Там, дзе Бог не на першым месцы, дзе Яго не прызнаюць і не шануюць як найвышэйшае Дабро, там годнасць чалавека знаходзіцца ў небяспецы. Таму неадкладна трэба прывесці сённяшняга чалавека да «адкрыцця» сапраўднага аблічча Бога, які аб’явіўся нам у Езусе Хрысце. Пошукі Хрыста павінны быць пастаянным імкненнем хрысціянаў, моладзі і дарослых, вернікаў і іх пастыраў. Трэба заахвочваць да гэтых пошукаў, падтрымліваць іх і кіраваць імі.

Вера — гэта не толькі прывязанасць да збору догматаў, якія б згасілі прагу Бога ў сэрцы чалавека. Наадварот, яна пераносіць чалавека ў хадзе часу да Бога, пастаянна новага ў сваёй бясконцасці.

Таму хрысціянін — гэта той, хто шукае, і той, хто знаходзіць. Менавіта гэта спрыяе таму, што Касцёл застаецца маладым, адкрытым на будучыню, багатым на надзею для ўсяго чалавецтва.