У цудоўны зімовы дзень 10 снежня 2005 г. у мінскай архікатэдры Імя Найсвяцейшай Панны Марыі адзначалася вялікая і радасная падзея, якая азнаменавала завяршэнне значнага этапа ў адраджэнні галоўнай каталіцкай святыні Беларусі. Праз сем гадоў з дня ўрачыстай рэкансэкрацыі мінскай архікатэдры ў галоўнай святыні нашай краіны быў асвечаны галоўны алтар, нанава збудаваны замест разбуранага ў гады ваяўнічага атэізму. Былі таксама асвечаныя новыя арганы і каранаваны залатою каронаю абраз Марыі Беззаганна Зачатай, які заняў сваё пачэснае месца ў галоўным алтары.

Урачыстую святую Імшу цэлебраваў арцыбіскуп Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі кардынал Казімір Свёнтэк разам з усімі беларускімі біскупамі, Апостальскім нунцыем у Беларусі Марцінам Відавічам, прадстаўніком епіскапату Аўстрыі біскупам дыяцэзіі Грац – Сэкау Эганам Капеляры і шматлікімі святарамі з розных дыяцэзій нашай краіны. Распачынаючы Імшу, кардынал Казімір Свёнтэк прывітаў усіх удзельнікаў урачыстасці, сярод якіх былі прадстаўнік

Беларускага Экзархата братняй Праваслаўнай Царквы, Старшыня Камітэта па справах рэлігій і нацыянальнасцяў пры Савеце Міністраў Рэспублікі Беларусь С. І. Буко, іншыя прадстаўнікі дзяржаўнай улады, а таксама кіраўнікі і супрацоўнікі дыпламатычных прадстаўніцтваў у Рэспубліцы Беларусь. Затым іерарх Касцёла абвясціў малітоўную інтэнцыю: «У сённяшнім урачыстым набажэнстве мы асабліва будзем маліцца за дабрадзеяў і ахвярадаўцаў, а таксама за ўсіх, хто сваёю адданаю працаю прычыніўся да аднаўлення гэтай святыні».

На пачатку ўрачыстасці былі асвечаны інсталяваныя на хорах святыні арганы, пабудаваныя аўстрыйскай фірмай «Pflüger Orgelbau» — дар епіскапату Аўстрыі. Праз здзейсненае кардыналам Казімірам Свёнткам асвячэнне, якое складалася з малітвы благаслаўлення, акраплення асвечанаю вадою і акаджэння, арганы былі прызначаныя для выкарыстання ў святой літургіі. Яны ўпершыню загучалі падчас гэтай урачыстай Імшы, што суправаджалася музыкай вялікага суайчынніка шчодрых ахвярадаўцаў Вольфганга Амадэя Моцарта ў выкананні салістаў і Вялікага хору мінскага архікатэдральнага касцёла пад кіраўніцтвам дацэнта Беларускай акадэміі музыкі Уладзіміра Неўдаха, галоўнага арганіста архікатэдры. Некалькі твораў прагучала ў выкананні святара катэдры ў Грацы (Аўстрыя) доктара Ёгана Трумэра.

Пасля гаміліі кардынала Казіміра Свёнтка, у якой ён распавёў пра гісторыю і адраджэнне мінскай архікатэдры, сакратар Апостальскай Нунцыятуры ў Мінску ксёндз пралат Ежы Цудны прачытаў спецыяльны дакумент прадстаўніка Святога Пасаду Апостальскага нунцыя ў Беларусі Марціна Відавіча з выразам волі Папы Яна Паўла ІІ укаранаваць падараваны ім мінскай архікатэдры абраз Марыі Беззаганна Зачатай. Калі ліст быў прачытаны, адбыўся найбольш велічны абрад урачыстасці — асвячэнне залатой кароны, зробленай за кошт ахвяраванняў вернікаў архікатэдральнай парафіі, і каранацыя абраза. Каранацыя абразоў як праява пашаны да Найсвяцейшай Панны Марыі бярэ пачатак у людской пабожнасці, якая развівалася з самага пачатку існавання Касцёла. Панна Марыя, пакорная Слуга Пана, Маці Езуса Хрыста — Сына Божага — стоячы пад крыжам, стала Саўдзельніцаю Яго справы збаўлення і адкуплення чалавецтва. Узятая з душою і целам у неба, з рук свайго Боскага Сына — Валадара Сусвету — Яна прымае карону вечнай хвалы і тытул Каралевы без граху першародна га зачатай і ўнебаўзятай. Каранацыя мінскага абраза стала знакам даручэння Касцёла ў Беларусі і ўсяго нашага народа Матчынай апецы Святой Багародзіцы, а таксама выразам падзякі Найсвяцейшай Панне Марыі ад імя ўсяго Касцёла і асабліва ад імя беларускіх каталікоў за захаваны праз Яе заступніцтва скарб веры, які не ўдалося знішчыць ворагам Хрыста за доўгія гады пераследу.

На пачатку Эўхарыстычнай літургіі адбылося асвячэнне новазбудаванага галоўнага алтара, а на заканчэнне святой Імшы да ўдзельнікаў урачыстасці прамовіў Старшыня Камітэта па справах рэлігій і нацыянальнасцяў пры Савеце Міністраў Рэспублікі Беларусь С. І. Буко, які зачытаў зварот да іерархаў Касцёла і вернікаў. Потым сваімі ўспамінамі пра рэстаўрацыю катэдры падзяліўся кіраўнік працаў архітэктар Віктар Вільк, пасля чаго прадстаўніца архікатэдральнай парафіі падзякавала кардыналу Свёнтку за ўсё, што ён зрабіў для святыні і ўсяго Касцёла ў Беларусі.

На заканчэнне кардынал Казімір Свёнтэк выказаў сваю ўдзячнасць усім прысутным і, у прыватнасці, сказаў: «Асаблівую падзяку ад імя мінскай архікатэдральнай парафіі і ўсяго Касцёла ў Беларусі я скіроўваю Святому Айцу Яну Паўлу ІІ, які — я ўпэўнены — глядзіць на нас з дому Нябеснага Айца і падзяляе з намі гэтую вялікую радасць. Няхай падараваны і асвечаны Вялікім Папам абраз Імя Марыі Беззаганна Зачатай будзе для Касцёла ў Беларусі і ўсяго нашага народа бачным знакам няспыннай апекі Найсвяцейшай Багародзіцы». Словы падзякі іерарха былі адрасаваныя Прэзідэнту Рэспублікі Беларусь Аляксандру Лукашэнку, прадстаўнікам дзяржаўных уладаў і арганізацый за дапамогу ў аднаўленні роспісаў у цэнтральнай наве, а таксама епіскапату Аўстрыі і ўсім ахвярадаўцам за падараваныя арганы. Кардынал сказаў вялікі дзякуй усім архітэктарам, мастакам, рэстаўратарам, будаўнікам, парафіянам і ўсім тым, хто сваёю адданаю працаю, ахвяраваннямі і малітвамі паспрыяў адраджэнню галоўнай каталіцкай святыні Беларусі — мінскай архікатэдры.


Рэд.