Далёка не кожнаму дадзена дажыць да гэткага веку, а яна дажыла. Парафіянка касцёла святога Юзафа ў Оршы пані Аліна Пшыгоцкая-Драздовіч адзначыла свой 100-гадовы юбілей.

 
Нядаўна тое было…

Сядзім з пані Алінай у яе ўтульным пакойчыку і паціху размаўляем. За сцяной кіпіць жыццё: там дачка Станіслава з зяцем Мікалаем збіраюць на стол. У хаце – вялікае свята, 100-гадовы юбілей. Падзея, вядома, значная не толькі для гэтай сям’і, але і для ўсёй аршанскай парафіі, ды і для ўсёй Оршы і нават не толькі для яе. Пакуль збяруцца госці, мы размаўляем з віноўніцай урачыстасці, жартуем, і я неўпрыкмет для сябе пачынаю забываць пра шаноўны, такі рэдкі ўзрост пані Аліны. Спахопліваюся, калі, перапытваючы пра штосьці, чую ад пані Аліны:

– А нядаўна тое было, адразу пасля вайны...

 
А што ж было даўно?

Гора. Бо, пражыўшы такое доўгае жыццё на нашай спакутаванай зямлі, чалавек проста не мог з ім размінуцца.

Але напачатку было ціхае, шчаслівае дзяцінства ды юнацтва ў бацькоўскім доме. Сямёра дзяцей жыло ў дружнай, працавітай сям’і Юзафа Пшыгоцкага, Аліна – самая старэйшая. Але прыйшлі Саветы і неўзабаве прыкмецілі, што надта ж ужо заможна жыве гэты Пшыгоцкі са сваёй сям’ёй. І настаў дзень, калі ў дом прыйшлі людзі ў форме…

 
Замуж ішла – слёзы ліла

Падобныя словы з многіх народных песняў нібыта сапраўды пра яе, Аліну Пшыгоцкую. Бо за дзень да таго, калі ў іх дом павінны былі прыйсці энкавэдзісты, паслухалася яна бацькавай парады ды пабегла да Драздовічаў, чыйго сына бацька раней наймаў на лета ў падпаскі. Прыбегла са слязьмі: «Вазьміце мяне служанкай, усё рабіць згодная, але каб толькі дазволілі распісацца з вашым Юзікам, быццам муж і жонка мы. Каб выратавацца мне, бо нас хочуць выслаць». Юзікава маці адказала: «Калі згодная стаць яму сапраўднай жонкай – возьмем цябе ў нашу хату, а дзеля чужога вока не згодныя мы».

– І што было мне рабіць? – пытаецца невядома ў каго пані Аліна ў дзень свайго 100-гадовага юбілею. – Згадзілася я… Распісвалася, памятаю, а слёзы з вачэй руччом ліліся.

Хлопец той аказаўся добрым, сумленным чалавекам, ніколі не папракнуў, што сама яна набілася яму ў жонкі, але заўсёды шанаваў ды працаваў дзеля сям’і. Жылі, працавалі, дзяцей нараджалі ды гадавалі. Пакуль не пастукалася новая бяда.

 
Раскіданае гняздо

Час ад часу людзі з мясцовых органаў пыталіся ў мужа, як так атрымалася, што ён, бядняк Юзаф Драздовіч, ажаніўся з былой кулачкай з Пшыгоцкіх? Тлумачыў ім, што пакахалі яны, маўляў, адно аднаго яшчэ да тых падзей, вось і пажаніліся. Не верылі. Яны ажно пяцёра дзяцей ужо нажылі, а ўлада ўсё не магла супакоіцца. І аднае начы заявіліся да іх людзі ў форме… Не паглядзелі, не пашкадавалі дзяцей (старэйшаму было тады 7 гадкоў, найменшаму – 6 месяцаў), але забралі кармільца, а яе з пецярымі дзецьмі выгналі з дома пры чыгуначнай станцыі, у якім яны жылі, ды адвезлі ў незнаёмую вёску Сідэршчына, што на Талочыншчыне. Так і засталася яна галасіць на тым мосце: хочаш – у рэчку галавой уніз кідайся, а не – дык выжывай. Калі сумееш. Двое сутак пражылі яны тады пад адкрытым небам, хаваючы ад сцюдзёнага дажджу шасцімесячнага Эдзіка пад начоўкамі.

У дзень 100-гадовага юбілею сваёй маці сын Эдуард, які і сам ужо мае дарослых дзяцей ды некалькі гарэзлівых унукаў, не змог стрымаць слёз, распавядаючы пра тыя дні.

 
Яны скакалі па нашым хлебе...

На ўсё жыццё пані Аліна запамятала, як у той дзень, калі яе сям’ю (бацькоў ды сясцёр з братамі) выганялі з хаты, у іх хаце быў рашчынены хлеб. Але ў той дзень сям’я засталася без хлеба. І без хаты. Без шчасця. Іх ціхае шчасце раструшчылі боты азвярэлага энкавэдзіста, якія тапталіся па... рошчыне, вывернутай з дзяжы проста на зямлю. Бязбожнікі проста не прыдумалі, як інакш выказаць сваю шалёную злосць. «Вот вам хлеб!» – люта гарлаў энкавэдзіст на ўмольнае матчына: «Куды ж нам без хлеба? У нас хлеб у дзяжы рашчынены!». «Вот вам хлеб!».

У 100-гадовы юбілей пані Аліны яе ўнучка Алена казала, што яна на ўсё жыццё запамятала бабулін расказ пра той дзікунскі танец на іх хлебе ды бабуліны пераканаўчыя, моцныя словы, што сталі для яе найвышэйшай праўдай: «Дзе цяпер тыя, што танцавалі на нашым хлебе? А мы жывем. Бо мы з Богам жывем».

 
Заўсёды з Богам

Яна ўмела жыць з Богам. Тады, калі яшчэ дзяўчынкай шчасна прачыналася ў залітай сонцам бацькоўскай хаце, тады, калі пралівала гаротныя слёзы разлукі з блізкімі людзьмі, калі бязбожнікі балючым вадзяным струменем выганялі вернікаў з іх касцёла, каб зачыніць яго, тады, калі пры алтарыку ў сваёй хаце малілася з суседкамі ў дзень святога Антонія, а мясцовыя камуністы стаялі пры парозе, бо прыйшлі іх разагнаць. Яна верыла ў Божую ласку і тады, калі цяжка працавала калгаснай даяркай, употайкі адпойваючы сырадоем сваіх схуднелых – скура ды косткі – дзяцей, калі яе, перадавую звеннявую па ільну, ушаноўвалі чарговай узнагародай Савецкай улады, калі з выгадаванымі калгаснымі парасятамі трапіла ажно на ВДНГ у Маскву, калі стала старшынёй калгаса, калі яе на нейкі час разбіў злавесны параліч, калі 20 гадоў таму пераехала дажываць век да сваёй дачкі Станіславы ў Оршу. Заўсёды гэтая мужная і мудрая жанчына ўмела жыць з Богам у сэрцы.

Нядаўна я прачытала ў запісках Паўла Севярынца з Малога Сітна пра старую бабульку, з якой ён, малады чалавек, вырашыў пагаварыць пра Бога.

«Бог ёсць, мы не проціў, але мы ў Яго не верым. Бо як камуністы былі, дык казалі, што Яго няма», – пачуў ён.

Напэўна, моцна здзівілася б тая кабета, калі б даведалася, як пані Аліна Драздовіч ездзіла хрысціць сваіх дзяцей з Сідэршчыны ажно ў Вострую Браму альбо ў Баранавічы, як дзеля гэтага не лічылася ні з часам, ні з высілкамі, ні з небяспекай. Такія вось розныя людзі…

 
Святая Імша ў яе доме У дзень юбілею пробашч аршанскай парафіі святога Юзафа Часлаў Курэчка прыехаў павіншаваць сваю шаноўную парафіянку ды адправіць святую Імшу, на якой разам маліліся дзеці пані Аліны, унукі ды праўнукі. Дарэчы, два яе праўнукі служаць міністрантамі ў касцёле, надзелі яны белыя комжы ды сталі пры алтары і на той Імшы. У казанні расчулены ксёндз Часлаў сказаў, што калі ён наведвае пані Аліну, гутарыць з ёю, то адчувае сябе так, нібы пабыў на рэкалекцыях.

 
Што пастаўлена, тое і благаслаўлена...

Такімі словамі пані Аліна зазвычай запрашае гасцей частавацца. У той дзень іх было шмат: з Ляхавічаў прыехаў сын Эдуард з жонкай, з Баранавічаў – унук Віктар з жонкаю ды дзецьмі, прыйшлі аршанскія ўнукі ды праўнукі. Пані Аліна мае 7 унукаў і 12 праўнукаў.

На распачацце гасціны зяць Мікалай Іосіфавіч коратка расказаў пра нялёгкае жыццё пані Аліны, у якім было так шмат гора.

– Але ж было і шчасце, – моцна, з націскам казала пазней юбілярка: – Дзяцей гадавала, унукаў ды праўнукаў дачакала. Вось і шчасце!

– Ешце, дарагія мае, частуйцеся, – запрашала пані Аліна. – Што пастаўлена, тое і благаслаўлена.

 
За ўсё – дзякую Богу!

– ...О-о-о, жыццё пражыць – не поле перайсці... – прымружвае пані Аліна вочы і глядзіць проста перад сабою кудысьці ўдаль, у сваё даўняе, перажытае. Потым яна спахопліваецца і павучальна тлумачыць мне: – Калі чалавек нараджаецца, то разам з ім нараджаецца таксама і ягоны лёс. І ўвесь сакрэт жыцця ў тым утоены, ці здолееш ты жыць у згодзе са сваім лёсам. Сумееш – будзеш шчасліваю, нягледзячы ні на што, а не…

Пані Аліна зноў замаўкае і зноў думае пра сваё, толькі ёй вядомае, пра тое, як яна жыла-перажывала свой лёс, такі нялёгкі й няпросты. Пазней спахопліваецца, быццам атрасае тое даўняе, і зноў вяртаецца да сённяшняга дня:

– 100 гадкоў пражыла, прабыла на гэтым свеце – за ўсё дзякую Богу!

Ірына Жарнасек.
Фота Віктара Драздовіча.