– Запамятай: ніколі не мый посуду ў чужой хаце! – павучыла мяне знаёмая, якой я захацела зрабіць добрую справу: узяла ды й памыла кубкі з талеркамі, з якіх мы толькі што пачаставаліся.

Вось табе і маеш: мне хацелася як лепей, а выйшла, што я, сама таго не жадаючы, нібы зрабіла нейкую шкоду. Увогуле я не часта кідаюся мыць посуд у гасцях, тут жа памыла таму, што гаспадыня была хворая. Мне хацелася ёй дапамагчы, а атрымалася... А што, уласна кажучы, нядобрага здарылася? Каму я нашкодзіла сваёю паслугай?

– Не ведаю дакладна, каму бывае дрэнна ад гэтага – гаспадару альбо госцю, але я даўно і цвёрда запамятала, што ў чужой хаце мыць посуд нельга! – настойліва вяла далей сваё прыяцелька.

– Дык што ж мне цяпер, выбрудзіць яго наноў, ці ўжо і гэта не дапаможа? – пажартавала я.

Гаспадыня махнула рукой, маўляў, ладна ўжо, што з цябе, недасведчанай, возьмеш. Я з палёгкай уздыхнула, бо мне нібыта даравалі маю правіну, але калі пачала збірацца дадому, мне яшчэ раз палічылі патрэбным нагадаць: памятай, у чужой хаце...

Вяртаючыся з тых гасцей ды раздумваючы над маёй няўдалай дапамогай бліжняму, мне прыгадаўся маўклівы пагляд святога Міколы Цудатворцы з іконы, што вісіць у пакоі маёй знаёмай. І нібы пад тым, як мне здалося, дакорлівым позіркам прыгадалася чутае раней ад розных людзей:

– Калі хочаш, каб у хаце дабро вялося, ніколі не мяці ўвечары падлогі;

– Калі, выходзячы з хаты, забудзеш штосьці патрэбнае ўзяць і вымушана будзеш вярнуцца, абавязкова паглядзіся ў люстэрка;

– Калі ж сустрэнеш жанчыну з пустымі вёдрамі, то ўжо лепш, можа, і ўвогуле не ісці далей, бо нічога добрага цябе не чакае;

– Гэтак жа, як і тады, калі табе кот ды яшчэ чорны, ды яшчэ «запазуху» дарогу перабяжыць. І г.д., і г.д.

Ну, а ў якіх сітуацыях трэба пляваць тры разы і калі цераз правае, а калі цераз левае плячо, то тут і ўвогуле цэлая складаная навука. Тут галоўнае не пераблытаць, каб нашае «цьху-цьху-цьху» ды не трапіла не па прызначэнні.

Нехта, магчыма, скажа, што ўся гэтая лухта нас, хрысціянаў, не тычыцца, бо мы, паверыўшы ў Адзінага Найвышэйшага Бога, адначасна адмялі ад сябе і ўсялякія прымхі ды забабоны. Так то яно так, але ж на практыцы атрымліваецца часам штосьці зусім неразборлівае. Неяк адна жанчына на Імшы ціхенька забедавала, што яна забылася дома грошы і не мае чаго пакласці для ахвяравання. Я прапанавала ёй пазычыць і пачула ў адказ спалоханае: «Ой, што вы! Я аднаго разу пазычыла вось гэтак, дык неўзабаве бяда і здарылася. А потым мне падказалі, што нельга пазычаць грошы для ахвяраванняў». Як кажуць, і смех і грэх.

І чаму часам так дзіўна ўжываюцца ў нас хрысціянства з яўным паганствам? А калі хтосьці назіральны заўважыць гэта ды падзівіцца, альбо паўшчувае нас, дык мы таксама зможам знайсці выйсце: ат, маўляў, гэта ж усё несур’ёзна, так сабе, на ўсялякі выпадак. Ці задумваемся мы тады, што вера ў розныя забабоны – не такая ўжо і бяскрыўдная рэч? І ці не з’яўляюцца гэтыя нашы забабоны тым «залатым цялём», якое зрабілі габрэі, засумняваўшыся ў Адзіным і Сапраўдным Богу, які выводзіў іх у той час з зямлі егіпецкай, з дому няволі? Як разгневала гэта Пана Бога, мы таксама нібыта ведаем, прынамсі, не раз чулі пра гэта ў касцёле альбо царкве, а вось жа здараецца часам, што няўзнак і забываем. Так сабе... на ўсялякі выпадак...

Выйсці з Егіпту, з няволі цемры, уціску і падману нібыта кожны з нас хоча. Але як ён гэта робіць? Ці не падманваем мы часам самі сябе? А заадно ці не імкнемся падмануць і самога Пана Бога, у якога нібыта паверылі і разам з якім вырашылі ісці па жыцці? Не толькі тады, вядома, калі ў нядзелю ідзем у святыню і молімся разам з хрысціянскай супольнасцю, да якой належым, а і вось так – на кожны дзень? Нават тады, калі, выйшаўшы ў дарогу, мы штосьці забыліся і нам давялося вярнуцца? Альбо калі ў нас просяць пазычыць грошы ці то маладзіком, ці то поўняю?

Вера на ўсялякі выпадак... Не такая гэта, відаць, бяскрыўдная рэч, як нам здаецца на першы погляд. Прыгадалася раптам показка нядаўняга часу. Лектар даказвае сваім слухачам, як у СССР добра жывецца, нягледзячы на пераходны перыяд. «Мы цяпер перажываем такую фазу развіцця, – тлумачыць ён, – што адной нагой ужо стаім у камунізме, а другой яшчэ ў сацыялізме». На гэта – трывожны голас з залы:«Дык гэтак жа і раздзерціся можна!..». Жартачкі нібыта, ды не без сэнсу.

А калі ўжо цалкам без жартачкаў, дык Езус у Евангеллі ясней яснага сказаў нам:«Няхай слова вашае будзе: «так, так»; «не, не», а што больш за тое, паходзіць ад Злога».

Вось і падумаеш тады, ці так гэта бяскрыўдна, калі ты зранку перад абразамі з Богам гутарку вядзеш, а праз колькі гадзінаў не на жарт злякнешся, неспадзявана сустрэўшы, да прыкладу, кабету з пустымі вёдрамі? А, падумаўшы, дык бяда ўсё ж не ў тым, што вёдры ў яе пустыя, больш, мабыць, небяспечна, калі пасля гэтае сустрэчы пустымі акажуцца твае нядаўнія словы перад абразамі.

Ірэна Задарожная