Хто хоць аднойчы сутыкаўся з працаю над звесткамі з гісторыі Касцёла ў нашай краіне, асабліва ва ўсходніх яе рэгіёнах, ведае, які гэта няпросты і карпатлівы занятак. «Белыя плямы» ў храналогіі падзей, блытаніна ў найменнях, прозвішчах, назвах мясцовасцяў — усе гэтыя выдаткі занядбання памяці не толькі ўскладняюць пошук, але і ствараюць прэцэдэнт іх паўтору, ненаўмыснага тыражавання ў новых публікацыях. Таму такім важным падаецца кожны крок у кірунку іх ліквідацыі і сістэматызацыі тых разрозненых, раскіданых па розных крыніцах матэрыялаў, што яшчэ ў нейкай ступені, хоць бы часткова, могуць наблізіць чытача да гістарычнае праўды. Вось менавіта гэткі крок зрабіла сёлета творчая група ў складзе А. Белага, І Зямчонка, Л. Ульскага і В. Явіда, выдаўшы кніжку «Святы Казімір у Паазер’і».

Выданне прымеркавана да 400-годдзя каталіцтва на Лепельшчыне і ўключае ў сябе звесткі з гісторыі лепельскага касцёла святога Казіміра, а таксама касцёлаў Лепельскага дэканата, такіх, напрыклад, як касцёлы ў Уле, Загацці, Бешанковічах і інш. Знойдзе чытач у кнізе і даволі грунтоўнае апісанне варункаў іх аднаўлення і сённяшняй дзейнасці.

Зацікавіць вернікаў ды і ўсіх неабыякавых да сваёй гістарычнай спадчыны раздзел «Нашы касцёлы» паводле кс. Язафата Жыскара (арыгінал працы выдадзены ў 1914 годзе). У раздзеле «Дадаткі» аўтарскі калектыў знаёміць чытача з іранічным творам пісьменніка Ігната Ходзькі «Соймікавая сесія» (яна адбывалася ў касцёле ва Ушачах на пачатку 1780 года). Парупіліся гісторыкі ды краязнаўцы і пра даступнасць тэкстаў, змясціўшы на асобных старонках выдання тлумачэнні да іх, пераклады фразаў з лаціны, спісы выкарыстаных крыніцаў.

Кніжка прысвеча дзекану Лепельскага дэканата кс. Мечыславу Янчышыну, які вельмі шмат зрабіў для адраджэння веры ў рэгіёне. Выдаўцы кнігі просяць дасылаць на іх адрас 220050, г. Мінск-50, а/с 283 звесткі з жыцця касцёлаў Беларусі, якія, магчыма, увойдуць у новыя выданні падобнага кшталту.

Францішак Дубраўскі