Кожная Курыя павінна перыядычна збіраць легіянераў свайго раёна, каб яны знаёміліся між сабою і ўмацоўвалі дух адзінства.

Адзін з асноўных урачыстых сходаў называецца «Acies». Праводзіцца ён штогод 25 сакавіка, у дзень Звеставання Найсвяцейшай Панне Марыі, альбо ў бліжэйшыя да гэтага свята дні.

«Acies» – лацінскае слова; так называлася войска ў баявым стане, і гэта назва добра падыходзіць да азначэння цырымоніі, падчас якой легіянеры збіраюцца разам і ўзнаўляюць прысягу на вернасць Дзеве Марыі, Каралевы Легіёна, каб атрымаць ад Яе сілу і благаславенне на далейшую барацьбу супраць моцы зла.

Падчас урачыстасці кожны легіянер падыходзіць да алтара і, паклаўшы руку на сцяг Легіёна, прамаўляе асабістае прысвячэнне: «Я ўвесь духам Твой, Каралева і Маці мая, і ўсё, што я маю, належыць Табе».