Пад такім дэвізам у калядныя дні адбыўся ў Маскве ІІІ Міжнародны фестываль маладзёжных хрысціянскіх хораў, адным з удзельнікаў якога пашчасціла быць у якасці прадстаўніка нашай краіны хору «Hosanna» віцебскага катэдральнага касцёла святой Барбары. Галоўнаю мэтаю прадстаўнічага форуму з’яўлялася дэманстрацыя яднання ў Богу праз пазнанне багацця традыцый розных Цэркваў ва ўмовах глабальнага падзелу свету і адчужэння людзей. У фестывалі бралі ўдзел хор праваслаўнай царквы св. Яна Хрысціцеля (г. Санкт-Пецярбург), рыма-каталіцкага касцёла св. Георгія Велікамучаніка і Францішка Асізскага (г. Калуга), камерны маладзёжны хор хрысціянаў-баптыстаў «Для Цябе» (г. Масква), іншыя калектывы.

Адметнасцю форуму былі сумесныя спевы паводле агульнай праграмы, у якую ўвайшлі творы, прапанаваныя кожным з калектываў, а яго арганізатарам і натхніцелем стаў малады музыкант, праваслаўны, выхаваны на традыцыях супольнасці Тэзэ, Міхал Чарняк. Дзякуючы яму падчас фестывалю і ў яго кулуарах панавала атмасфера даверу і адзінства ў імя праслаўлення Бога. Вельмі спрыялі, дарэчы, наладжванню такой атмасферы сумесныя рэпетыцыі калектываў у Цэрквах розных канфесій, а таксама арганізаваныя ў межах культурнай праграмы вандроўкі па горадзе.

Галоўны канцэрт фестывалю адбыўся ў канцэртнай зале атэля «Космас». Адмысловыя калядныя дэкарацыі, добразычлівасць публікі і, вядома ж, цудоўныя спевы зрабілі яго прыгожым і незабыўным. Прыемна было бачыць, як уся зала разам з нашым хорам спявала «Ой, радуйся, зямля, Сын Божы нарадзіўся!». Велічна і хораша прагучаў напрыканцы праграмы нашага выступлення спеў «Магутны Божа» на музыку Міколы Равенскага і словы Наталлі Арсенневай.

Калі сапраўды думаць пра Бога ды як след славіць Яго, наўрад ці застанецца час і жаданне шукаць падставы для міжканфесійных непаразуменняў – гэта была галоўная выснова, з якою кожны з нас вяртаўся дадому.

P. S. Падрабязней пра фестываль
можна даведацца на сайце хору
«Hosanna»: www.hosanna.msk.ru

Таццяна Дарафеева,
Віцебск.