«Легіён Марыі! – якая шчаслівая назва!»
Папа Пій ХІ

Табою, Найсвяцейшая Дзева, мы маем бясспрэчнае сведчанне нашага ўваскрасення.

(св. Яфрэм Сірын)

Наследуючы Яе, ты не саб’ешся з дарогі,
прызываючы Яе, не спазнаеш адчаю,
думаючы пра Яе, не будзеш блукаць,
з Яе падтрымкай не ўпадзеш,
пад Яе абаронай не зведаеш страху,
пад Яе заступніцтвам не стомішся,
Яе ласкаю дасягнеш прыстані.

(св. Бэрнард Клервосскі)

 
Колькі нас?

З вялікай Божай ласкі Легіён Марыі на Беларусі расце і пашыраецца, і на сённяшні дзень мы маем ужо пяць Курый у гарадах: Мінску (там жа і Каміцыум*) «Маці Божай Будслаўскай», Баранавічах – «Каралевы Сем’яў», Маладзечне – «Маці Божай Анёльскай», Мазыры – «Маці Божай Юравічскай – Міласэрнасці», Віцебску – «Маці Божай Беззаганнага Зачацця». Гэтыя Курыі аб’ядноўваюць 39 груп, якія называюцца прэзідыумамі. У іх працуюць 323 актыўных легіянеры і 554 дапаможныя.

Трэба дадаць, што ў склад гэтых 39 прэзідыумаў уваходзяць 9 дзіцячых: «Беззаганнага Зачацця Марыі» (Мазыр), «Маці Божай Фацімскай» (Лельчыцы), «Каралевы Анёлаў» (Хойнікі), «Зорка Мора», «Анёлы Надзеі» і «Зорка Бэтлеемская» (Маладзечна), «Рыцары Марыі» (Вілейка), «Слугі Сэрца Марыі», (Мядзель), «Зоркі Марыі» (Смаргонь).

Мадэратарам Легіёна Марыі ў Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі і Пінскай дыяцэзіі з’яўляецца ксёндз Юзаф Дзеконьскі, прызначаны дэкрэтам Яго Эмінэнцыі кардынала Казіміра Свёнтка 30 лістапада 2003 года.

У сакавіку 2005 года старшынёю Каміцыума Легіёна Марыі была абрана Марыя Мартыненка, якая таксама з’яўляецца старшынёю Курыі «Маці Божай Анёльскай». З гэтай жа Курыі скарбнікам Каміцыума абрана Часлава Кшывіцкая, намеснікам старшыні – Марыя Ладыка, яна ж – старшыня прэзідыума «Маці Божай Міласэрнасці» пры мінскай архікатэдры. З гэтага ж прэзідыума сакратаром Каміцыума абрана легіянерка Леанарда Казлова.