У нядзелю 22 студзеня ўрачыстай святой Імшой, якую цэлебраваў у Сікстынскай капэле Дзяржаўны сакратар Ватыкана кардынал Анджэло Садано, распачалося святкаванне 500-годдзя Швейцарскай гвардыі. Паўтысячы гадоў таму ў Рым прыбылі першыя швейцарскія гвардзейцы, і з таго часу яны выконваюць ганаровы абавязак аховы Апостальскага палаца і Папы. Да сённяшняга дня Швейцарская гвардыя несла службу ў 42-х Пантыфікаў.

На Імшы маладыя гвардзейцы ў вядомых ва ўсім свеце сіне-жоўтых мікельанджэлаўскіх мундзірах размясціліся ў капэле з аднаго боку ад прахода, а іх сем’і — з другога. Камандзіры былі ў больш урачыстых бела-чырвоных каўнерах і белых пальчатках.

У гаміліі кардынал Садано нагадаў, што ў такі ж нядзельны дзень 1506 г. у Вечны горад прыбылі першыя 150 гвардзейцаў, каб ахоўваць Папу Юлія ІІ. «З іх пачаўся вялікі шэраг шчодрых і моцных маладых людзей, якія едуць сюды, каб ахоўваць Пасад святога Пятра», — дадаў кардынал. Пасля святой Імшы Святы Айцец Бэнэдыкт XVI благаславіў ганаровую варту, якая пастроілася на плошчы Святога Пятра.

Святкаванне юбілею будзе працягвацца да канца ліпеня. За гэты час у Ватыкане і ў Швейцарыі пройдзе шэраг памятных мерапрыемстваў, сярод якіх урачыстыя цырымоніі, канцэрты, выставы і г. д. Кульмінацыяй святкавання стане паўтор пешага маршу 150 гвардзейцаў, якія 7 красавіка вырушаць са Швейцарыі і накіруюцца ў Рым, дзе іх прыбыццё чакаецца 4 мая. Калі ўдзельнікі маршу ўступяць на плошчу Святога Пятра, з акна Апостальскага палаца іх прывітае і благаславіць Папа Бэнэдыкт XVI.

Глядзі таксама:
ПАПСКАЯ ВАРТА