Цёмна-сіне-жоўтыя мундзіры і шлемы з чырвоным плюмажам. Ніводнае войска не выглядае так забаўна, як Швейцарская гвардыя, у складзе якой усяго 100 чалавек і якая з ХVІ ст. ахоўвае бяспеку Наступніка св. Пятра.

Першыя згадкі пра швейцарскіх вайскоўцаў, якія выконвалі розныя функцыі ва ўладаннях Папы, паходзяць з ХІV ст. Афіцыйнай датай стварэння Швейцарскай гвардыі лічыцца 22 студзеня 1506 г. У гэты дзень група са 150 швейцарскіх вайскоўцаў пад камандаваннем капітана Каспарвона Сіленена з кантону Уры перайшла мяжу дзяржавы Ватыкан і атрымала благаслаўленне Папы Юлія ІІ, які і лічыцца заснавальнікам Швейцарскай гвардыі.

У гісторыі гвардыі ёсць дата, цесна звязаная з гісторыяй Касцёла, – 6 мая 1527 г. Гэты дзень, вядомы як Sacco di Roma, быў пазначаны геройскай смерцю 147 гвардзейцаў. Sacco di Roma як гістарычны факт азначае захоп і рабаванне Рыма ў 1527 г. наёмным нямецка-іспанскім войскам імператара Карла V падчас войнаў з Францыяй і яе італьянскімі саюзнікамі (у тым ліку і з папствам). Акупацыя Рыма доўжылася ад мая да верасня 1527 года і стала сімвалам заканчэння эпохі Адраджэння ў Рыме.

 
«Прысягаю служыць Папу...»

Цяпер 6 мая лічыцца сімвалам новага жыцця. Кожны год менавіта ў гэты дзень адбываецца ўрачыстасць, падчас якой рэкруты Швейцарскай гвардыі складаюць прысягу на вернасць Папу і яго наступнікам. Урачыстасць адбываецца ў ватыканскім дворыку св. Дамаса ў прысутнасці прадстаўнікоў Касцёла, палітычных і вайсковых дзеячаў, а таксама сем’яў і сяброў новых членаў Швейцарскай гвардыі. Тэкст прысягі зачытвае капелан гвардыі. Потым кожны з новых гвардзейцаў, пакліканы па імені, выходзіць з шарэнгі, бярэ леваю рукою сцяг Швейцарскай гвардыі, а правую ўзнімае, выпрастаўшы тры пальцы, якія сімвалізуюць Найсвяцейшую Тройцу, і, называючы сваё імя і прозвішча, пацвярджае словы капелана, гаворачы: «Прысягаю, што буду верна, паслухмяна і з гонарам выконваць усё тое, што было мне прачытана. Няхай мне дапаможа Бог і ўсе Яго святыя».

Швейцарскія гвардзейцы аддаюць асаблівую пашану св. Марціну, св. Себасцьяну і св. Мікалаю з Флю, якіх лічаць сваімі апекунамі.

 
Дзень гвардзейца

Кожны дзень прыкладна дзве трэція гвардзейцаў занятыя службаю на тэрыторыі Ватыкана. Іх служба набывае асаблівы характар, калі Папа выходзіць да людзей, цэлебруе св. Імшу ў базыліцы св. Пятра, падчас генеральных аўдыенцый, візітаў, нанесеных Папу кіраўнікамі іншых дзяржаў і прадстаўнікамі ўрадаў. Гвардзейцы таксама абавязаны наведваць шматлікія лекцыі, заняткі, дбаць пра фізічнае развіццё, прымаць удзел у вайсковай падрыхтоўцы, займацца рознымі відамі спорту (футболам, настольным тэнісам, самаабаронаю). Нават тады, калі гвардзеец заканчвае актыўную вайсковую службу, у яго ёсць магчымасць застацца ў цесным кантакце з сябрамі па службе. Для гвардзейцаў з рэзерва было створана «Таварыства экс-гвардзейцаў», якое выпускае для іх бюлетэнь «Экс-гвардзеец». Члены таварыства рэгулярна сустракаюцца на рэгіянальных або федэральных сходах.

Членам Швейцарскай гвардыі можа стаць толькі грамадзянін гэтай краіны рыма-каталіцкага веравызнання з бездакорнай характарыстыкай пасля заканчэння Ваеннай акадэміі. Кандыдат павінен мець не менш за 19 гадоў і не больш за 30, рост – 1м 74см, быць халастым, мець дыплом аб заканчэнні вышэйшай навучальнай установы або пасведчанне аб заканчэнні сярэдняй школы.

Ксёндз Эдвард Налепа
Пераклад І. Ламакі

Глядзі таксама:
ЮБІЛЕЙ ШВЕЙЦАРСКАЙ ГВАРДЫІ ВАТЫКАНА