Фрэнк Дафф нарадзіўся ў Дубліне (Ірландыя) 7 чэрвеня 1889 г. і быў старэйшым з сямі дзяцей у сям’і.

У 1913 г. ён уступіў у Таварыства Вінцэнта дэ Поля, дух якога аказаў на Фрэнка Даффа вялікі ўплыў. Як член Таварыства ён паступова прыйшоў да высновы, што трэба любіць бедных і нямоглых, у якіх, як і ў кожным, каго ён сустракаў, ён бачыў і шанаваў Хрыста.

У 1916 г. ва ўзросце 27 гадоў ён апублікаваў сваю першую брашуру «Ці можам мы быць святымі?», у якой ён выказаў адно з самых моцных перакананняў свайго жыцця, а менавіта, што ўсе людзі без выключэння пакліканыя быць святымі і што праз нашу каталіцкую веру ў нас ёсць усе сродкі, неабходныя для дасягнення гэтай мэты.

У 1917 г. Фрэнк Дафф вывучыў Трактат св. Людовіка Марыі дэ Манфора «Сапраўдная пашана Марыі», працу, якая цалкам змяніла яго жыццё.

7 верасня 1921 года Фрэнк Дафф заснаваў Легіён Марыі – апостальскую арганізацыю свецкіх для паслугі Касцёлу, якая ажыццяўляе сваю дзейнасць пад касцёльным кіраўніцтвам. Яе галоўныя мэты – духоўнае ўдасканаленне сваіх членаў і набліжэнне Валадарства Хрыста праз Панну Марыю.

Легіён, які працуе амаль у кожнай краіне свету, налічвае каля 3 млн. актыўных удзельнікаў і яшчэ больш дапаможных (якія моляцца).

У 1965 г. Папа Павел VI запрасіў Фрэнка Даффа прысутнічаць на Другім Ватыканскім Саборы ў якасці свецкага назіральніка, і гэта быў гонар, праз які Папа прызнаў і ўхваліў вялікую працу свецкага апостальства.

7 лістапада 1980 г. Фрэнк Дафф памёр і быў пахаваны на могілках Гласневін у Дубліне.

У ліпені 1996 г. справа аб яго кананізацыі была пададзена ў Ватыкан арцыбіскупам Дубліна д-рам Дэсмандам Коннелам.

  
Малітва аб далучэнні да ліку благаслаўлёных
Слугі Божага Фрэнка Даффа

 
Божа, наш Ойча,
Ты ўсяліў у свайго слугу Фрэнка Даффа глыбокае разуменне таямніцы Твайго Касцёла, Цела Хрыста і месца Марыі, Маці Езуса, у гэтай таямніцы.

У яго вялікім жаданні раздзяліць гэтае разуменне з іншымі і ў сыноўнім даверы Марыі ён сфармаваў Яе Легіён, каб быць знакам Яе Мацярынскай любові да свету і сродкам уключэння ўсіх Яе дзяцей у працу Касцёла па евангелізацыі.

Мы дзякуем Табе, Ойча, за ласкі, якімі Ты адарыў яго, і за дабрадзейнасці, атрыманыя Касцёлам дзякуючы яго адважнай і ззяючай веры.

З даверам мы молім Цябе, каб праз яго пасрэдніцтва Ты выканаў просьбу, з якою мы да Цябе звяртаемся...

Мы таксама просім, калі гэта будзе згодна з Тваёй воляй, каб святасць ягонага жыцця магла быць прызнана Касцёлам дзеля праслаўлення Твайго Імя.

Праз Хрыста, Пана нашага. Амэн.

Аб ласках, атрыманых дзякуючы пасрэдніцтву Фрэнка Даффа, належыць паведамляць на адрас:
Legion of Mary, De Montfort House,
Morning Star Avenue, Brunswick Street,
Dublin, 7, Ireland.