Мілан — адзін з найпрыгажэйшых гарадоў Італіі, у якім знаходзіцца шмат старажытных святыняў і архітэктурных шэдэўраў, — напярэдадні Новага 2006 года сабраў хрысціянскую моладзь з розных краінаў нашага кантынента на 28-ю Еўрапейскую сустрэчу, арганізаванную экуменічнай супольнасцю Тэзэ (Taizé). Моладзь з Беларусі, у тым ліку і з Мінска, таксама ўдзельнічала ў гэтай сустрэчы, якая сёлета, на жаль, упершыню прайшла без брата Ражэ —заснавальніка супольнасці Тэзэ і ініцыятара правядзення гэтых пераднавагодніх сустрэчаў моладзі. Мінулым летам брат Ражэ, які ўсё сваё жыццё прысвяціў справе адбудовы хрысціянскага адзінства, загінуў ад рукі псіхічна хворай жанчыны. Але ў тым, што справа яго працягвае жыць і развівацца, мы пераканаліся ў Мілане на ўласныя вочы.

Перш за ўсё — некалькі словаў пра саму падзею, якая штогод аб’ядноўвае надзвычай вялікую колькасць удзельнікаў. У апошнія дні снежня супольнасць Тэзэ арганізуе вялікую сустрэчу хрысціянскай моладзі ў адным з найбуйнейшых еўрапейскіх гарадоў. Тысячы маладых людзей розных веравызнанняў і з розных краінаў прыязджаюць у прызначанае месца, каб у засяроджанасці агульнай малітвы, дзякуючы знаёмству з іншымі людзьмі і іншымі рэлігійнымі традыцыямі, шукаць шлях да Бога, да еднасці хрысціянаў, шукаць сэнс свайго жыцця. З такога унікальнага міжканфесійнага дыялогу моладзь чэрпае адвагу для таго, каб будаваць адносіны, якія грунтуюцца на даверы і міры.

Няблізкі шлях з Беларусі ў Італію праляцеў амаль незаўважна. Малітва, спевы, разважанні, цікавыя апавяданні і жарты не далі сумаваць анікому. А на прыпынках можна было крыху «размяцца» найлепшаю зімоваю забаваю — гульнёю ў снежкі! Раніцай 28 снежня чароды рознакаляровых аўтобусаў з розных краінаў пакручастымі міланскімі вулачкамі кіраваліся ў напрамку Fiera — вялікага выставачнага комплексу ў цэнтры Мілана. Арганізатарамі ўсё было прадумана да дробязяў. На кожным кроку — інфармацыйная таблічка з надпісам Taizé і пазначаным кірункам. На месцы рэгістрацыі ў адным павільёне збіраюцца беларусы, палякі, украінцы і расіяне для рассялення па парафіях. Вельмі хутка зарэгістраваным удзельнікам выдаюцца неабходныя рэчы: карта горада, план метро, расклад дня і нават падрабязная схема праезду да месца прызначэння, дакладней — кватаравання. Накіроўваемся да нашых гасцінных гаспадароў.

Кожную групу, якая прыязджае на сустрэчу, звычайна дзеляць на меншыя групы і накіроўваюць у розныя парафіі. Такім чынам атрымліваецца, што ў кожнай парафіі жыве моладзь з 5 – 10 краін. Напрыклад, у адной з парафій у прыгарадзе Мілана, мястэчку Каругатэ (Carugate), куды была размеркавана і наша маленькая групка беларускіх удзельнікаў, разам гасцявалі палякі, немцы, славакі, аўстрыйцы, румыны і, канешне, італьянцы з іншых мясцовасцяў гэтай цудоўнай краіны. Хутка афармляюцца неабходныя паперы і нас размяркоўваюць па сем’ях.

Крыўдна, што групку з Беларусі адразу пазначаюць як russo. Пасля неабходных тлумачэнняў памылку выпраўляюць, а само гэтае невялічкае непаразуменне аж з лішкам кампенсуецца незвычайнаю дабрынёю і цеплынёю, з якой кожнага з нас прымалі ў італьянскіх сем’ях. Няхай добры Бог аддзячыць усім нашым гасцінным гаспадарам!

Расклад дня, незалежна ад парафіі прабывання, быў аднолькавы. Мы снедалі ў сем’ях а 8-й гадзіне раніцы, потым ішлі ў касцёл на агульную малітву, пасля чаго адбываліся сустрэчы ў групах. Кожная група складалася прыкладна з 10-ці асобаў, як правіла — прадстаўнікоў розных краінаў. На працягу 4-х дзён мы разважалі і дзяліліся вопытам сваіх краінаў на розныя тэмы: пра наш унутраны свет і сусвет вакол нас; пра тое, што значыць любіць, жыць для Бога і людзей, як можна дапамагчы бедным і самотным людзям, а таксама яшчэ шмат пра што...

Апоўдні ўсе ўдзельнікі сустрэчы збіралася на абед у адным з найбольшых павільёнаў Fiera, а пасля абеду адбывалася супольная малітва паводле моўных групаў, для кожнай з якіх быў вызначаны свой павільён. Да самай вячэры ў розных касцёлах і базыліках Мілана праходзілі семінары на розных мовах і на розную тэматыку: кожны мог выбраць, што яму бліжэй і што найбольш цікава. А 7-й увечары ўсе зноў збіраліся ў павільёнах на агульную малітву.

Падчас малітвы тысячы маладых дзяўчат і хлопцаў сядзелі проста на падлозе пры святле свечак і прымглёных лямпачак, а спеў і словы малітвы ўзносіліся высока-высока, пад амаль нябачныя ў паўзмроку скляпенні. Немагчыма перадаць словамі, наколькі ў такія моманты адчуваецца еднасць усіх хрысціянаў і асабістае пакліканне кожнага вызнаўцы Хрыста зрабіць свой унёсак у справу аб’яднання. Спеў ліецца ва унісон, словы малітвы, хоць і на розных мовах, але сугучна зліваюцца і... калі заплюшчыць вочы, здаецца, што моліцца хтосьці адзін, але калі глядзіш ізноў — бачыш тысячы!

Наогул, Мілан уражвае сваім незвычайным культурным і гістарычным багаццем: архітэктурнымі помнікамі, фрэскамі, мазаікай. Усе вуліцы, усе дамы непадобныя адно да аднаго, але ў той жа час неяк вельмі арганічна складаюць адзінае цэлае, настолькі прыгожае, што аж займае дух. Таксама і ўдзельнікі сустрэчы з розных краінаў маюць сваю індывідуальную самабытнасць, культуру і традыцыі, але, сабраныя ўсе разам, складаюць адзіную хрысціянскую супольнасць, аб’яднаную адным Духам, як у дзень Пяцідзесятніцы.

Нельга не ўзгадаць пра сустрэчу Новага года, якая таксама была шмат у чым незвычайнай. Нам пашчасціла: у парафіі ў мястэчку Каругатэ працуюць салезіяне. Таму адразу пасля малітвы, якая адбывалася ў апошні вечар старога года, мы накіраваліся ў араторый святога Яна Боско. Ва ўнутраным дворыку было распалена вялікае вогнішча са старой мэблі (гэта старажытная італьянская традыцыя — на Новы год пазбаўляцца ад старых рэчаў, палячы іх або... выкідаючы з вокнаў!). Усе віншавалі адзін аднаго словамі «Auguri!» («Віншую!»), танчылі і весяліліся. А ў араторыі нас чакаў стол з рознымі італьянскімі прысмакамі і дыскатэка. Дзесьці а палове на другую прадстаўнікі кожнай краіны паказвалі «візітную картку» сваёй радзімы. Мы заспявалі беларускую песню і станцавалі польку. Мяркуючы па воплесках, якіх нам не пашкадавалі, усім вельмі спадабалася.

Развітвацца заўсёды сумна, але кожны з нас у сваім сэрцы прывёз дамоў дабро, давер, супакой і еднасць, каб на гэтых цнотах будаваць мір у роднай краіне і ва ўсім свеце.

Алеся Шымук