Мой Боскі Сын Езус, праявіць вялікую міласэрнасць, калі добрыя людзі будуць маліцца за сваіх грэшных братоў».

Варта прыняць да сэрца гэтыя словы Маці Божай і выкарыстаць гэты вялікі дар ласкі, каб сваёю трывалаю і пакорнаю малітвай выпрасіць ласкі для сябе, сваіх блізкіх, сваёй парафіі і для ўсяго свету.

Айцец Артур Папроцкі CSMA