11 лютага Каталіцкі Касцёл ва ўсім свеце адзначае Дзень хворага. У гэты дзень у парафіях паўсюль адпраўляецца святая Імша за хворых, калекаў, адзінокіх, многія вернікі маюць магчымасць прыняць сакрамэнт хворых. У гэты дзень многія з нас таксама ідуць наведаць хворых. Усё гэта, вядома, добра, але не пакідае думка: а што будзе заўтра? Хіба заўтра нашым знаёмым і незнаёмым хворым ужо не патрэбна будзе наша дапамога і ўвага? Ці не падобна гэтая сітуацыя да той, калі, напрыклад, 8 сакавіка муж прынясе жонцы кветкі і нават памые за яе посуд, а назаўтра заявіцца дахаты п’яны ды ўчыніць чарговы вэрхал? Таму да Сусветнага дня хворага хочацца распавесці пра тых, хто ў гэты дзень… не зробіць нічога новага, адметнага, а проста будзе займацца тым жа, чым і ўчора, пазаўчора, кожны дзень.

Чым будуць занятыя 11 лютага сёстры міласэрнасці святога Вінцэта дэ Поль? Тым жа, чым і заўсёды – пойдуць да сваіх хворых.

 
Такое цяжкае пакліканне

Засноўваючы гэтую манаскую супольнасць у XVII стагоддзі, святы Вінцэнт дэ Поль думаў якраз пра дапамогу адзінокім, хворым, абяздоленым, і таму для сясцёр, а гэта быў першы чынны жаночы ордэн у гісторыі Каталіцкага Касцёла, была вызначана задача дапамогі тым, каму было найцяжэй. Цяжкая, няпростая, а часам і няўдзячная гэта служба. Не кожны здолее яе несці. Толькі моцныя. Таму ў гэтай манаскай супольнасці служаць Богу і людзям моцныя, загартаваныя, а, самае галоўнае, тыя, хто мае добрае, спагаднае сэрца, бо толькі чалавек з такім, а не іншым сэрцам здолее ўвайсці ў чужую бяду і не грэбаваць ёю, не асуджаць няздараў, якія не ўмеюць наладзіць сваё жыццё, а проста закасае рукавы ды пачне дапамагаць чалавеку выкараскацца з гора. А потым у дадатак дапаможа яшчэ паспрабаваць паглядзець на свет не вачыма няшчаснага, пакінутага Богам і людзьмі бедачыны, а вачыма чалавека, створанага па вобразу Божаму.

 
Шуміліну пашанцавала

Шуміліна – раённы цэнтр на Віцебшчыне. Звычайны. Правінцыйны. З сумнаю пячаткаю закінутасці, мізэрнасці культурнага ды інтэлектуальнага жыцця. Словам, адзін з многіх нашых райцэнтраў усходняй Віцебшчыны. А як для мяне, то ягоную адметнасць стварае цяпер парафія Маці Божай Фацімскай, у якой і святары, і сёстры законніцы, і вернікі жывуць адрозным ад агульнага мясцовага ўкладу жыццём. У апошнім нумары часопіса за мінулы год мы гутарылі з сястрой Барбарай пра яе асабісты духоўны досвед адарацыі Найсвяцейшага Сакрамэнту ды пра тое, якое месца займае адарацыя ў жыцці парафіі.

Глыбокае духоўнае жыццё дапамагае сёстрам несці сваю нялёгкую і вельмі няпростую службу дапамогі хворым, бедным, адзінокім не толькі ў самім Шуміліне, але і ў многіх вёсках. Некаторыя сёстры з гэтага ордэна маюць медыцынскую адукацыю. Тыя ж, хто яе не мае, набываюць неабходныя навыкі кожны дзень, адважна адчыняючы дзверы ў тыя кватэры ды старэнькія хаціны, куды мала хто заходзіць, нават тыя, каму па-суседску ці па-сваяцку гэта і выпадала б рабіць.

 
Гаротная старасць

У многіх беларускіх вёсках пажылыя людзі цяпер проста гаруюць. Адзінока і страшна. Часам яны не маюць сілаў прынесці дроваў, вады, запаліць грубку ды зварыць есці. Прадбачу законнае абуранае пытанне чытачоў пра дзяцей ды ўнукаў гэтых людзей, якія, напэўна ж, недзе ёсць. Напэўна. Але сёння гаворка не пра іх. Сёння мы гаворым пра тых, хто дажывае свой век у жорсткай, сцюдзёнай адзіноце, калі кожны крок даецца з цяжкасцю, а таму і кожная ўвага да іх долі прымаецца з вялікай удзячнасцю. Як цуд.

 
«Гэта сам Бог прыходзіць да нас»

Некаторыя хворыя ўспрымаюць візіты да іх сясцёр міласэрнасці як вялікі знак Божай любові. А як інакш гэта прымаць? Жылі сабе, гаравалі, сумавалі і ўжо калі перасталі спадзявацца на цуд, ён якраз тады і здарыўся. Аказалася, што ёсць на свеце хтосьці, каму не ўсё роўна, пад’еў ты сёння альбо не, зможаш ты сёння выпаліць у хаце альбо не, ёсць у цябе патрэбныя лекі альбо не, зможаш ты сам памыцца, пераслаць сваю пасцель, прыбраць у хаце альбо так і будзеш існаваць у холадзе ды брудзе, нічога ўжо не чакаючы, ні на што не спадзеючыся.

У сваёй службе дапамогі хворым ды адзінокім сёстры не робяць розніцы паміж вернікамі і атэістамі, католікамі і праваслаўнымі. Яны проста ідуць да тых, каму цяжка, а потым ужо ў гутарцы, калі трохі адтае чалавечая душа ад крыўды на ўласны лёс, сёстры даведаюцца больш. І да некаторых бабуль і дзядуль з дапамогай сясцёр прыйдзе ўпершыню альбо адновіцца ласка веры, якая і стане найлепшай узнагародай сёстрам за іхнюю службу. Толькі потым вырашаецца пытанне, якому святару даверыць той чалавек споведзь – каталіцкаму альбо праваслаўнаму. І гэта яшчэ адзін аргумент таго, што Божая любоў не ведае межаў.

 
«Патрэбныя былі гэтыя раны...»

Адна бабуля, якая восем гадоў мучаецца хваробай цяжкой формы трафічнай язвы на нагах, так і сказала сёстрам:

– Патрэбныя мне былі гэтыя раны, каб сустрэць вас. Бо інакш як бы я вас спаткала?

Вось вам і найвялікшая мудрасць, якая ў жыцці аказваецца такой простай. А мы так часта ламаем галаву, чаму Пан Бог дапускае цярпенні на свеце? Бабуля ж зразумела гэта праз свае раны.

Што гэта за хвароба – трафічная язва, я няблага ўяўляю, бо на яе хварэў мой бацька. Не адзін раз за ноч перавязваў ён хворую нагу, не могучы трываць боль. І цяпер я з жахам думаю, а што б гэта было, калі б ён сам не мог гэтага зрабіць, як не могуць перавязваць свае раны некаторыя хворыя, якім робяць перавязкі сёстры? Можна толькі ўявіць, як чакаюць іх гэтыя хворыя!.. Па тры разы на тыдзень наведваюць іх сёстры, а яны ж жывуць у розных вёсках... Часам гэтыя вёскі аддаленыя ад райцэнтра на 20–30, а то і больш кіламетраў: Крупчына, Лакетчына, Галі, Мішкавічы, Надзежына, Забор’е... У гэтых і іншых вёсках жывуць людзі, якія з надзеяй выглядаюць у вокны і цярпліва чакаюць прыезду тых, хто так адважна і прыгожа ўвайшоў у іхняе жыццё ды ўзяў на сябе часцінку ягонага цяжару й болю.

 
Бог любіць іх

Гэтыя словы маглі б падацца здзекам, калі б не вера. А можа, і каб не ўспамін пра зусім нядаўняе яшчэ вялікае цярпенне аднаго чалавека на вачах усяго свету – Яна Паўла ІІ. Неяк адна хворая сказала мне, што ёй робіцца лягчэй, калі яна думае пра цярпенні Намесніка святога Пятра. А ён сваім прыкладам вучыў хворых не марнаваць сваіх цярпенняў. Пасля аднаго свайго чарговага побыту ў шпіталі ён сказаў карэспандэнтам: «Над сям’ёй навісла небяспека… Таму і Папа мусіць цярпець, каб падрыхтаваць будучыню, трэцяе тысячагоддзе сем’яў, кожнай сям’і і ўсіх сем’яў... Мне застаецца аргумент цярпення... Зразумейце, чаму Папа зноў быў у шпіталі, чаму зноў цярпеў. Зразумейце гэта, падумайце над гэтым яшчэ раз!».

Ці не такое ж самае вымярэнне маюць цярпенні нашых адзінокіх, хворых, абяздоленых людзей, у якіх некалі былі свае сем’і, блізкія і родныя людзі, для якіх яны жылі і працавалі? А цяпер? Ці не для тых самых людзей яны церпяць?

Сястра Барбара кажа:

– Самая галоўная наша мэта – данесці ім, што Бог іх любіць. Няма найважнейшай задачы. Вядома, уклад іх жыцця ад гэтага не зменіцца, але жыццё гэтае ўжо будзе зусім іншае: яно набудзе вялікі сэнс.

 
Ці варта разлічваць на падзяку?

Не. Як гэта ні парадаксальна, але найвялікшы сэнс хрысціянскай міласэрнасці здзяйсняецца менавіта тады, калі чалавек робіць дабро іншаму і не разлічвае на падзяку.

– Гэта мы павінны быць удзячныя нашым хворым за тое, – кажа сястра Барбара, – што яны даюць нам магчымасць тварыць дабро. Праз іх мы служым Езусу Хрысту і тым самым зарабляем сабе шчаслівую вечнасць. Святы Вінцэнт дэ Поль вучыў, што мы павінны служыць іншым пакорліва, проста і з любоўю.

І. Студзеньская