2 студзеня:
святых Базыля Вялікага і Грыгорыя Назіянзскага,
біскупаў і доктараў Касцёла.

Святыя Базыль (Васіль) Вялікі і Грыгорый Назіянзскі нарадзіліся каля 330 г. у Кападокіі (на тэрыторыі сучаснай Турцыі) і паходзілі з хрысціянскіх сем’яў. Бацька Грыгорыя быў біскупам Назіянзу. Базыль і Грыгорый былі вельмі адукаванымі людзьмі. Яны пазнаёміліся ў Афінах, дзе разам вучыліся. Згодна з тагачаснымі звычаямі, хрост прынялі ўжо ў сталым узросце, маючы каля 30 гадоў, пасля чаго разам адасобіліся ў пустыні. Базыль і Грыгорый некалькі гадоў вялі пустэльніцкае жыццё і прысвяцілі гэты час вывучэнню Святога Пісання і ранніх хрысціянскіх аўтараў. На падставе працаў Арыгена склалі зборнік «Філакалія» (Дабралюбства). Праз пэўны час абодва сталі святарамі, а пазней — біскупамі: Базыль — у Кесарыі Кападоцкай, а Грыгорый — у Назіянзе. Да таго ж Грыгорый, выбраны духавенствам і народам біскупам Канстанцінопаля, некалькі месяцаў займаў гэтую кафедру, але вырашыў адмовіцца ад яе і вярнуўся ў Назіянз. Базыль змагаўся з ерэтыкамі і сіманіяй сярод духавенства, спрыяў усталяванню еднасці паміж біскупамі. Яго душпастырскія заслугі цяжка нават пералічыць, таксама як і яго працы. Ён апрацаваў старажытныя літургічныя тэксты і склаў літургію (чын св. Базыля Вялікага), якая да гэтага часу служыцца ва ўсходніх Цэрквах у вызначаныя дні. Памёр ён 1 студзеня 379 г. у Кесарыі, дзе і быў пахаваны. Грыгорый Назіянзскі перажыў свайго сябра больш чым на дзесяць гадоў. Яго духоўная спадчына, якая складаецца з разнастайных пісанняў, прамоваў, вершаў, лістоў і тэстамэнтаў, мае вялікую літаратурную каштоўнасць. На Усходзе Грыгорыя называюць «Боскім», а таксама «Багасловам». Святыя Базыль Вялікі і Грыгорый Назіянзскі разам са святымі Атаназіем і Янам Залатавусным лічацца самымі вялікімі доктарамі Касцёла хрысціянскага Усходу.

 
13 студзеня:
святога Гілярыя, біскупа і доктара Касцёла.

Гілярый нарадзіўся каля 315 г. у Пуацье (Францыя) у сям’і патрыцыяў-паганаў. Вывучаў філасофію і рыторыку. Маючы каля 30 гадоў ахрысціўся і прысвяціў сваё жыццё служэнню Касцёлу. У 350 г. быў выбраны біскупам Пуацье, магчыма, першым у гісторыі. Змагаючыся з арыянствам, сутыкнуўся з вялікімі цяжкасцямі і, фальшыва абвінавачаны нядобразычліўцамі, быў высланы на выгнанне, дзе правёў 5 гадоў. Пасля вяртання ўстанавіў больш блізкія адносіны з духавенствам, што паспрыяла з’яўленню першых законных супольнасцяў у Галіі. Гілярый імкнуўся ўзгадніць тэалагічныя пастулаты Усходу з тэалогіяй Захаду і напісаў шмат працаў, найбольш вядомая з якіх — пісанне пра Святую Тройцу. Ён таксама лічыцца першым складальнікам рэлігійных гімнаў у лацінскім Касцёле. Гілярый памёр у 367 г. у Пуацье і быў там пахаваны. Ён застаўся ў памяці нашчадкаў як вялікі абаронца і настаўнік Касцёла, а таксама з’яўляецца адным з найбольш папулярных святых у Францыі. Святы Гілярый лічыцца апекуном хваравітых дзяцей; яго дапамогі просяць пры змяіных укусах.

 
20 студзеня:
святога Фабіяна, папы і мучаніка.

Абраны на пасад святога Пятра 10 студзеня 236 г., стаў дваццатым Папам у гісторыі Касцёла. Фабіяну ўдалося ўмацаваць рымскі Касцёл і забяспечыць яму кароткі перадых ад пераследу. Каб лепш арганізаваць вернікаў, колькасць якіх станавілася ўсё большай, ён падзяліў Рым на сем дыяканіяў. Фабіян быў забіты праз адсячэнне галавы 20 студзеня 250 г. падчас новага пераследу хрысціянаў, распачатага цэзарам Дэцыем. Цела Папы было пахавана ў катакомбах Калікста. У літургіі святога Фабіяна, які лічыцца апекуном ганчароў і ліцейшчыкаў, часта ўспамінаюць разам з яшчэ адным мучанікам — святым Себасцьянам.

 
У той жа дзень:
святога Себасцьяна, мучаніка.

Паводле падання, паходзіў з Медыялану (Мілан, Італія) і быў афіцэрам імператарскай гвардыі. Калі цэзар Дыяклетыян, які жорстка пераследваў хрысціянаў, даведаўся пра тое, што адзін з яго лепшых воінаў верыць у Хрыста, то загадаў яго забіць. Себасцьяна прывязалі да дрэва і стралялі ў яго з лука да таго часу, пакуль усё цела не было скрозь здзіраўлена. Мяркуючы, што ён памёр, жаўнеры пайшлі, але хрысціянская ўдава Ірэна з Рыму ўзяла ледзь жывога Себасцьяна да сябе і вылечыла. Ачуняўшы, святы накіраваўся да Дыяклетыяна і проста ў твар абвінаваціў цэзара ў пераследзе нявінных людзей — вызнаўцаў Хрыста. За гэта Себасцьяна да смерці забілі дубінамі на арэне цырка, а цела кінулі ў памыйную яму. Хрысціянка Люцына знайшла парэшткі мучаніка і пахавала іх на Апіевай дарозе. На месцы пахавання ў IV ст. была пабудавана базыліка ў гонар святога, якая сёння з’яўляецца адной з сямі пілiгрымкавых базылік Рыма. Святы Себасцьян — апякун паміраючых, жаўнераў і параненых.

 
3 лютага:
святога Анзгара (Аскара), біскупа.

Нарадзіўся каля 801 г. у Францыі. Уступіў у ордэн бэнэдыктынцаў і прысвяціў сябе адданай місіянерскай дзейнасці. У 826 г. быў накіраваны абвяшчаць Божае слова ў Швецыі і Даніі і паспяхова евангелізаваў гэтыя краіны, дзе яшчэ не ведалі Хрыста. Праз нейкі час ён стаў біскупам з кафедрай у Гамбургу, да якой быў далучаны таксама і Брэмен. З Брэмена біскуп Анзгар кіраваў місіямі на Поўначы, распаўсюджваючы хрысціянства ў Скандынавіі. Памёр 3 лютага 865 г. у Брэмене. Святога Анзгара называюць «апосталам Поўначы» і ўшаноўваюць як у Каталіцкім Касцёле, так і ў Евангелічнай Царкве.

 
6 лютага:
святога Паўла Мікі і паплечнікаў, мучанікаў.

Павел нарадзіўся ў 1562 г. у Японіі ў сям’і вайсковага капітана. У езуіцкім калегіуме атрымаў хрысціянскае выхаванне, а ў васемнаццацігадовым узросце сам уступіў у ордэн езуітаў. Неўзабаве ён стаў адным з найбольш вядомых прапаведнікаў у Японіі, дзе напрыканцы XVI ст. жыло каля 700 тысяч вызнаўцаў Хрыста. Аднак у 1590-я гады адносіны да хрысціянаў у грамадстве рэзка пагоршыліся і пачаўся іх суровы пераслед. Перш за ўсё рэпрэсіі ўладаў закранулі місіянераў. У студзені 1597 г. Павел Мікі і шмат яго паплечнікаў былі кінуты ў вязніцу і аддадзены на катаванне. 5 лютага на плошчы ў Нагасакі Павел і яшчэ 25 мужчын, яго свецкіх памочнікаў, былі ўкрыжаваны і так прынялі смерць, спяваючы гімны і праслаўляючы Бога. Яны з’яўляюцца прадстаўнікамі вялізнай колькасці хрысціянскіх мучанікаў, забітых у тыя часы у Японіі.

 
8 лютага:
святой Жазэфіны Бакіты, панны.

Нарадзілася каля 1870 г. у Судане (Афрыка). Жазэфіна была рабыняю і з дзяцінства павінна была цяжка працаваць, пакутуючы цялесна і духоўна. Пазней ёй удалося ўцячы, і ў Венецыі яна ўступіла ў законную супольнасць Сясцёр Міласэрнасці. З-за чорнага колеру скуры, нават ужо будучы законніцай, цярпела ад дыскрымінацыі. Жазэфіна Бакіта памерла 8 лютага 1947 г. у Італіі. Папа Ян Павел ІІ беатыфікаваў яе, а ў 2000 г. кананізаваў.

 
17 лютага:
святых сямі Заснавальнікаў закона
Слугаў Найсвяцейшай Панны Марыі (сэрвітаў).

У 1233 г. сем маладых жыхароў Фларэнцыі (Італія), якія паходзілі з найбольш шляхетных сем’яў горада, разам вырашылі прысвяціць сябе аскетычнаму жыццю. Імі кіравала жаданне прынесці здавальненне Панне Марыі, якая двойчы аб’яўлялася ля падножжа Монтэ Вэкіо ў Фларэнцыі, аплакваючы ахвяры крывавай барацьбы паміж двума варожымі палітычнымі лагерамі ў тагачаснай Італіі — гібелінамі і гвельфамі. Непадалёк ад месца аб’яўлення Маці Божай мужчыны заклалі келлі ў скальных пячорах, дзе трывалі ў малітве, устрыманні і ўчынках міласэрнасці. Яны назвалі сябе слугамі Марыі, або сэрвітамі, прынялі манаскі статут святога Аўгустына і пачалі насіць манаскае адзенне, пашытае на ўласны узор. Стаўшы народнымі прапаведнікамі і місіянерамі, сэрвіты абышлі ўсю Італію, Францыю і Венгрыю, распаўсюджваючы набажэнства да Маці Божай Балеснай і засноўваючы новыя кляштары. Закон сэрвітаў быў зацверджаны Папам у 1304 г, але да гэтага дажыў толькі адзін з сямі заснавальнікаў. У наш час закон распаўсюдзіўся па ўсім свеце.