Штогод з 18 па 25 студзеня традыцыйна праводзіцца Тыдзень малітваў за адзінства хрысціянаў. Упершыню з ініцыятывай правядзення такога Тыдня малітваў выступіў святы Вінцэнт Палоцці (памёр у 1850 г.) — заснавальнік законнай супольнасці палатынаў і вядомага ва ўсім свеце свецкага аб’яднання «Каталіцкае Дзеянне».

На пачатку ХХ стагоддзя падобная ініцыятыва з’явілася і ў пратэстанцкім асяроддзі: у 1908 г. англіканскія прэсвітары С. Джонс і Дж. Ватсан распачалі маліцца за адзінства Цэркваў. У 1936 г. па прапанове французскага святара Поля Куцюр’е ўведзеная Папам Львом ХІІІ Навэнна аб вяртанні адлучаных братоў ва ўлонне Каталіцкага Касцёла, якая адбывалася напярэдадні ўрачыстасці Спаслання Духа Святога, была замененая днямі супольнай малітвы разам з прадстаўнікамі іншых Цэркваў і супольнасцяў за «адзінства вызнаўцаў Хрыста, якога жадае Бог». Гэта было вельмі смелае новаўвядзенне. Малітвы суправаджаліся сустрэчамі і спецыяльна падрыхтаванымі набажэнствамі.

У нашыя дні Тыдзень малітваў за адзінства хрысціянаў адзначаецца ва ўсім свеце. Час яго правядзення — з 18 па 25 студзеня — выбраны невыпадкова. Гэты Тыдзень завяршаецца ў дзень свята навяртання апостала Паўла, якое традыцыйна адзначаецца 25 студзеня. Сімволіка свята надзвычай яскравая: у гэты дзень на дарозе ў Дамаск адзін з найбольш лютых пераследнікаў Хрыстовых вучняў — Саўл — бачыць самога Хрыста і чуе Яго голас. Дзякуючы цудоўнаму навяртанню гэты чалавек становіцца найбольш адданым прапаведнікам Хрыстовага Евангелля Адзінства і заснавальнікам вялікай колькасці хрысціянскіх супольнасцяў ва ўсім тагачасным свеце. Таму нездарма святога Паўла называюць Апосталам Народаў, а яго пасланні — першымі святымі кнігамі хрысціянства.

Хрыстовы Касцёл заўсёды вельмі балюча перажываў падзелы, якія парушылі адзінства вызнаўцаў Хрыста першых стагоддзяў. Ва ўсе часы хрысціяне розных веравызнанняў разумелі неабходнасць аднаўлення колішняга адзінства і рабілі спробы дасягнуць яго. Найбольш такіх спробаў было ў мінулым ХХ стагоддзі, і з імі з’явіліся новыя надзеі на адзінства.

У 1944 г. у Францыі ўзнікла экуменічная манаская супольнасць Тэзэ, заснавальнікам якой стаў сын пратэстанцкага пастыра Ражэ Шутц, вядомы ва ўсім свеце як брат Ражэ. У 1948 г. утварылася Сусветная (Экуменічная) Рада Цэркваў з сядзібаю ў Жэневе, у якую цяпер уваходзіць больш за 300 розных Цэркваў: праваслаўных, пратэстанцкіх, англіканскіх і старакаталіцкіх.

Апостальская Сталіца таксама не заставалася ў баку ад гэтай дзейнасці, і ў 1960 г. быў створаны Сакратарыят па справах Адзінства Хрысціянаў, які ў 1989 г. быў ператвораны ў Папскую Раду па Адзінстве Хрысціянаў — найважнейшы ў Каталіцкім Касцёле орган, які займаецца пытаннямі экуменізму.

5 студзеня 1964 г. у місіі Святога Пасаду на Елеонскай гары ў Ерузалеме адбылася гістарычная сустрэча Папы Паўла VI і Сусветнага (Экуменічнага) Патрыярха Канстанцінопальскага Афінагора І. 7 снежня 1965 г. Папа і Патрыярх зрабілі сумесную заяву, у якой паведамілі, што «выдаляюць з памяці і з жыцця Касцёла» экскамунікі (анафемы), узаемна накладзеныя пасля схізмы 1054 г. Пасля гэтага добрай традыцыяй сталі сустрэчы Папы і Патрыярха, якія працягваліся таксама Папам Янам Паўлам ІІ і Патрыярхамі Дымітрыасам І і Барталамеем І.

27 кастрычніка 1986 г. у Асізі — горадзе святога Францішка — па ініцыятыве Яна Паўла ІІ адбылася гістарычная малітва за мір, у якой удзельнічалі кіраўнікі амаль усіх хрысціянскіх Цэркваў і Супольнасцяў, а таксама прадстаўнікі іншых рэлігій. У 1995 г. была абвешчана лёсавызначальная Энцыкліка Вялікага Папы Ut unum sint («Каб усе былі адно»), прысвечаная экуменічнай дзейнасці Касцёла. Паколькі 2006 год абвешчаны Канферэнцыяй Каталіцкіх Біскупаў у Беларусі Годам памяці Слугі Божага Яна Паўла ІІ, згодна з Праграмай душпастырства на гэта год на працягу Тыдня малітваў за адзінства хрысціянаў вернікам Касцёла ў Беларусі было прапанавана паразважаць над гэтай Энцыклікай Вялікага Папы.

«UT UNUM SINT! (Каб усе былі адно!) Заклік да адзінства хрысціянаў, выказаны так рашуча і з новай энергіяй пацверджаны ІІ Ватыканскім Саборам, знаходзіць усё большы водгук у сэрцах вернікаў,» — такімі словамі Святы Айцец Ян Павел ІІ пачаў сваю Энцыкліку. Нагадваючы словы сусветнага Канстанцінопальскага Патрыярха Барталамея, Ян Павел ІІ гаворыць, што веруючыя ў Хрыста, аб’яднаныя ў наследаванні мучанікаў, не могуць заставацца падзеленымі. «Калі яны сапраўды жадаюць паспяхова супрацьстаяць імкненню свету змарнаваць Таямніцу Адкуплення, то павінны разам вызнаваць адзіную праўду пра Крыж». Прымаючы выклік сучаснага секулярызаванага свету, хрысціяне павінны зрабіць усё магчымае, каб разбурыць муры падзелаў і пераадолець перашкоды для абвяшчэння Евангелля Збаўлення праз Крыж Хрыста. Папа адзначае: «Дыялог паміж рознымі веравызнаннямі ў галіне тэалогіі ўжо прынёс канкрэтны і бачны плён, і гэта заахвочвае да таго, каб ісці далей». Ян Павел ІІ упэўнены, што «справа экуменізму павінна грунтавацца на навяртанні сэрцаў і на малітве».

Цытуючы Дэкрэт ІІ Ватыканскага Сабору пра экуменізм Unitatis redintegratio, Ян Павел ІІ гаворыць, што Валадар сусвету сам дае падзеленым хрысціянам прагу аб’яднання. Экуменічны рух, мэта якога сабраць усіх у адно, аб’ядноўвае тых, «хто заклікае Бога ў Тройцы адзінага, а Езуса вызнае Панам і Збаўцам». Услед за Айцамі Сабору Папа ізноў заклікае вернікаў Каталіцкага Касцёла, распазнаючы знакі часу, аддана ўдзельнічаць у справе экуменізму.

«Для Каталіцкага Касцёла адзінства хрысціянаў азначае не што іншае, як аб’яўленне ў іх ласкі, праз якую Бог робіць іх удзельнікамі ўласнай камуніі, гэта значыць — свайго вечнага жыцця. (...) Таму словы Хрыста „каб усе былі адно“ з’яўляюцца малітваю, скіраванаю да Айца, каб Яго задума поўнасцю здзейснілася. (...) Менавіта такі сэнс малітвы Хрыста „ut unum sint“ („каб усе былі адно“). (...) На экуменічным шляху да адзінства пераважнае першынство трэба аддаць супольнай малітве — малітоўнаму яднанню вакол самога Хрыста. (...) З малітвы бярэ сілы ўсё тое, што Сабор вызначае як „дыялог“. Дыялог не з’яўляецца толькі абменам думкамі, але і пэўным чынам „абменам дарамі“».

Кантакты паміж хрысціянамі, акрамя малітвы і дыялогу, прадугледжваюць таксама магчымае практычнае супрацоўніцтва ў розных кірунках: душпастырскім, культурным, грамадскім, а таксама ў абвяшчэнні Евангелля. «Такое супрацоўніцтва, заснаванае на агульнай веры, не толькі багатае братнім адзінствам, але з’яўляецца аб’яўленнем самога Хрыста. (...) У вачах свету супрацоўніцтва паміж хрысціянамі набывае вымярэнне супольнага хрысціянскага сведчання і становіцца прыладаю евангелізацыі, прыносячы карысць адным і другім».

Ян Павел ІІ нагадвае навучанне ІІ Ватыканскага Сабору адносна таго, як мы, вернікі Каталіцкага Касцёла, павінны ставіцца да іншых хрысціянаў: «каталікі павінны з радасцю прызнаваць і цаніць даброты сапраўды хрысціянскія, што паходзяць з супольнай спадчыны, якія прысутнічаюць у аддзеленых ад нас братоў». Гаворачы пра паглыбленне кантактаў з найбольш блізкай нам Праваслаўнай Царквою, Папа паўтарае ў Энцыкліцы словы, якія шмат разоў гучалі ў яго навучанні: «Касцёл павінен дыхаць абодвума лёгкімі!». Развіваючы гэтую думку, Святы Айцец гаворыць: «Сёння, пасля доўгага перыяду падзелу і ўзаемнага непаразумення, Бог дазваляе нам нанава адкрыць, што мы з’яўляемся Цэрквамі-сёстрамі, нягледзячы на перашкоды, якія паўсталі паміж намі ў мінулым». Ізноў звяртаючыся да дакументаў Сабору, ён асабліва адзначае, што розныя тэалагічныя фармулёўкі Цэркваў Усходу і Захаду «часта хутчэй узаемна дапаўняюцца, чым супярэчаць адны адным».

Канчатковаю мэтаю экуменічнага руху Ян Павел ІІ вызначае «аднаўленне поўнай бачнай еднасці ўсіх ахрышчаных», якая будзе выяўляцца ў супольнай цэлебрацыі Эўхарыстыі. Энцыкліка Ut unum sint («Каб усе былі адно») Наступніка апостала Пятра — Біскупа Рыму — мае высакародную мэту спрыяць дасягненню гэтага поўнага адзінства паміж усімі хрысціянамі. З першага і да апошняга дня свайго пантыфікату Вялікі Папа Ян Павел ІІ лічыў гэта сваім непасрэдным душпастырскім абавязкам. «У наш экуменічны час, вызначаны ІІ Ватыканскім Саборам, місія Біскупа Рыму асаблівым чынам заключаецца ў тым, каб нагадваць пра неабходнасць поўнай камуніі — адзінства — вучняў Хрыста», бо «падзел „яўна супярэчыць волі Хрыста, з’яўляецца спакусаю для свету і пры гэтым шкодзіць справе абвяшчэння Евангелля ўсяму стварэнню“».

Абраны Папам у 2005 г., Бэнэдыкт XVI услед за сваім Вялікім Папярэднікам абвясціў адным з найважнейшых прыярытэтаў свайго пантыфікату працяг экуменічных ініцыятываў і далейшую дзейнасць, скіраваную на адбудову адзінства хрысціянаў.

Рэд.