З энцыклiкі Святога Айца Яна Паўла II

«І знак вялізны паказаўся на небе:
Жанчына, апранутая ў сонца» (Ап 12, 1):
мацярынства Марыі і Касцёла.

103. Узаемасувязь паміж таямніцаю Касцёла і Марыяй выразна выяўляецца ў «вялізным знаку», апісаным у Апакаліпсісе: «І знак вялізны паказаўся на небе: Жанчына, апранутая ў сонца, і месяц пад нагамі ў Яе, і на галаве Яе вянок з дванаццаці зорак» (12, 1). У гэтым знаку Касцёл бачыць вобраз уласнае таямніцы: хоць заглыблены ў гісторыю, ён усведамляе, што пераўзыходзіць яе, бо з’яўляецца на зямлі «парасткам і пачаткам» Валадарства Нябеснага139. Поўнае і ўзорнае выкананне гэтай таямніцы Касцёл знаходзіць у Марыі. Гэта Яна — тая жанчына, поўная хвалы, у якой замысел Божы змог здзейсніцца найбольш дасканалым чынам.

«Жанчына, апранутая ў сонца» — чытаем у кнізе Апакаліпсіса — «была цяжарная» (пар. 12, 2). Касцёл цалкам усведамляе, што носіць у сабе Збавіцеля свету, Хрыста Пана, і што пакліканы, каб даваць Яго свету, адраджаючы людзей да Божага жыцця. Аднак ён не можа забываць, што гэта яго місія сталася магчымай дзякуючы мацярынству Марыі, якая зачала і нарадзіла на свет Таго, хто ёсць «Богам з Бога». «Богам сапраўдным ад Бога сапраўднага». Марыя сапраўды ёсць Маці Божай, Theotokos, мацярынства якой надае найвышэйшую годнасць пакліканню да мацярынства, наданага Богам жыццю кожнай жанчыны. Тым самым Марыя становіцца ўзорам для Касцёла, пакліканага быць «новай Евай», маці веруючых, «маці ўсіх жывых» (пар. Быц 3, 20).

Гэтае духоўнае мацярынства Касцёла не рэалізуецца іначай (і таксама гэта Касцёл усведамляе), як пасярод «болю і родавых пакутаў» (Ап 12, 2), гэта значыць у няспынным змаганні з сіламі зла, што надалей пранікаюць свет і ўздзейнічаюць на людскія сэрцы, бунтуючыся супраць Хрыста: «У Ім жыццё было, і жыццё было святлом для людзей. І святло ў цемры свеціць, і цемра не агарнула яго» (Ян 1, 4–5).

Падобна як Касцёл, Марыя павінна была перажываць сваё мацярынства пад знакам цярпення: «Вось Гэты прызначаны ёсць (...) на знак, якому працівіцца будуць, і Табе самой меч праніжа душу, каб выявіліся задумы многіх сэрцаў» (Лк 2, 34–35). У гэтых словах, з якімі Сімяон звярнуўся да Марыі на самым пачатку зямнога існавання Збавіцеля, дакладна выказана прадказанне адпрэчвання Хрыста, а разам з Ім і Марыі, якое дасягне кульмінацыі на Кальварыі. Стоячы «побач з Крыжам Езуса» (Ян 19, 25), Марыя ўдзельнічае ў ахвяры, якую Яе Сын складае з самога сябе: Яна ахвяруе нам Езуса, дае Яго, родзіць Яго канчаткова для нас. Яе «так», прамоўленае ў дзень Звеставання, цалкам выспявае ў дзень Крыжа, калі для Марыі надыходзіць час, калі Яна павінна прыняць і нарадзіць як сына кожнага чалавека, які стаўся вучнем, праліваючы на яго адкупленчую любоў Сына: «Езус жа, угледзеўшы Маці і стаяўшага побач з Ёю ўлюбёнага вучня, кажа Маці сваёй: «Жанчына, вось сын твой»» (Ян 19, 26).

 
«І змей стаў перад Жанчынаю,
што мелася нарадзіць, каб як народзіць,
зжэрці дзіця Яе» (Ап 12, 4):
жыццё, якому пагражаюць сілы зла.

104. У Кнізе Апакаліпсіса побач з «вялікім знакам» жанчыны (пар. 12, 1) з’яўляецца «іншы знак на небе»: «вялікі змей, як агонь, чырвоны» (12, 3), што сімвалізуе шатана, увасабленне магутнасці зла, а разам з тым і ўсе сілы зла, якія дзейнічаюць у гісторыі і супрацьстаяць місіі Касцёла.

Марыя і тут таксама асвячае супольнасць веруючых, бо варожасць магутнасці зла праяўляецца як настойлівае супраціўленне, якое перш чым закрануць вучняў Хрыста, абарочваецца супраць Яго Маці. Каб захаваць жыццё Сына ад тых, хто Яго баіцца, бо бачыць у Ім небяспеку і пагрозу для сябе, Марыя мусіць уцякаць з Юзафам і Дзіцем у Егіпет (пар. Мц 2, 13–15).

Такім чынам Марыя дапамагае Касцёлу ўсвядоміць, што жыццё заўсёды знаходзіцца ў цэнтры вялікага змагання паміж дабром і злом, паміж святлом і цемраю. «Нованароджанае дзіцятка» (пар. Ап 12, 4), якое змей хоча зжэрці, ёсць выяваю Хрыста, народжанага Марыяй, калі «надышла поўня часу» (пар. Гал 4, 4), якога Касцёл павінен няспынна несці людзям у розныя эпохі гісторыі. Але пэўным чынам гэтае дзіцятка ёсць выяваю і кожнага чалавека, кожнага дзіцяці, асабліва ж кожнай слабой істоты, бо (як нагадвае нам ІІ Ватыканскі Сабор) «Сын Божы праз сваё ўцелаўленне нібы злучыўся з кожным чалавекам»140. Менавіта ў «целе» кожнага чалавека Хрыстус пастаянна аб’яўляецца і наладжвае з намі лучнасць, і таму адпрэчванне жыцця чалавека, якое здзяйсняецца ў розных формах, па сутнасці з’яўляецца адпрэчваннем Хрыста. Менавіта такая гэта захапляльная і разам з тым патрабавальная праўда, якую аб’яўляе нам Хрыстус і якую нястомна абвяшчае Яго Касцёл: «Хто прымае адно гэтае дзіцятка ў імя Маё, той Мяне прымае» (Мц 18, 5), «тое, што вы зрабілі аднаму з гэтых найменшых братоў Маіх, вы Мне зрабілі» (Мц 25, 40).