У мінскім тэрытарыяльным цэнтры для інвалідаў і састарэлых людзей альбо, як яго проста называюць, доме састарэлых, жыве каля 250 чалавек. Гэта і маладыя інваліды-калясачнікі, і адзінокія пенсіянеры, сярод якіх нямала ляжачых хворых. Часта пры жывых дзецях і ўнуках, яны застаюцца пакінутымі, нікому не патрэбнымі. Але многія ўдзячны лёсу за гэты прытулак, бо невядома, што было б без яго.

Марыя Вікенцьеўна Яцэвіч, напрыклад, сама калісьці пайшла ў райсабес прасіць паратунку. Пусціла да сябе ў кватэру ўнучку з дзіцём, калі тая разышлася з мужам. Маладая жанчына хутка прывяла ў бабуліну аднапакаёўку новага «абранніка». П’янкі, гулянкі, а потым дайшло і да таго, што пачалі падымаць руку на старую. Аднойчы, калі трапіла ад пабояў у бальніцу, зразумела, што вяртацца туды няма як. Са слязь пайшла ў сабес, і там ёй дапамаглі ўладкавацца вось у гэты дом.

У нашай размове Марыя Вікенцьеўна расказала, што родам яна з Лагойскага раёна, мае траіх дзяцей, 9 унукаў, 15 праўнукаў і дваіх прапраўнукаў. Дзяцей выхоўвала адна, бо муж загінуў на вайне. Калі ўжо цяжка было спраўляцца з гаспадаркай, сын забраў маці ў Мінск. Тут яна хутка атрымала аднапакаёвую кватэру – дом сына трапіў пад знос.

Марыя Вікенцьеўна не скардзіцца на лёс, за ўсё дзякуе Пану Богу. Яна вельмі пабожная і ў свае 95 гадоў амаль не выпускае з рук малітоўніка. У пакойчыку, дзе жыве, амаль увесь стол займае прыгожы алтарык. А калі прыходзіць ксёндз, каб паспавядаць людзей і ўдзяліць святую Камунію, менавіта тут збіраюцца католікі з усяго дому састарэлых і інвалідаў. І тады гэты пакойчык ператвараецца ў сапраўдную капліцу.

Трэба сказаць, што ўжо восем гадоў як Легіён Марыі апякуецца католікамі дома састарэлых і інвалідаў. За гэты час больш за 20 чалавек, дзякуючы легіянерам, адышлі да вечнасці, паяднаўшыся з Панам Богам праз сакрамэнты споведзі і Эўхарыстыі. Цяпер 10 католікаў пастаянна маюць духоўную апеку святара. Напярэдадні свята Вялікадня першую ў сваім жыцці святую Камунію прыняла 90-гадовая Ганна Сямёнаўна Капусцёнак. З яе расказа мы даведаліся, што родам яна з Полацкага раёна, паходзіць са шматдзетнай сям’і, дзе было 9 дзяцей, якія засталіся сіротамі пасля заўчаснай смерці маці. Да споведзі ніхто ў дзяцінстве не давёў, а потым, вядома, які быў час. Мае сына, унукаў, якія час ад часу наведваюцца.

На стале свайго пакойчыка яна таксама зрабіла прыгожы алтарык, у цэнтры якога знаходзяцца два абразы – Сэрца Езуса і Сэрца Марыі. Некалькі гадоў таму, падчас наведвання праваслаўным святаром вернікаў гэтай канфесіі, Ганна Сямёнаўна хацела прыступіць да споведзі (не ведала, што тут бывае ксёндз). Дарэчы, некаторыя католікі так і зрабілі і цяпер належаць да Праваслаўнай Царквы. Ганне Капусцёнак бацюшка тады прапанаваў пазбавіцца ад каталіцкіх абразоў, а тады ён яе паспавядае. Жанчына адмовілася. А потым Пан Бог прывёў да яе легіянераў Марыі. І вось Ганна Сямёнаўна паядналася з Панам Богам праз сакрамэнты споведзі і святой Камуніі. Радасць гэтай жанчыны немагчыма апісаць. У тыя хвіліны яна памаладзела на гадоў 20.

Засмуціў крыху ўсіх Казімір Васілеўскі, які таксама рыхтаваўся да Першай Камуніі, але зноў адклаў гэту святую справу.

Вельмі ўдзячна Пану Богу і добрым людзям за апеку 90-гадовая Яўгенія Іванаўна Ягоранка. Яна доўгі час жыла ў дачкі ў Мінску, але тая распілася, і жыццё стала невыносным.

Яўгенія Іванаўна прасіла Бога і ўдзень, і ўначы, каб як-небудзь дапамог выбрацца з гэтага пекла. І вось знайшлася добрая жанчына, якая забрала яе да сябе пажыць, а потым аформіла ў дом састарэлых.

Урловіч Марыя Францаўна, наадварот, усё часцей плача. Яна тут усяго некалькі месяцаў і ніяк не можа прывыкнуць. Сумуе па роднай вёсцы, што на Смаргоншчыне, па сыне, які памёр у Санкт-Пецярбурзе і ў якога яна жыла апошні час. Два іншыя сыны забраць маці не могуць – жонкі супраць. Але жанчына не крыўдуе. Наадварот, за ўсіх моліцца з усяе шчырасці сэрца і амаль усе свае астатнія грошы ахвяравала на Імшу за родных і блізкіх. Спіс быў даволі працяглы. Падумалася, а ці яны, гэтыя шматлікія родзічы, памятаюць пра сваю сваячку?

Самотнае жыццё пражыла 80-гадовая Ганна Аляксандраўна Корзік, і толькі ў доме састарэлых яна спаткала свайго абранніка. Абодва шчаслівыя, як кажуць, удваіх лягчэй век дажываць.

Сёлета, як ніколі, Велікодныя святы былі радаснымі для 55-гадовага інваліда Казіміра Валянцінавіча Хеліцкага з вёскі Налібокі Стаўбцоўскага раёна. Упершыню за 7 гадоў да яго наведалася дачка. Абяцала прывезці да дзядулі маленькую ўнучку.

Няпросты, часам трагічны лёс прывёў у гэты дом не старога яшчэ чалавека, мінчаніна Міхаіла Антонавіча Халяву. Шчырая вера не дае ўпасці духам, і, калі толькі дазваляе здароўе, ён стараецца бываць у касцёле.

Апошнім часам злягла некалі жыццярадасная і вельмі прыветлівая пані Юзэфа Валенкова. Невядома, калі і як устане. Зламаная нага зраслася не так, як трэба, да таго ж, адкрылася рана ад няправільна накладзенага гіпсу. Жанчына страшна пакутуе.

Напэўна, лішне казаць, якія шчаслівыя жыхары гэтага прытулку, калі іх наведваюць легіянеры, а тым больш ксёндз з Езусам у святым Сакрамэнце. Як малыя дзеці радуюцца яны і свянцоным велікодным стравам, што прывозяць легіянеры. Для некаторых гэта такая неспадзяванка, што яны спрабуюць нават грошы заплаціць. І доўга-доўга потым паўтараюць: «Дзякуй Табе, міласэрны Божа, што не забываеш нас...»

Бачачы гэтых людзей, у большасці сваёй усё ж нешчаслівых, міжволі ўспамінаеш словы благаславёнай маці Тэрэзы з Калькуты, якая ўсё сваё жыццё прысвяціла хворым, самотным, бедным: «Пакінутасць – вось сапраўднае няшчасце, жахлівая беднасць... Бедным не патрэбна наша спачуванне, ім патрэбна наша дапамога. І тое, што яны даюць нам, пераўзыходзіць дадзенае намі... Калісьці мы будзем асуджаныя па тым, як адносіліся да бедных»...

Галіна Калевіч

P. S. На жаль, час вельмі плынны. Пакуль гэты матэрыял рыхтаваўся да друку, у вечнасць адышла Марыя Вікенцьеўна Яцэвіч.