Малітва праз заступніцтва Слугі Божай Францішкі Марыі Віткоўскай

Усемагутны Вечны Божа, Ты ў сваёй дабрыні і міласэрнасці адарыў Францішку Марыю Віткоўскую духам любові да Эўхарыстыі і прысвячэння жыцця за свабоду Святога Касцёла, а таксама дзякуючы яе руплівасці ўзбагаціў яго новаю манаскаю Сям’ёю. Праз яе заступніцтва ўдзялі мне ласку..., аб якой з пакораю і даверам прашу Цябе, а верную сваю Слугу вынесі да хвалы алтароў дзеля праслаўлення Імя Твайго і карысці душаў вернікаў. Праз Хрыста, Пана нашага. Амэн.

Пра атрыманыя ласкі праз заступніцтва Слугі Божай Францішкі Марыі Віткоўскай просім паведаміць на адрас:
Zgromadzenie Siуstr Imienia Jezus
ul. Wі. Smoleсskiego 31
01-698 Warszawa
ДА 140-ГОДДЗЯ З ДНЯ НАРОДЗІНАЎ

Марыя Віткоўская пражыла кароткае жыццё — усяго 29 гадоў. Францішка Марыя Віткоўская дала пачатак Супольнасці Сясцёр Найсвяцейшага Імя Езус, якая належыць да шматлікай колькасці супольнасцяў, што вядуць жыццё, адасобленае ад свету. Заснавала яна гэтую супольнасць пад кіраўніцтвам благаславёнага Ганарата Казьміньскага, капуцына, які быў ініцыятарам укрытага кансэкраванага жыцця ў ХІХ ст.

Дарэчы, благаславёны Г. Казьміньскі з’яўляецца фундатарам 3 габітавых законных супольнасцяў (сясцёр феліцыянак, капуцынак і серафінак) і 15 супольнасцяў укрытага кансэкраванага жыцця (13 жаночых і 2 мужчынскіх), пакінуў пасля сябе некалькі дзесяткаў рэлігійных твораў, узор сістэматычнай і пастаяннай працы над сабою, пакоры, вырачэння сябе, руплівасці пра хвалу Божую і прысвячэння сябе Богу.

Менавіта ён быў духоўным кіраўніком Марыі Віткоўскай, дарадцам выбару яе жыццёвага шляху і развіцця Супольнасці.

Марыя Віткоўская нарадзілася ў былой Мінскай губерні ў Вардамічах 19 студзеня 1866 г. у шляхецкай сям’і, дзе была чацвёртым дзіцем Францішка і Ядвігі Віткоўскіх (потым сям’я пераехала ў Старое Сяло пад Мінскам).

Калі ёй было 20 гадоў, благаславёны Ганарат Казьміньскі натхніў яе на заснаванне ўкрытай законнай супольнасці Сясцёр Найсвяцейшага Імя Езус.

Сярод асобаў, пакліканых благаславёным Ганаратам для ўдзелу заснавання супольнасці, Марыя была самай маладой.

Успаміны асобаў, якія яе ведалі, яскрава сведчаць пра тое, што Марыя Віткоўская належыць да вялікіх шанавальнікаў Найсвяцейшай Эўхарыстыі ў ІІ палове ХІХ ст. і з’яўляецца для нас жывым сведчаннем сапраўднага перажывання культу Найсвяцейшай Эўхарыстыі ў асабістым рэлігійным жыцці і фармавання духоўнай харызмы ў арганізаванай ёю супольнасці.

Пасля яе смерці Слуга Божая Ружа Анеля Гадэцкая, заснавальніца супольнасці Малых Сясцёр Беззаганнага Сэрца Марыі, якая добра ведала Марыю Віткоўскую, сказала, што Марыя «згасла, як зніч, вычарпаная дарэшты дзеля любові Бога, скрытага ў Найсвяцейшым Сакрамэнце. Я ўпэўнена, што яна нядоўга затрымаецца ў чыстцы...».

Вернікі і сёстры, якія мелі магчымасць бліжэй ведаць Марыю Віткоўскую, глыбока перакананыя ў святасці яе жыцця і дзейснасці яе заступніцтва перад Богам. Жывое і глыбокае перакананне ў святасці Францішкі Марыі Віткоўскай стала падставаю таго, што 12 кастрычніка 1996 г. быў распачаты беатыфікацыйны працэс, які на дыяцэзіяльным узроўні завяршыўся 6 верасня 2001 г., а цяпер працягваецца ў Рыме.

(...) Любоў да Езуса Хрыста ў духоўным жыцці Слугі Божай Францішкі Марыі Віткоўскай асаблівым чынам праяўлялася ў пакланенні Найсвяцейшаму Сакрамэнту. Эўхарыстыя была для яе — як яна сама гэта акрэсліла — «найвышэйшым скарбам Касцёла» і «дарам па-над усемі дарамі». Таму ў «Літаніі да Маці Божай Успамогі Хрысціянаў», якую яна сама склала, Францішка Віткоўская прасіла Марыю аб дапамозе „ў нястомным ушанаванні і пакланенні Езусу, які жыве сярод нас“, і ў „гарачым набажэнстве да Таямніцы Алтара, каб яна была найвышэйшай мэтай нашых пакланенняў і любові без межаў“ і „каб мы ўзрасталі ва ўшанаванні і ўдзячнасці за гэты дар, вышэйшы за ўсе дары“».

У лісце да благаславёнага Ганарата Марыя Францішка Віткоўская напісала: «Мне б хацелася, каб гэтае Аблічча, утоенае ў Найсвяцейшым Сакрамэнце, было цэнтрам, вакол якога ўсё паварочваецца і да якога ўсё накіроўваецца». У запісах ад 1889 г. яна адзначыла, што «набажэнства да Таямніцы Алтара павінна пранізваць нас найглыбейшаю пашанаю, вялікім спакоем адорваць нашую душу і распальваць у ёй самую гарачую любоў да Езуса». Таму маці Францішка вырашыла «любіць Найсвяцейшы Сакрамэнт нязгасным полымем любові, штодня прасіць аб гэтым Езуса» і «наведваць Найсвяцейшы Сакрамэнт у духу найглыбейшай пашаны, даверу і сыноўняй боязі». «У лістах і розных запісах нашай маці, а таксама ва ўспамінах старэйшых сясцёр, якія больш часу прабывалі з ёю [...], як напісала Л. Х. Галэцка, у нас ёсць шмат доказаў таго, з якім запалам любові нашая маці ўшаноўвала Найсвяцейшы Сакрамэнт» (L. H. Gaіecka, Historia Zgromadzenia Siуstr Imienia Jezus).

Культ Эўхарыстыі ў рэлігійным жыцці Слугі Божай Францішкі Марыі Віткоўскай праяўляўся перадусім у разважанні рэальнай прысутнасці Хрыста ў эўхарыстычных постацях і ў частай адарацыі Найсвяцейшага Сакрамэнту.

Такім чынам, маці Францішка Марыя Віткоўская ўчыніла адарацыю асноўным і нязменным актам сваёй малітвы. Яна ведала: сярод розных пабожных практык адарацыя Езуса Сакрамэнтальнага з’яўляецца першай пасля святых сакрамэнтаў, што яна — паводле св. Альфонса Лігуоры — найбольш падабаецца Богу і найбольш карысная для нас. Адарацыя па-за святой Імшой дазваляе зачэрпнуць з самой крыніцы ласкаў і таму «мае бясцэнную вартасць у жыцці Касцёла» (пар. Ecclesia de Eucharistia).

Аднак тут неабходна падкрэсліць, што адарацыя ў духоўным жыцці Слугі Божай Францішкі Марыі Віткоўскай, удзел у святой Імшы і прыняцце святой Камуніі так часта, як гэта на той час было магчыма, з’яўляліся для яе невычэрпнай крыніцай ласкаў і рэлігійным перажываннем, якое нічым нельга было замяніць. Пра святую Камунію яна напісала так: «Сапраўды, хто [ўдзельнічае] ў такой гасціне, такую асалоду ў ёй зведвае, што лягчэй можа абысціся без усялякіх радасцяў гэтага свету».

Адарацыя Найсвяцейшага Сакрамэнту ў малітоўным жыцці Слугі Божай Францішкі мела выразна кантэмпляцыйны характар. Характэрнае гэтай адарацыі маўчанне дапамагала Слузе Божай глыбей пранікнуць у таямніцу веры і наладзіць бясслоўны кантакт з Богам. Акрамя пакланення ў яго глыбокім сэнсе, адарацыя была для яе падзякай, а перадусім перапрашэннем Бога за няўдзячнасць, абыякавасць, святатацтва і блюзнерства вельмі многіх хрысціянаў.

З глыбокай верай, вялікай пакорай і любоўю Слуга Божая аддавала пашану і пакланялася Езусу Эўхарыстычнаму, цэлымі гадзінамі кленчачы перад Найсвяцейшым Сакрамэнтам. (...)

Вялікую любоў да Найсвяцейшага Сакрамэнту Слуга Божая Францішка Марыя Віткоўская перадала Кангрэгацыі ў духоўнай харызме, асноўным элементам якой учыніла асаблівы культ Найсвяцейшай Эўхарыстыі. Парады і інструкцыі, якія датычаць гэтага культу, яна падала ў Статутах, малітоўных актах і ў Літаніі да Маці Божай Успамогі Хрысціянаў, якую склала сама, а таксама ў рэкамендацыях, што давала сёстрам і якія штодня пацвярджала ўласным прыкладам.

Леантына Галэцка піша ў «Гісторыі Кангрэгацыі Сясцёр Імя Езуса», што «Галоўнай энергіяй, якая давала жыццё гэтай арганізацыі, была вялікая любоў Пана Езуса ў сакрамэнтальнай утоенасці, пра што сведчыць наш дэвіз: „Дзеля большай хвалы Бога, утоенага ў Эўхарыстыі“, словы, якімі сёстры вітаюць адна адну: „Няхай будзе ўшанавана Найсвяцейшае Аблічча, утоенае ў Гостыі“, а таксама асноўная думка, якой з’яўляецца „ўшанаванне — праз кожны чын — Найсвяцейшага Аблічча, утоенага ў Эўхарыстыі“».

У першых Статутах адносна культу Найсвяцейшай Эўхарыстыі Слуга Божая Францішка напісала: «Няхай сёстры ўвесь запал сваёй любові перадусім скіруюць да Езуса ў Найсвяцейшым Сакрамэнце, няхай Найсвяцейшы Сакрамэнт і пакланенне Яму абяруць яны мэтай свайго існавання, жадаючы ахвярай жыцця, кожнай яго хвілінай і ўсялякім актам знешняга ўшанавання суцяшаць Езуса».

(...) Сярод актаў перапрашэння Слуга Божая змясціла для сясцёр такую параду: «Калі толькі зможаш, наведвай Найсвяцейшы Сакрамэнт: хаця б на хвіліну, на адну малітву „Вітай, Марыя...“, на адзін сардэчны паклон, на адну духоўную Камунію». Бо яна была ўпэўнена, што Эўхарыстыя з’яўляецца бясцэнным скарбам і што ў адарацыі можна больш дасканала сузіраць Аблічча Хрыста, прысутнага ў Найсвяцейшым Сакрамэнце, чэрпаць шчодрыя ласкі.

У духоўнай харызме Кангрэгацыі Слуга Божая Францішка Марыя Віткоўская ўчыніла культ Найсвяцейшага Сакрамэнту мэтай і сэнсам духоўнага жыцця сясцёр. У фармулёўцы малітоўных актаў яна вылучыла адарацыю Найсвяцейшага Аблічча, утоенага ў Эўхарыстыі. З пакланеннем Найсвяцейшаму Сакрамэнту яна непарыўна злучыла ідэю перапрашэння. «Перапрашальнае ўшанаванне Аблічча Пана Езуса ў Найсвяцейшым Сакрамэнце, паводле яе акрэслення, „павінна складаць галоўную частку“ духоўнай харызмы Кангрэгацыі, а ўсё жыццё манаскай супольнасці „павінна быць ім пранікнута“».

Таму сёстры, як яна напісала, «павінны нястомна адараваць Найсвяцейшае Аблічча, утоенае ў Эўхарыстыі, і духам углядвацца ў Яго, каб Яно адварочвала іх сэрцы ад свету, ачышчала іх душы і пакідала на іх свой адбітак».

Крыстына Трэля,
аўтар кнігі «За свабоду Касцёла»
пра Слугу Божую Ф. М. Віткоўскую