Хоць і закончыўся год, прысвечаны Эўхарыстыі, рэдакцыя працягвае друкаваць матэрыялы на гэту важную тэму, бо Эўхарыстыя, як сказаў Слуга Божы Ян Павел ІІ, «з’яўляецца цэнтрам эклезіяльнага жыцця», бо «Касцёл жыве дзякуючы Эўхарыстыі».

«Сувязь Эўхарыстыі з Марыяй» — так называецца праца ксяндза Уладзіміра Русака, якую ён прапанаваў рэдакцыі. На старонках нашага часопіса мы змяшчаем яе фрагменты.

Рэд.

 
Для таго, каб глыбей зразумець эўхарыстычную таямніцу, неабходна яшчэ раз зірнуць на яе ў кантэксце зямнога жыцця Езуса і найбольш блізкіх Яму асобаў, а менавіта Яго Маці Марыі. Бо, калі лічыцца, што Хрыстус бачны ў жыцці святых, то тым больш Яго можна пазнаць у жыцці Той, якую Касцёл называе Найсвяцейшай. Гэтае Імя Марыі адлюстроўвае той факт, што каталіцкая супольнасць прызнае Яе найвыдатнейшым узорам веры, любові і дасканалага паяднання з Сынам. Гэта ў сваю чаргу дазваляе разважыць сувязі, якія існуюць паміж Марыяй і літургіяй, іншымі словамі — паразважаць над тым, што чыніць Марыю прыкладам эўхарыстычнай пабожнасці, у якой Касцёл ушаноўвае Хрыста і перажывае Яго таямніцу1.

Марыя была Першай Вучаніцай, але не была вучаніцай пасіўнай, бо прыняцце Божага слова Яна спалучала са сведчаннем пра яго2. Паколькі Марыя трывае побач з Хрыстом так блізка, як гэта магчыма, ніхто сярод стварэнняў не ведае Бога лепш за Яе і ніхто лепш за Яе не зможа ўвесці ў глыбіню Таямніцы Сына3. Багародзіца становіцца Настаўніцай пабожнасці, якая вучыць сучаснага чалавека, як са свайго жыцця ўчыніць пакланенне, належнае Богу4. Пакланенне Марыі істотна адрозніваецца ад культу пакланення Яе Сыну. Больш за тое, здаровы марыйны культ найбольш спрыяе культу Божых таямніцаў5.

Марыя, абраная Настаўніцай і Правадыркай у пазнаванні эўхарыстычнай таямніцы, дазваляе зірнуць на яе як на шматаспектную рэчаіснасць. Вялікая колькасць назваў, якія ўжываюцца для акрэслення гэтага сакрамэнту, указваюць на невычэрпнае багацце яго ўнутранай сутнасці6. Паспрабуем зірнуць на святую Імшу як на Таямніцу веры7, Ахвяру8 і Эўхарыстыю9 ў святле Марыі, якая верыць, «суахвяруе» і дзякуе. Зрабіць такі крок нам дазваляе акрэсленне эўхарыстычнай гасціны, якое даў Ян Павел ІІ у энцыкліцы «Ecclesia de Eucharistia». (...)

 
1. Эўхарыстычная таямніца веры ў святле веры Марыі

Святы Павел сцвярджае, што вера нараджаецца са слухання Божага слова і што без яе нельга сустрэцца з Богам (пар. Рым 10, 17).

Павел VI указвае на Марыю як на прыклад слухання гэтага слова, сцвярджаючы, што Яна — «Дзева, якая слухае» і з верай прымае пачутае ад Бога слова10. (...)

Яе слуханне не з’яўляецца звычайным чалавечым дзеяннем, бо яно пераходзіць у сузіранне. Менавіта дзякуючы гэтаму найглыбейшаму ўваходжанню ў сутнасць пачутых праўдаў Марыя з’яўляецца ўзорам веры. Перадусім Марыя становіцца для нас прыкладам сузірання Хрыста. (...)

Вера Марыі на многіх этапах Яе жыцця была вераю гераічнаю. Яе «пілігрымка веры» працягвалася ад Звеставання ажно да падножжа крыжа. Праз сваю веру Марыя прыпадабняецца да Абрагама, які паверыў насуперак надзеі. Яе характарызуюць паслухмянасць і поўнае падпарадкоўванне розуму і волі Богу, які аб’яўляе сябе (пар. Dei Verbum, 5). Такім чынам, праз боль, цярпенне і ахвяру ўласнага жыцця Марыя рэалізуе сваю місію. Праз такую веру Марыя ўваходзіць у таямніцу Хрыста і звязвае сябе з Ім назаўсёды. Таму Яна становіцца ўзорам нашай веры, а Яе шлях веры — нашым шляхам11. (...)

(...) Марыя нарадзіла Сына Бога Айца і стала як бы супрацьлеглым тыпам (антытыпам, антыподам) першай маці. Аднак Марыя паверыла не змею, але пасланніку Божаму і стала прыкладам для кожнага з сыноў Евы12. Таму ячшэ хрысціянская старажытная думка на чале са святым Ірэнэем сцвярджае: «Вузел, завязаны праз непаслухмянасць Евы, быў развязаны праз паслухмянасць Марыі; тое, што звязала праз нявернасць дзева Ева, тое Дзева Марыя развязала праз веру»13. Яе fiat стала прычынай месіянскай радасці ўсяго чалавецтва14 і ўчыніла Яе «самым дасканалым узорам веры»15. (...)

Уся веліч марыялогіі палягае на тым, каб звязваць з Марыяй усе нашыя асабістыя сілы, у тым ліку і пачуцці. Такая тэалогія запрашае шукаць у Марыі крыніцу мужнасці жыцця, аптымізму, духоўнай раўнавагі і хрысціянскай самарэалізацыі. Гэтую апору мы знаходзім у Марыі — узоры поўнага давярэння сябе Хрысту16. Ідучы Яе шляхам слухання і веры, можна лягчэй адкрыцца на глыбокае веданне Хрыста. (...) Для таго, каб пазнаць Таго, Хто пераўзыходзіць усялякія веды, і быць напоўненым усёю Поўняю Бога, неабходна, каб Ён пасяліўся ў нашых сэрцах праз веру17. Тут (...) на дапамогу прыходзіць Божая Маці. Бо Яна, як першая хрысціянка, сваім прыкладам вучыць нас таму, як цалкам даверыцца Богу18.

Ксёндз Уладзімір Русак

Працяг у нумары №3(131) 2006 >>>


  1. Пар. MC, 16.
  2. Пар. Cz. S. Bartnik. Dogmatyka katolicka. T. 2. Lublin 2003, s. 350.
  3. Пар. RVM, 14.
  4. Пар. MC, 21.
  5. Пар. KKK, 971.
  6. Пар. KKK, 1328.
  7. Пар. KKK, 2558.
  8. Пар. KKK, 1330.
  9. Пар. KKK, 1328.
  10. Пар. MC, 17.
  11. Пар. T. Lewandowski. Kaznodziejstwo maryjne 4:2000, s. 44.
  12. Пар. LG, 63.
  13. LG, 56.
  14. Пар. RVM, 20.
  15. LG, 53.
  16. Пар. Cz. S. Bartnik. Dogmatyka katolicka. T. 2. Lublin 2003, s. 298.
  17. Пар. RVM, 24.
  18. Пар. LG, 64, 65. Пар. таксама: S. J. Stasiak, R. Zawiła, A. Małachowski. ABC teologii dogmatycznej. Wrocław 1999, s. 232.