Верніку, нават і самаму сталаму, падчас бывае няпроста зарыентавацца ў кангрэгацыйнай прыналежнасці той ці іншай духоўнай асобы. Не хапае досведу, ведаў з гісторыі Касцёла, а то і проста звычкі пагартаць неабходную літаратуру. «А гэта што за ордэн? А гэта?» – нярэдка чуем падчас набажэнстваў з вуснаў парафіянаў, уражаных размаітасцю крою вопраткі святароў і сёстраў законных. Пра веды аб дзейнасці ордэна ці супольнасці і казаць не даводзіцца. Яны калі і ёсць, то, як правіла, сумбурныя, абрывістыя і датычаць у першую чаргу тых асобаў, што непасрэдна апякуюцца парафіяй.

Менавіта такі прабел у сваіх рэлігійных ведах маглі ліквідаваць на пачатку новага года католікі чатырох віцебскіх і прылеглых – шумілінскай, гарадоцкай, лёзненскай – парафій падчас візіту прадстаўніц Ордэна Сясцёр Місіянерак Святой Сям’і з Баранавічаў. Візіт адбыўся па запрашэнні біскупа дыяцэзіі Уладзіслава Бліна з нагоды 100-гадовага юбілею ордэна. Узначальвала яго настаяцельніца Усходняй Дэлегатуры кангрэгацыі (яна ахоплівае Беларусь, Літву, Расію, налічвае 48 асобаў) сястра Фабіяна. Сёстры наведаліся ў Віцебск пасля нядоўгага прабывання ў парафіі Імя Марыі ў Параф’янаве Докшыцкага раёна, дзе ладзілі выставу ўласных твораў жывапісу і дзе дапамагаюць у працы пробашчу менавіта сёстры гэтага ордэна – Люцыя, Марына, Зэлія. Тыя ж густоўна выкананыя і аздобленыя творы яны прывезлі і ў Віцебск, і ўжо да пачатку святой Імшы, якая адбылася ўвечары ў катэдральным касцёле святой Барбары, католікі горада мелі магчымасць пазнаёміцца з імі.

Пасля супольнай святой Імшы, якую цэлебраваў ардынарый дыяцэзіі Уладзіслаў Блін, госці пазнаёмілі прысутных з гісторыяй стварэння ордэна, з яго дзейнасцю ў Польшчы, Расіі, Кеніі, Замбіі, іншых краінах свету. Моладзь баранавіцкай парафіі Маці Божай Фацімскай, якая прыехала разам з сёстрамі, прадэманстравала сцэнічнае майстэрства ў спектаклі, прысвечаным жыццю і дзейнасці яго стваральніцы благаславёнай Баляславы Лямэнт. Цікава прагучалі сведчанні сясцёр місіянерак пра выпадкі яе заступніцтва перад Богам за людзей, якія маюць у гэтым патрэбу і звяртаюцца з такою просьбаю ў малітве. Вернікі мелі таксама шчаслівую магчымасць дакрануцца вуснамі да прывезеных гасцямі рэліквіяў святой Баляславы Лямэнт.

У сустрэчы, якая адбывалася ў цёплай атмасферы і прадоўжылася за гарбатаю ў капліцы, удзельнічалі ксёндз пралат Міраслаў Скачылас, пробашч катэдральнага касцёла святой Барбары а. Міхал Ермашкевіч, дзекан Віцебскага дзеканата кс. Адам Дынак, іншыя святары, а таксама законныя сёстры. Сястра Фабіяна сардэчна падзякавала гаспадарам за гасціннасць і магчымасць супольнай малітвы ў гонар юбілею ордэна, выказала надзею на далейшае плённае супрацоўніцтва сясцёр місіянерак з вернікамі і духоўнымі асобамі Віцебскай дыяцэзіі.

Францішак Дубраўскі