З ксяндзом Віктарам Місевічам гутарыць
Ірына Жарнасек

— Ксёндз Віктар, вядома, што пост практыкуецца вернікамі розных рэлігій і інтэнцыі тых пастоў таксама розныя. Чым усё ж яны падобныя і адрозныя паміж сабой?

— Так, пасты практыкуюць не толькі хрысціяне, але будысты і мусульмане, юдэі і прадстаўнікі іншых рэлігій. Формы ж перажывання посту, вядома, розняцца. Напрыклад, габрэі ўвогуле не ядуць свініны, а для нас гэта забарона посту. Больш суровы за наш пост у праваслаўных, асабліва ў пэўныя перыяды. А падобныя пасты розных рэлігій і веравызнаняў тым, што асноўная іх мэта — дасканаленне духоўнага свету чалавека.

— З Евангелля мы ведаем, што Езус Хрыстус таксама пасціўся. А навошта быў пост Яму, бязгрэшнаму і дасканаламу?

— Нельга забываць, што Езус Хрыстус не толькі Бог, але і чалавек. І як чалавек Ён таксама стамляўся, таксама спаў, еў, ведаў усю поўню людскога жыцця, а потым і цярпеў на крыжы як чалавек. І калі Ён рос, сталеў, Яму таксама патрэбна было фармаванне характару, а потым, калі пайшоў служыць, Ён адгукаўся на людскую бяду, спачуваў ёй, перажываў яе, плакаў над смерцю сябра. Дзеля ўсяго гэтага патрэбна была загартоўка, зноў жа людскімі метадамі. Таму, калі Ён ішоў у пустэльню і там пасціўся ды маліўся на самоце, то Яму гэта было патрэбна дзеля падрыхтоўкі да служэння і да выпрабаванняў.

— Цяпер пяройдзем да нашага посту. Суровых выпрабаванняў на нашу долю нібыта не так багата выпадае, значыць, наш пост патрэбны дзеля…

— Дасканалення. Напрыклад, калі вучань альбо студэнт хоча дасягнуць поспехаў у вучобе, то ён проста вымушаны часта адмаўляцца ад нейкіх забаваў, прыемнасцяў, прагулянак, дыскатэкаў. Ён павінен эканоміць свой час. Калі спартсмен імкнецца дасягнуць поспехаў у спорце, ён не шкадуе часу на трэніроўкі, абмяжоўвае сябе ў пэўных стравах, сочыць за распарадкам свайго дня. Калі бацька хоча мець добрых дзяцей, ён не павінен шкадаваць часу на іх выхаванне і дзеля гэтага ён мусіць часам адмовіцца ад рыбалкі, кампаніі сяброў, тэлевізара. Так і з нашым постам. Калі мы хочам дамагчыся чагосьці высокага ў нашым жыцці, то мусім вучыцца праз пост перамагаць самыя розныя спакусы. Бо калі мы адракаемся ад чагосьці прыемнага, то тым самым і загартоўваем сваю волю.

— Значыць, мы посцім дзеля саміх сябе?

— Не толькі. Мы можам пасціць і дзеля іншых. Сам Езус казаў, што дзеля таго, каб выгнаць з кагосьці злых духаў, трэба быць самому моцным, і такому ўмацаванню спрыяе менавіта пост. Але пост можа быць таксама ахвяраваны Пану Богу дзеля Яго хвалы, як падзяка Яму за штосьці. Можна ахвяраваць пост у інтэнцыі нейкага чалавека альбо нейкіх падзей, якія адбываюцца ў грамадстве.

— Ксёндз Віктар, а цяпер дайце колькі чыста практычных святарскіх парадаў вернікам наконт самой арганізацыі посту.

— У Кананічным праве запісана, што ў пятніцу вернікі павінны ўстрымлівацца ад ужывання мяса. Сціслы пост наказаны ў Папяльцовую сераду і Вялікую Пятніцу. Трэба ведаць таксама, што ёсць абмежаванне ўзростам. Напрыклад, дзецям не абавязкова пасціць гэтак жа, як і дарослым. Не абавязаны захоўваць пост і людзі, старэйшыя за 60 гадоў, хворы чалавек таксама можа не абмяжоўваць сябе постам. Але найлепш у падобных сітуацыях параіцца з духоўным кіраўніком. Адно трэба цвёрда ведаць: няможна постам шкодзіць свайму здароўю. Гэта, што тычыцца яды. Многія адмаўляюцца ад ужывання алкаголю на працягу Вялікага посту і ахвяруюць гэта ўстрыманне за сваіх блізкіх, родных, за цвярозасць нашага народа. Вельмі гэта прыгожа і, дарэчы, значна дапамагае тым, хто мае сур’ёзныя праблемы з ужываннем алкаголю і не мае сілаў самастойна з імі справіцца. Многія адмаўляюцца ў посце глядзець забаўляльныя праграмы па тэлебачанні, а хтосьці адмаўляецца і ад прагляду серыялаў.

— Як ад сэрца адрывае?

— А што? Некаторым гэта яшчэ вунь як цяжка зрабіць. Памятаю, адзін мужчына скардзіўся мне, што жонка цалкам забараніла яму глядзець тэлевізар, а яму сумна без серыяла. Дык я хачу сказаць, што ў Кананічным праве ды ў Катэхізісе, вядома, нічога пра серыялы ці пра футбольныя матчы па тэлевізары не сказана. Кожны няхай сам вырашае. Думаю, што не варта з гэтага рабіць нейкую прынцыповую забарону ды яшчэ сварыцца ў сям’і, каму што глядзець. Дарэчы, бацькі часам залішне сурова могуць рабіць такія забароны для дзяцей. Сілком, забаронаю праблемаў не вырашыш. Трэба, каб чалавек сам адчуў, дарос, так бы мовіць, да больш сталых пастановаў ды адрачэнняў у імя чагосьці высакароднага. А калі пост заменіцца ў сварку ды крыўды — якая ад яго будзе карысць?

— Добра, а што рэкамендуецца рабіць у Вялікім посце?

— Больш маліцца, можа, больш увагі ўдзяліць сваім бліжнім, больш дасканала выконваць нейкую сваю працу. Асабліва трэба звярнуць увагу на чытанне рэлігійнай літаратуры. Можна пастанавіць штодня чытаць хоць невялікі ўрывак з Бібліі і разважаць над ім. Практыкі ў посце, як мы ўжо казалі, могуць быць самыя розныя і нават нечаканыя. Ну, скажам, той, хто любіць раніцой доўга паспаць, можа прыняць пастанову падымацца адразу пасля таго, як прачнецца. Можна пастанавіць прыходзіць у буднія дні хоць бы раз альбо два на тыдні на святую Імшу, альбо прыходзіць раней на Імшу, каб мець час адараваць Езуса ў Найсвяцейшым Сакрамэнце.

— А як быць тым, у каго ў посце дзень нараджэння? Адна мая сяброўка ўсё жыццё «пакутуе» ад гэтага. Альбо пастаянная наша праблема — 8 сакавіка… Праганяць мужчын з іхнімі кветкамі ды падарункамі?

— Ну, навошта ж праганяць… Зноў жа, гледзячы як адзначаць той дзень нараджэння альбо 8 сакавіка. Чаму б і не павіншаваць чалавека? А ці варта пры гэтым піць гарэлку — тут ужо прынцыповае пытанне. Ці абавязкова ісці ў рэстаран на забаву? А можа, сваёю ветлівай адмовай даць добры прыклад іншым? Можа, яны тады таксама б зразумелі, што ёсць на свеце такія важныя рэчы, як дадзенае Богу абяцанне?.. У Катэхізісе сказана ясна:«У перыяды пакаяння не ўдзельнічаць у забавах». Пост — перыяд пакаяння. Нельга пра гэта забывацца, падмяніўшы яго таннай спакусай — выпіўкай у кампаніі, няхай сабе і сяброўскай.

— Малітва, міласціна, пост – гэтыя чыны вызначаюць перыяд, у якім мы цяпер жывем. Як быць, ксёндз Віктар, усё ж з гэтай міласцінай? Адны кажуць, што нельга даваць яе тым, хто просіць, бо, маўляў, сучасныя жабракі — суцэльныя п’яніцы. Іншыя кажуць, што няма чаго галаву забіваць думкамі пра тое, куды чалавек падзене тое дабро, на што ўжыве тваю міласціну.

— Па-першае, міласціна — гэта не падачка беднаму чалавеку, але дар. І дар не з таго, што нам самім не патрэбна, што ў нас лішняе. Гэты дар яшчэ ўключае і трохі нашага часу, увагі да таго чалавека. Я, напрыклад, калі ў мяне просяць, купляю людзям хлеб, малако... Праўда, пару разоў даваў і грошы. Тут ужо як сэрца падкажа. Галоўнае ў такую хвіліну — не пабаяцца зазірнуць у чалавечую бяду, наблізіцца да яе.

— А цяпер скажыце, калі ласка, пра асаблівасць малітвы ў Вялікім посце.

— Ведаем, што ў Вялікім посце практыкуюцца дадатковыя набажэнствы: Крыжовы шлях, Песні жальбы, у якіх асаблівым чынам вернікі разважаюць над Мукаю Пана нашага Езуса Хрыста. Касцёл заахвочвае да ўдзелу ў гэтых набажэнствах і вельмі важна знайсці час для іх. Вядома, гэта зойме трохі дадатковага часу, але ж і шчодра акупіцца. Ну і, вядома, вернікі павінны рабіць асабістыя пастановы. Напрыклад, хтосьці вырашыць штодня маліцца таямніцу святога Ружанца.

— Так мала?

— Вядома, мала, але для некага і гэта значны высілак, і гэта крок наперад у духоўным жыцці. А хтосьці, можа, штодня будзе маліцца «Вяночак да Божай Міласэрнасці», нейкую літанію. Пост — час дасканалення чалавекам ягонага духоўнага свету. І таму ўсе пастановы, малітвы павінны быць скіраваны на тыя бакі духоўнага жыцця, якія найцяжэй вырашаюцца, на тую частку ўнутранага «я», у якой чалавек найслабейшы. Той, хто любіць піва, можа адмовіцца ад яго, хто шмат курыць, можа адмовіцца на перыяд Вялікага посту ад цыгарэтаў альбо хоць бы абмежаваць курэнне.

— А хто любіць цукеркі…

— Гэта таксама можа быць. Бо вядома ж, што тыя цукеркі не дадаюць нам здароўя. Альбо, напрыклад, кава…

— Як Вы ставіцеся да практыкі посту на хлебе і вадзе?

— Ведаеце, у семінарыі я сам спрабаваў практыкаваць гэта і, шчыра прызнаюся, не змог. Тут зноў жа: хтосьці можа і даўжэй абмяжоўваць сябе ў ядзе, а для кагосьці гэта значны цяжар. Тым больш што гэта можа шкодзіць здароўю. Але ўсё ж калі хто можа, то чаму б і не? Некаторыя мае сябры ды і выкладчыкі семінарыі пасцілі і посцяць вельмі сурова і ў пятніцу, і ў іншыя дні. Пост жа, да таго ж, яшчэ і з практычнага боку карысны.

— А ў рэкалекцыях верніку абавязкова ўдзельнічаць?

— Вядома. Рэкалекцыі часта дапамагаюць нам адкрыць у сабе штосьці такое, пра што мы, можа, нават і не здагадваліся. Рэкалекцыі — моцная падтрымка для нашага духоўнага жыцця. Толькі зноў жа: усе ведаюць, што ў часе рэкалекцый ёсць большая магчымасць паспавядацца, бо ў парафію запрашаюцца для гэтага святары з іншых парафій, і вернікі часта пачынаюць бачыць асноўную сваю задачу ў тым, каб як найхутчэй паспавядацца. Вядома, гэта важна, вельмі важна. Але, можа, не варта спяшацца адразу ж, пераступіўшы парог касцёла, станавіцца ў чаргу да канфесіяналу, а лепш паслухаць навучанне рэкалекцыяніста, падумаць, узважыць усё, яшчэ раз прыгадаць свой рахунак сумлення. Вядома, гатовых рэцэптаў тут быць не можа. Хтосьці, можа, так добра зрабіў рахунак сумлення, што засталося толькі і стаць у тую чаргу. Можа так быць. Але ўсё ж у веры трэба пазбягаць лёгкага, павярхоўнага, паспешлівага. І, вядома, ні ў якім разе нельга занадта марудзіць, адкладваючы споведзь на Вялікі тыдзень.

— Бо ён і без таго вялікі, насычаны.

— Менавіта. Кожнае дзеянне святара, кожнае слова, жэст у набажэнствах Вялікага тыдня маюць агромністы сэнс. Трэба пастарацца як мага паўней перажыць яго. Важна, вядома, якім будзе наш святочны стол на Вялікдзень, але ж наколькі важней, як перажывем мы Вялікі пост, Вялікі тыдзень. Не трэба збядняць свой духоўны свет залішняй мітуснёй. Трэба якраз спакойна, удумліва, крок за крокам набліжацца да дня Уваскрасення Хрыстовага. Дзеля таго, каб на ўсю моц перажыць яго. Словам, калі пастарацца добра перажыць Вялікі пост, то на Вялікдзень можна адчуць сябе ў Небе.

З ксяндзом Віктарам Місевічам
гутарыць Ірына Жарнасек