На пачатку года ў Мёрах, што на Віцебшчыне, прайшоў чарговы, пяты па ліку фестываль каляднай песні «Зорка Бэтлеему». Якія ён пакінуў пасля сябе ўспаміны?

Памятаю, пяць гадоў таму на першым такім фестывалі ў Мёрах я думала пра тое, што гэта даволі нязручна – арганізоўваць імпрэзы такога кшталту зімою, калі холадна, няўтульна, складана дабірацца на фестываль удзельнікам, не надта лёгка і праводзіць яго, не могучы разлічваць на пляцоўку пад адкрытым небам, на прыродзе. Ды час паказаў, што ўсе гэтыя нязручнасці маладыя хлопцы і дзяўчаты перамагаюць даволі лёгка і прыгожа. Больш за тое, за гэтыя пяць гадоў фестываль не толькі не збавіў маладога запалу, але, як выдае, набраўся моцы. Найбольш гэта праявілася сёлета ў творчасці маладых спевакоў і музыкаў. Уразіла тое, як шмат хлопцы і дзяўчаты стварылі новых самастойных твораў. Гэта сведчыць найперш пра сур’ёзнаcць іх падрыхтоўкі да фестывалю. З некаторых парафій Віцебшчыны прыехала па некалькі калектываў, якія выступілі ў розных узроставых групах.

Па-сапраўднаму парадавалі гледачоў артысты з Лынтупаў, Паставаў, Глыбокага, Мосара, Ушачаў, Шаркаўшчыны, Друі, Расонаў, Наваполацка і, вядома ж, як заўсёды, на вышыні былі гаспадары фестывалю – творчыя калектывы і асобныя выканаўцы з Мёраў. Прыемна ўразіў сваёй праграмай калектыў з Ахрэмаўцаў (Браслаўшчына). Даволі ўдала выступілі дэбютанты фестывалю – прадстаўнікі парафій з Блізніцы, Пагошчы і інш.

Хрысціянская культура на Беларусі развіваецца даволі імпэтна. Часта мы задаем сабе пытанні:«Якой яна павінна быць? Па якім шляху яна мае пайсці?».

Мы ўсе разумеем, што перарваныя традыцыі нанеслі вялікую шкоду нашай хрысціянскай нацыянальнай культуры. Але калі ўвесь час толькі бедаваць ды пералічваць страты і згубленыя магчымасці, то ёсць небяспека так і завязнуць у гэтай бядоце. А тым часам жыццё не стаіць на месцы і разам з ім развіваецца культура. Дык якой павінна быць хрысціянская культура ХХІ стагоддзя? Бясспрэчна адно: разнапланавай, шматжанравай, у якой хапіла б месца і традыцыі, і наватарству. Вельмі не хацелася б, каб яна пайшла па найлягчэйшым шляху масавай поп-культуры, разлічанай на непатрабавальнага слухача і гледача. Такая, з дазволу сказаць, культура, што вельмі часта мяжуе з элементарнай безгустоўшчынай і бескультур’ем, ліецца на нашыя галовы штодня з тэлевізара, з магнітафонных запісаў у грамадскім транспарце, на масавых гуляннях. Аблегчаны, так бы мовіць, варыянт, які не пакідае па сабе глыбокіх пачуццяў, суперажыванняў, эстэтычнай асалоды.

Ці існуе гэткая ж небяспека і для хрысціянскай культуры? На жаль, так. Ды і як яе можа не быць, калі мы, хрысціяне, жывем у гэтым свеце, з’яўляемся ягонай часткай, штодня сутыкаемся з ягонымі каштоўнасцямі, а яшчэ больш – з ягонымі пасткамі. І почасту тыя пасткі расстаўленыя менавіта на нас, на тых, хто жыве па больш патрабавальнай шкале каштоўнасцяў. Але ці мае права хрысціянін паддавацца на спакусу лёгкага шляху ў чым бы там ні было – у працы, творчасці, удзеле ў грамадскім і палітычным жыцці сваёй краіны? Вядома, лягчэй адмахнуцца і сказаць, што я – як і ўсе, як і большасць. Але ж сказана ў Евангеллі пра шырокую і вузкую браму. Наўрад ці можа большасць уціснуцца ў вузкую браму. Даводзіцца выбіраць. А выбару, калі задумацца, то і няма, бо ён зроблены нашмат раней, тады, калі мы выбралі Хрыста, а значыць і Яго шкалу каштоўнасцяў.

На фестывалі ў Мёрах парадаваў сумленны падыход большасці ўдзельнікаў да таго, што яны робяць у культуры. Адна з удзельніцаў так і сказала:«Ад нас, моладзі, залежыць будучыня Беларусі, нашай Бацькаўшчыны». Словам, так трымаць!

А чаго, як на маю думку, яшчэ малавата на фестывалі «Зорка Бэтлеему»? Хацелася б больш іскрыстага каляднага настрою, які магчыма перадаць праз творчы падыход у афармленні залы, праз касцюмы артыстаў, тэатралізацыю асобных нумароў і проста – добрым, зычлівым настроем. Усё гэта прыйдзе, калі толькі не апускаць ужо даволі высока ўзнятай планкі фестывалю. Дык да новых сустрэчаў у Мёрах! Няхай Зорка Бэтлеему асвятляе шлях артыстам, гледачам, журы і, вядома ж, гаспадарам фестывалю, на чые плечы штогод зімою ўскладаецца немалы клопат. Але ж гэта клопат радасны, бо ён нясе сапраўдную радасць іншым.

Ірэна Задарожная.
Фота аўтара.