Урачыстасць Святой Багародзіцы Марыі — 1 студзеня 2006 г.

Чытанні: Ліч 6, 22–27; Пс 67 (66);
Гал 4, 4–7.

Евангелле (Лк 2, 16–21):

Пайшлі пастухі, спяшаючыся, і знайшлі Марыю, і Юзафа, і Немаўля, якое ляжала ў яслях. А калі ўбачылі, расказалі тое, што было абвешчана ім пра гэтае Дзіцятка. І ўсе, хто чуў, дзівіліся таму, што расказвалі ім пастухі. А Марыя захоўвала ўсе гэтыя словы, разважаючы ў сэрцы сваім. І вярнуліся пастухі, праслаўляючы і хвалячы Бога за ўсё, што чулі і бачылі, так як ім было сказана. І калі мінула восем дзён, каб абрэзаць Дзіця, далі Яму імя Езус, якое было названа анёлам перад Яго зачаццем ва ўлонні.

Пра нараджэнне Збаўцы першымі даведаліся пастухі — простыя людзі, чый сацыяльны статус лічыўся вельмі нізкім. Гэта азначае, што Езус не прыходзіць да нейкіх выбраных, але адкрыты для ўсіх, пачынаючы з апошніх. Пастухі, якія абвяшчаюць тое, што бачылі на свае вочы, з’яўляюцца правобразам апосталаў і іх наступнікаў, чыёй місіяй стане абвяшчэнне Добрай Навіны ўсім людзям. А Марыя, з безумоўным даверам прымаючы Божыя задумы, разважае ў сваім сэрцы тое, што адбылося з Ёю і на Яе вачах, поўная веры, што Бог дасць Ёй усё гэта спасцігнуць да канца.

 
Урачыстасць Аб’яўлення Пана — 6 студзеня 2006 г.

Чытанні: Іс 60, 1–6; Пс 72 (71);
Эф 3, 2–3а. 5–6

Евангелле (Мц 2, 1–12):

Калі ж Езус нарадзіўся ў Бэтлееме Юдэйскім у дні караля Ірада, вось мудрацы з усходу прыбылі ў Ерузалем, кажучы: Дзе нованароджаны кароль юдэйскі? Бо мы бачылі зорку Ягоную на ўсходзе і прыйшлі пакланіцца Яму. Пачуўшы гэта, кароль Ірад занепакоіўся і ўвесь Ерузалем з ім. Ён сабраў усіх першасвятароў і кніжнікаў народу і пытаўся ў іх, дзе павінен нарадзіцца Месія? Яны сказалі яму: У Бэтлееме Юдэйскім, бо так напісана прарокам: І ты, Бэтлеем, зямля Юды, нічым не меншы сярод гарадоў Юды, бо з цябе выйдзе Валадар, які будзе пасвіць народ Мой, Ізраэля. Тады Ірад, патаемна паклікаўшы мудрацоў, выведаў у іх пра час з’яўлення зоркі. Паслаўшы іх у Бэтлеем, сказаў: Ідзіце і старанна шукайце Дзіця, калі ж знойдзеце, паведаміце мне, каб і я пайшоў пакланіцца Яму. Яны ж, выслухаўшы караля, пайшлі. І вось зорка, якую яны бачылі на ўсходзе, ішла перад імі, пакуль не прыйшла і не стала над месцам, дзе было Дзіця. Убачыўшы зорку, яны вельмі ўзрадаваліся. Увайшоўшы ў дом, яны ўбачылі Дзіця з Марыяй, Маці Яго, і ўпалі, і пакланіліся Яму. І адчыніўшы скарбніцы свае, ахвяравалі Яму дары: золата, кадзіла і мірру. І папярэджаныя ў сне, каб не вярталіся да Ірада, іншай дарогай адышлі ў сваю краіну.

Евангеліст апісвае, як рэагуюць розныя людзі, даведаўшыся пра нараджэнне Езуса. Цар Ірад, баючыся пагрозы для сябе ад нованароджанага Валадара, загадаў забіць усіх дзяцей у Бэтлееме. У той жа час мудрацы з Усходу адважыліся на доўгае падарожжа насустрач невядомаму. У ахвяраваных імі дарах Айцы Касцёла бачылі сімвалы каралеўскай годнасці (золата) і Боскасці Езуса (кадзіла), а таксама прадказанне Яго Мукі (мірра). Так паступова праяўляецца Божы план збаўлення, які ахоплівае ўсіх людзей. Адзначаючы урачыстасць Аб’яўлення Пана, якую называюць таксама ўрачыстасцю Трох Каралёў, мы дзякуем Пану за універсальнасць Яго збаўлення, якая выявілася ў пакланенні трох вешчуноў — прадстаўнікоў паганскіх народаў.

 
Свята Хросту Пана — 8 студзеня 2006 г.

Чытанні: Іс 42, 1–4. 6–7;
Пс 29 (28); Дз 10, 34–38.

Евангелле (Мк 1, 7–11):

Ян Хрысціцель прапаведаваў, кажучы: Ідзе за мною мацнейшы за мяне, якому я не варты, нахіліўшыся, развязаць раменьчык на ягоных сандалях. Я хрысціў вас вадою, а Ён будзе хрысціць вас Духам Святым. І сталася ў тыя дні, прыйшоў Езус з Назарэту, што ў Галілеі, і быў ахрышчаны Янам у Ярдане. І адразу, калі выходзіў з вады, убачыў нябёсы раскрытыя, і Духа, як голуба, сыходзячага на Яго. І пачуўся голас з нябёсаў: Ты Сын Мой умілаваны, Цябе ўпадабаў Я.

Езус, таксама як і шмат іншых людзей, хрысціўся ў Ярдане ад Яна. Аднак Яго хрост не быў знакам пакаяння. Езус першым з людзей прымае хрост у Духу Святым, правобразам якога і быў хрост Яна. У тую ж хвіліну голас Бога Айца абвяшчае людзям, кім сапраўды з’яўляецца Езус. У гэтых словах кожны хрысціянін адкрывае праўду пра тое, што Езус — умілаваны Сын Божы, які павінен давесці да канца справу збаўлення свету. Гэтыя словы таксама сведчаць пра выключную сувязь і еднасць Сына з Айцом. Усё, што Езус робіць і чаму вучыць, аб’яўляе Яго Божае сыноўства.

 
ІІ звычайная нядзеля — 15 студзеня 2006 г.

Чытанні: 1 Сам 3, 3b–10. 19;
Пс 40 (39); 1 Кар 6, 13с–15а. 17–20.

Евангелле (Ян 1, 35–42):

Стаяў Ян Хрысціцель і двое з вучняў ягоных і, калі ўбачыў Езуса, які ішоў, сказаў: Вось Ягнё Божае. І пачулі двое вучняў яго, што ён сказаў, і пайшлі за Езусам. А Езус, азірнуўшыся і ўбачыўшы, што яны ідуць за Ім, сказаў: Чаго шукаеце? Яны сказалі Яму: Раббі (што азначае «настаўнік»), дзе жывеш? Ён сказаў ім: Ідзіце і ўбачыце. Яны пайшлі і ўбачылі, дзе Ён жыве, і засталіся ў Яго ў гэты дзень. Было ж каля дзесятай гадзіны. Андрэй, брат Сымона Пятра, быў адным з двух, якія пачулі ад Яна пра Езуса і пайшлі за Ім. Знайшоў ён спачатку брата свайго Сымона і кажа яму: Мы знайшлі Месію (гэта значыць Хрыста). І прывёў яго да Езуса. Езус, глянуўшы на яго, сказаў: Ты Сымон, сын Яна; ты будзеш названы Кефас (што азначае «Пётр», «скала»).

Добрыя навіны хутка разыходзяцца. Ян Хрысціцель паказвае на Езуса як на Ягнё Божае, як на таго, хто бярэ на сябе грахі свету і такім чынам дае збаўленне і жыццё вечнае. Два вучні Яна, пачуўшы гэтыя словы, ідуць за Езусам, каб больш даведацца пра Яго. Якою ж важнаю стала для іх гэтая падзея, калі святы Ян Евангеліст адзначыў нават дакладны час той сустрэчы. Потым Андрэй дзеліцца радаснаю навінаю пра знаходжанне Месіі са сваім братам Сымонам. А калі прыводзіць яго да Езуса, той не толькі кажа, што ведае яго, але нават змяняе яго імя, што азначае пачатак новага этапу жыцця Пятра, жыцця побач з Хрыстом.

 
ІІІ звычайная нядзеля — 22 студзеня 2006 г.

Чытанні: Ён 3, 1–5. 10; Пс 25 (24);
1 Кар 7, 29–31.

Евангелле (Мк 1, 14–20):

Пасля таго, як выдалі Яна, прыйшоў Езус у Галілею, прапаведуючы Евангелле Божае і кажучы, што настаў час і наблізілася Валадарства Божае: кайцеся і верце ў Евангелле. Праходзячы ж каля Галілейскага мора, убачыў Сымона і Андрэя, брата Сымона, якія закідалі сеткі ў мора, бо яны былі рыбакамі. І сказаў ім Езус: Ідзіце за Мною, і Я зраблю вас рыбакамі людзей. І, адразу пакінуўшы сеткі, яны пайшлі за Ім. Адышоўшы крыху далей, Ён убачыў Якуба Зэбэдэевага і Яна, брата ягонага, якія таксама сядзелі ў чаўне і ладзілі сеткі. І адразу паклікаў іх. І, пакінуўшы бацьку свайго Зэбэдэя ў чаўне з работнікамі, яны пайшлі за Ім.

У першым сказе сённяшняга Евангелля святы Марк коратка выказвае сутнасць навучання Езуса, які запэўнівае, што час чакання збаўлення ўжо завяршаецца і што ўжо прыйшла тая хвіліна, калі Бог здзейсніць свае абяцанні. У асобе Езуса Хрыста Бог прыходзіць да людзей і жадае валадарыць у іх сэрцах. Каб гэта было магчыма, чалавек павінен перастаць грашыць, нанава навярнуцца да Бога і дазволіць Яму стаць Валадаром сваіх думак, волі і жаданняў. Падставаю такога навяртання з’яўляецца вера ва ўсё, што Езус абвяшчае, бо ў Яго навуцы — паўната аб’яўленай праўды пра Бога і пра Яго Валадарства.

 
V звычайная нядзеля — 5 лютага 2006 г.

Чытанні: Ёв 7, 1–4. 6–7; Пс 147а (146);
1 Кар 9, 16–19. 22–23.

Евангелле (Мк 1, 29–39):

Езус, выйшаўшы з сінагогі, прыйшоў з Якубам і Янам у дом Сымона і Андрэя. Цешча ж Сымона ляжала ў гарачцы, і адразу сказалі Езусу пра яе. Ён падышоў і, узяўшы за руку, падняў яе. І прайшла ў яе гарачка; і жанчына пачала служыць ім. Калі ж настаў вечар і калі зайшло сонца, прыносілі да Яго ўсіх нядужых і апантаных злымі духамі. А ўвесь горад сабраўся перад дзвярыма. Ён жа аздаравіў многіх, якія цярпелі на розныя хваробы, і выгнаў многіх злых духаў; і не дазваляў злым духам казаць, што яны ведалі Яго. А раніцай, устаўшы вельмі рана, выйшаў і пайшоў у пустыннае месца і там маліўся. Сымон і тыя, хто быў разам з ім, пайшлі за Ім. І, калі знайшлі Яго, сказалі Яму: Усе шукаюць Цябе. Ён адказаў ім: Пойдзем куды-небудзь у бліжэйшыя мястэчкі, каб і там прапаведаваць, бо Я дзеля гэтага прыйшоў. І прапаведаваў Ён у сінагогах іхніх па ўсёй Галілеі, і выганяў злых духаў.

Святы евангеліст Марк у сённяшнім Евангеллі апісвае адзін дзень і адну ноч з часу евангельскага служэння Хрыста. На падставе гэтага апісання мы бачым, што ў евангелізацыі, якую праводзіў Настаўнік з Назарэту, можна вылучыць тры найбольш адметныя рысы. Па-першае, Езус праяўляе вялікі клопат пра хворых і пра ўсіх тых, хто церпіць ад духоўных і цялесных пакутаў, аздараўляе іх і вызваляе ад злых духаў. Па-другое, свой дзень Езус распачынае малітваю. На світанні Ён ідзе ў пустыннае месца і доўга моліцца да свайго Айца. У засяроджанай малітоўнай паставе адарацыі знаходзяць Яго вучні. А па-трэцяе, Езус прамаўляе і адважна абвяшчае прыйсце Божага Валадарства.

 
VІ звычайная нядзеля — 12 лютага 2006 г.

Чытанні: Лев 13, 1–2. 44–46;
Пс 32 (31); 1 Кар 10, 31–11, 1.

Евангелле (Мк 1, 40–45):

Прыйшоў да Езуса пракажоны і, упаўшы на калені, прасіў Яго: Калі хочаш, можаш мяне ачысціць. Езус, злітаваўшыся над ім, працягнуў руку, дакрануўся да яго і сказаў яму: Хачу, будзь ачышчаны. І адразу ж праказа сышла з яго, і ён стаў чысты. Езус строга перасцярог яго і адразу адправіў, кажучы: Глядзі, нікому нічога не кажы; але ідзі, пакажыся святару і дай ахвяру за ачышчэнне сваё, як загадаў Майсей, для сведчання ім. Але ён, выйшаўшы, пачаў абвяшчаць і шмат расказваць пра падзею, так што Езус не мог ужо адкрыта ўвайсці ў горад, але быў здалёк, у пустэльных мясцінах. І прыходзілі да Яго адусюль.

Езус праяўляе спачуванне да церпячых і цяжка хворых, чыніць цуды. У гэтым відаць Яго дабрыню і чулае сэрца. Хворыя імкнуліся да Яго, таму што хацелі на сабе адчуць Яго аздараўляльную моц. Праз адданасць, з якою Езус вызваляў ад цяжару фізічных і духоўных хваробаў тых, хто да Яго прыходзіць, Ён паказвае нам асаблівыя намеры Божай міласэрнасці ў адносінах да людзей: Бог не пакідае без увагі чалавечае цярпенне і дае нам сваю дапамогу ў плане збаўлення, аб’яўленым і здзейсненым у свеце праз Уцелаўлёнае Слова.

 
VІІ звычайная нядзеля — 19 лютага 2006 г.

Чытанні: Іс 43, 18–19. 21–22. 24b–25;
Пс 41 (40); 2 Кар 1, 18–22.

Евангелле (Мк 2, 1–12):

Праз некалькі дзён Езус зноў прыйшоў у Кафарнаум, і разышлася вестка, што Ён у доме. Адразу сабралася столькі народу, што ўжо не было месца каля дзвярэй. І Ён прамаўляў да іх. Прыйшлі да Яго чацвёра, якія неслі спаралізаванага. Не маючы магчымасці прынесці яго да Езуса з-за натоўпу, разабралі страху, дзе Ён быў, і, зрабіўшы дзірку, спусцілі насілкі, на якіх ляжаў спаралізаваны. Езус, убачыўшы веру іх, сказаў паралізаванаму: Дзіця, даруюцца табе грахі твае. Там жа сядзелі некаторыя з кніжнікаў і разважалі ў сэрцах сваіх: Чаму Ён так гаворыць? Ён блюзнерыць: хто можа дараваць грахі, калі не сам Бог? Езус, адразу ж даведаўшыся ў духу сваім, што яны так думаюць, сказаў ім: Чаму так думаеце ў сэрцах вашых? Што лягчэй: ці сказаць паралізаванаму «даруюцца табе грахі твае», ці сказаць «устань, вазьмі насілкі свае і хадзі»? Але, каб вы ведалі, што Сын Чалавечы мае на зямлі ўладу дараваць грахі, — і кажа паралізаванаму: Табе кажу: устань, вазьмі насілкі свае ды ідзі да дому свайго. Той адразу ж устаў і, узяўшы насілкі, выйшаў перад усімі, так што ўсе дзівіліся і славілі Бога кажучы, што ніколі такога не бачылі.

Езус тымі незвычайнымі справамі, якія здзяйсняў, а таксама знакамі і цудамі аб’яўляе сваю моц, якою Ён збаўляе чалавека ад граху, што пагражае яго несмяротнай душы і яе пакліканню да еднасці з Богам. Надзвычай яскрава гэтая праўда паўстае перад намі ў аздараўленні паралізаванага ў Кафарнауме. Сам Езус у гэтым эпізодзе выразна гаворыць, што цуд аздараўлення паралізаванага — гэта знак Яго збаўчай улады адпускаць грахі. Езус чыніць гэты знак, каб аб’явіць, што Ён прыйшоў на зямлю як Збаўца свету, асноўная місія якога — вызваліць чалавека ад духоўнага зла. Гэтым злом з’яўляецца грэх, які аддзяляе чалавека ад Бога.

 
VІІІ звычайная нядзеля — 26 лютага 2006 г.

Чытанні: Ос 2, 16b. 17b. 21–22;
Пс 103 (102); 2 Кар 3, 1b–6.

Евангелле (Мк 2, 18–22):

Вучні Янавы і фарысеі пасцілі. Яны прыйшлі да Езуса і сказалі Яму: Чаму вучні Янавы і фарысеі посцяць, а Твае вучні не посцяць? І сказаў ім Езус: Ці могуць пасціць госці вяселля, калі з імі жаніх? Пакуль жаніх з імі, не могуць пасціць. Але прыйдуць дні, калі забяруць ад іх жаніха, і тады будуць пасціць у той дзень. Ніхто не прышывае латы з новай тканіны да старой адзежы, бо новая лата адарвецца ад старога, і дзіра будзе яшчэ горшай. І ніхто не налівае новага віна ў старыя мяхі, бо новае віно парве мяхі, і прападуць віно і мяхі; але новае віно трэба ўліваць у новыя мяхі.

Езус прыходзіць да свайго народа як Жаніх, якога прадказвалі прарокі. Ён сам пацвярджае гэта, калі на пытанне вучняў Яна Хрысціцеля адказвае: «Ці могуць пасціць госці вяселля, калі з імі жаніх? Пакуль жаніх з імі, не могуць пасціць. Але прыйдуць дні, калі забяруць ад іх жаніха, і тады будуць пасціць у той дзень». Такім сваім адказам Езус дае зразумець, што абвешчаная прарокамі праўда пра Жаніха, Адкупіцеля, Святога Ізраэля спаўняецца на Ім. Езус з’яўляецца Жаніхом сярод сваіх вучняў, але прыйдзе час, калі гэты Жаніх будзе ад іх забраны. Такім чынам, Езус усведамляе не толькі сваё месіянскае пасланне, але таксама і крыж, на якім Ён складзе сваю ахвяру ў паслухмянасці Айцу.

Падрыхтаваў айцец Артур Папроцкі CSMA