1. Езус асуджаны на смерць.

Прысуды. Мы прызвычаіліся выносіць іх кожны дзень. Але ці маем адвагу вынесці справядлівы прысуд сабе? Прысуды. Кінутыя часам бяздумна некалькі словаў, якія здольны вырашыць лёс чалавека. Прысуды. Бескампрамісныя, цвёрдыя. Не так важна, ці мае віну той, каго асуджаем, бо часта мы робім гэта, каб знайсці прычыну СВАІМ упадкам, тлумачэнне СВАІМ няўдачам... «Не судзіце, і не будуць судзіць вас; не асуджайце, і не будуць асуджаць вас; прабачайце, і прабачаць вам. Давайце, і будзе дадзена вам: меру добрую, уціснутую, утрэсеную і з верхам адсыплюць вам у падол ваш. Бо якою мераю мераеце, такой і вам будзе адмерана» (Лк 6, 37-38).

 

 
  2. Езус бярэ крыж.

Мець адвагу панесці свой крыж і не згубіць здольнасці бачыць свет па-за яго цяжарам. Не заплюшчваць вочы, стомленыя ад уласных праблемаў, на праблемы іншых. Пачуць тых, хто крычыць у пустцы, знаходзячыся пасярод натоўпу. Прымаць тое, чаго не можаш змяніць, але не заставацца абыякавым да таго, што ПАТРАБУЕ зменаў. На ўзор Сына Чалавечага, які «не прыйшоў, каб Яму служылі, але каб служыць і аддаць сваё жыццё на адкупленне за многіх» (пар. Мц 20, 28).

 
3. Езус падае першы раз.

Жыццё іншага чалавека — амаль заўсёды загадка. Мы пражываем сваё, не маючы ніякага ўяўлення аб тых, хто ідзе з намі па вуліцы, аб тых, хто жыве за сцяною, аб тых, хто побач... Але і не маем ніякага жадання ведаць. Якая мне, зрэшты, справа да таго, чым жыве іншы чалавек, да чужых думак, мараў, жаданняў?.. Я ЗАНЯТЫ. Заняты будаваннем СЦЯНЫ. Сцяны вакол сябе. Сцяны, якую так цяжка часам прабіць, каб проста ўсміхнуцца, першаму працягнуць руку, сказаць: «Вітаю, я так рады бачыць цябе...».

 

 
  4. Езус сустракае сваю Маці.

«Як смерць, моцная любоў... Вялікія воды не могуць любоў патушыць, і рэкі яе не затопяць» (пар. Пп 8, 6–7). Яна мацнейшая за смерць, бо толькі яна смерць перамагае. Нішто не мае вартасці без любові. Найлепшыя намаганні ў попел ператворацца, калі па-за межамі любові ўчынены, а тое, што з любові выцякае, будзе трываць навекі... «Бог ёсць любоў, і хто жыве ў любові, той жыве ў Богу, і Бог у ім» (1 Ян 4, 16).

 
5. Сымон Кірынеец дапамагае Езусу несці крыж.

Страх... Ён, нібы цень, пераследуе; ён чапляецца, нібы плюшч, і не адпускае ад сябе, забіраючы па крупінцы душу і сэрца, розум і волю, ператвараючы жыццё ў пекла. У яго мільёны абліччаў. Страх няўпэўненасці, страх адчаю, страх быць адкінутым, страх быць непатрэбным, страх не зразумець і застацца незразуметым, страх болю, самоты, няведання, першага кроку. Страх нічога не зрабіць. Хто будзе прасіць, таму будзе дадзена: хто будзе стукацца, таму адчынена будзе. Калі Бог з табою, хто супраць цябе?

 

 
  6. Вераніка выцірае твар Езуса.

Часам даваць могуць тыя, хто не мае нічога. Часам дынар беднай удавы даражэй за ўсе багацці сусвету, а звычайны рух, каб выцерці хусцінай збалелы твар, варты самых маштабных дзеяў чалавецтва. Часам адна кропля крыві здольна адкупіць увесь свет. Не заўсёды, калі пераможаш, то выйграеш, але бывае так, што прайграўшы, перамагаеш. «Хто знайшоў жыццё сваё, страціць яго. А хто страціў жыццё сваё дзеля Мяне, знойдзе яго» (Мц 10, 39).

 
7. Езус падае другі раз.

Вольная воля — адзін з найвялікшых дароў, дадзеных чалавеку. Рабіць выбар — адна з найвялікшых праблемаў у жыцці. Лёгка выбраць паміж Дабром і Злом. Але як жа часта нам прыходзіцца рабіць зусім іншы выбар: паміж Дабром цяпер і Дабром потым, Дабром дзеля сябе і Дабром дзеля іншых, Дабром чакання і Дабром дзеяння... Божа, дапамажы нам у тыя хвіліны жыцця, калі стаім на скрыжаванні, зрабіць правільны выбар і накіраваць свой шлях па той дарозе, што Ты прызначыў нам. «А вузкая брама і вузкі шлях вядуць у жыццё, але няшмат тых, хто знаходзіць іх» (Мц 7, 14).

 

 
  8. Езус суцяшае ерузалемскіх жанчын.

Слёзы прыносяць адчай. Яны выпальваюць сэрца, і застаецца чорная пустка. Слёзы прыносяць смутак. Ахінаюць душу і засцілаюць вочы так, што губляецца здольнасць бачыць колеры, акрамя шэрага. Слёзы прыносяць суцяшэнне. Урадлівым дажджом падаюць на ссохлую зямлю, каб зноў пачала квітнець. Слёзы прыносяць ачышчэнне і супакой. Змываючы будзённасць, закарэласць, цемру душы, адчыняюць яе насустрач святлу.

 
9. Езус падае трэці раз.

Навошта патрэбна Зло? Каб маглі бачыць Дабро? Нашто існуе падман? Каб умелі вылучаць праўду? Нашто мы падаем? Каб, нягледзячы ні на што, падымацца? Здараецца так, што калі, здаецца, знаходзішся на вяршыні трыумфу, раптам знаходзіш сябе ў самым нізе, куды нават не дасягаюць сонечныя промні. Часам здаецца, што ты за крок ад доўгачаканай мэты — і раптам яна аддзеленая ад цябе тысячамі кіламетраў. Кажуць, што Бог выпрабоўвае найбольш тых, каго мацней любіць, і не пасылае больш за тое, што можаш вытрываць. «Ойча... не Мая воля, а Твая няхай станецца» (пар. Лк 22, 42). Я вытрываю ўсё і зноў падымуся.

 

 
  10. З Езуса здзіраюць адзенне.

        Ужо не трымае нішто на зямлі.
        Бездпаможнасць, адкрытасць,
        Безабароннасць, прынесены крыж...
        Хцівасць і прагнасць... І ЛІТАСЦЬ:
«Ойча, не ведаюць, што ўчыняюць»,
Хмары слязьмі пральюцца,
І на гары, дзе ахвяра сканае,
Цемра з Святлом сутыкнуцца.
        Няшчырасць, утоенасць, смех у журбе –
        Скрыта пад покрывам сэрца.
        Як адшукаць ў ім самога сябе,
        Застацца не тым, кім здаешся?
Гульні у хованкі, долу пагляд
Жыццё ў тэатр змяняюць.
Ціхія словы: «Ойча, прабач...
Бо не ведаюць, што ўчыняюць».

 
11. Укрыжаванне Езуса.

Мы самі зняволілі сябе. Шматлікімі цвікамі прыбілі сябе да матэрыяльных скарбаў, фальшывых цнотаў, неспаўняльных абяцанняў і дзівімся: чаму не можам варухнуцца? Часам больш хвалюе, як будзем выглядаць у вачах выпадковых людзей, чым тое, як пасля паглядзім у вочы Богу і свайму сумленню. Слухаем не ўласнае сэрца, а меркаванні, якія нам штоімгненна навязваюць уладныя асобы, сродкі масавай інфармацыі, ліслівае зняволенае грамадства. «Не збірайце сабе скарбаў на зямлі, дзе моль і ржа знішчаюць і дзе злодзеі ўзломліваюць і крадуць. Збірайце сабе скарбы ў небе, дзе ні моль, ні ржа не знішчаюць і дзе злодзеі не ўзломліваюць і не крадуць. Бо дзе скарб твой, там будзе і сэрца тваё» (Мц 6, 19-21).

 

 
  12. Езус памірае на крыжы.

Божа, я малюся Табе глыбінёю сваёй душы і празрыстымі вачыма. Я шукаю адказы ў водблісках сонца на хвалях і ў шэпце ветра ў лесе. Я малюся Табе сваёю цішай і радасным гучным спевам. Смуткам і надзеяй, жыццём і смерцю, кожным уздыхам, кожным рухам і крокам, кожным памкненнем і думкай, з болем, з адданасцю, з пакорай. Хваляваннем, супакоем, пільнасцю і няўважлівасцю, няўлоўным паглядам і цэлым Сусветам. Толькі так і магчыма маліцца да Цябе, бо Ты — БЯЗМЕЖНАСЦЬ.

 
13. Езуса здымаюць з крыжа.

ПРАБАЧЭННЕ часам такое цяжкае, так шмат патрабуе высілку. ПРАБАЧЭННЕ часам здаецца непатрэбным, бо гэта не мая праблема, мяне гэта не тычыцца. Я не крыўджуся, таму і не прабачаю. Але колькі ж вымагае прабачыць таму, на каго не трымаеш крыўды... Як моцна любіць Тваё сэрца, працятае болем, ЯК УМЕЕ ЯНО ПРАБАЧАЦЬ! «Апраніцеся ж як выбранцы Божыя, святыя і ўмілаваныя, у шчырую міласэрнасць, дабрыню, пакору, лагоднасць, доўгацярплівасць, церпячы адзін аднаго і прабачаючы адзін аднаму, калі хто на каго мае крыўду; як Пан прабачыў вам, так і вы!» (Клс 3, 12–13).

 

 
  14. Езуса кладуць у грабніцу.

Крыжовы Шлях. Шлях смерці, які вядзе да жыцця, шлях пакутаў, якія вядуць да збаўлення. Уцёкі ад яго мала што зменяць, барацьба супраць яго не прынясе ніякай карысці. Адрынуты, Крыж вяртаецца разам з пытаннем пра сэнс чалавечага жыцця, пра мэту яго шляху, пра апраўданне цярпення, пра моц любові. «Прыйдзіце да Мяне, усе спрацаваныя і абцяжараныя, і Я супакою вас. Вазьміце ярмо Маё на сябе і навучыцеся ад Мяне, бо Я лагодны і пакорны сэрцам; і знойдзеце супакой для душаў вашых; бо ярмо Маё прыемнае і цяжар Мой лёгкі» (Мц 11, 28–30).

Падрыхтавала Юля Шэдзько.

Стацыі Крыжовага шляху
з Падуанскай катэдры