Вельмі адметны і вельмі шчодры на Божыя ласкі быў мінулы Адвэнт для парафіянаў мінскага архікатэдральнага касцёла Імя Найсвяцейшай Панны Марыі. 10 снежня тут адбылася надзвычайная падзея, якой вернікі чакалі з заміраннем сэрца, а менавіта – асвячэнне рэканструяванага галоўнага алтара святыні і цудоўных арганаў, а таксама каранацыя абраза Марыі Беззаганна Зачатай, падараванага і асвечанага спецыяльна для Мінскай архікатэдры Слугою Божым Папам Янам Паўлам ІІ.

На наступны дзень пасля ўрачыстасці ў адноўленай святыні адправіў сваю прыміцыйную святую Імшу новапрэзбітэр ксёндз Славамір Самковіч. Адметна, што гэта дзесяты святар, якога Бог паклікаў з мосарскай парафіі, дзе пробашчам служыць ксёндз пралат Юзаф Булька. Першым ксяндзом з тых мясцінаў быў Антоній Клімантовіч, цяперашні пробашч мінскай архікатэдры і дзекан мінскага дэканата. Потым святарскія пасвячэнні атрымалі Дзмітрый Барыла, Ян Крэміс, Алег Мурзіч, Аляксандр Барыла, Аляксей Раманчук, Андрэй Яркавец, Андрэй Сіповіч, Пётр Пятрага.

Дзякуй Богу, крыніца святарскіх пакліканняў з прыгожых мясцінаў Мосара не перапыняецца: на службе ў Бога працуе ўжо новае пакаленне, пакаленне 80-х гадоў.

Славамір Самковіч нарадзіўся ў 1981 годзе ў в. Казлоўшчына, што недалёка ад Мосара. З маленства, а дакладней, з трох гадоў ён пастаянна наведваў з бацькамі і бабуляй касцёл. У 1991 годзе прыняў Першую святую Камунію, пачаў служыць міністрантам. Пасля заканчэння сярэдняй школы, у 1999 годзе, паступіў у Гродзенскую духоўную семінарыю. 12 лістапада 2005 года ў касцёле г. Варапаева з рук дапаможнага біскупа Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Антонія Дзям’янкі і ў прысутнасці біскупа Віцебскай дыяцэзіі Уладзіслава Бліна прыняў святарскае пасвячэнне. Быў прызначаны на працу ў г. Чашнікі пад кіраўніцтва ксяндза пралата Мечыслава Янчышына, які з’яўляецца пробашчам парафіі ў Новалукомлі.

Ксёндз Славамір вельмі ўдзячны свайму духоўнаму настаўніку ксяндзу пралату Юзафу Бульку, які, па словах новапрэзбітэра, валодае надзвычайным дарам адкрыцця святарскіх пакліканняў.

Значную ролю ў лёсе кс. Славаміра адыграў таксама кс. Ян Крэміс, віцэ-рэктар Вышэйшай духоўнай семінарыі ў Пінску, які асаблівым чынам духоўна апякуецца сваім маладым земляком. Гэтая апека адчувалася і падчас Прыміцыйнай святой Імшы новапрэзбітэра, на якой кс. Ян прамовіў гамілію. Пранікнёна-пераканаўча ён гаварыў пра святарскае пакліканне, пра асаблівую місію святара, звязаўшы свае словы з евангельскім чытаннем пра місію св. Яна Хрысціцеля. Пазней кс. Славамір прызнаўся, што яму пакуль складана прамаўляць да вялікай незнаёмай аўдыторыі і быў вельмі ўдзячны за дапамогу свайму старэйшаму сябру ў святарстве.

У канцы святой Імшы новапрэзбітэр удзяліў усім вернікам асаблівае святарскае благаславенне. На прыгожым абразку, які ён падараваў кожнаму, напісана: «Моцаю Хрыстовага святарства з сэрца благаслаўляе і просіць аб малітве кс. Славамір Самковіч». Акрыўшы свае сэрцы на гэтае благаславенне, не забудзьма ж і аб малітве за кс. Славаміра і за ўсіх нашых святароў, а таксама за новыя пакліканні на гэтую святую пачэсную справу.

Галіна Калевіч.
Фота кс. А. Клімантовіча.