Сёння вельмі часта можна пачуць, што Афрыка ў духоўным плане апярэджвае і Еўропу, і Амерыку. Шчыра кажучы, у гэта не вельмі верылася, пакуль мы не пазнаёміліся з цёмнаскурым католікам з Нігерыі Валянцінам Эйрахонам. Ён прыйшоў на сход Легіёна Марыі ў мінскую архікатэдру. Высветлілася, што з 13 гадоў Валянцін з’яўляецца легіянерам Марыі, яго маці працуе ў Легіёне з юнацтва, і ўвогуле Легіёну Марыі ў Нігерыі ўжо 75 гадоў (у Беларусі гэта каталіцкая супольнасць мае ўсяго толькі 11-гадовую гісторыю).

Валянціну Эйрахону 23 гады. Ён прыехаў у снежні мінулага года ў Мінск на падрыхтоўчы факультэт медыцынскага інстытута. У Нігерыі ён скончыў сярэднюю школу, а пасля паступіў на аддзяленне філасофіі універсітэта, які мае правы семінарыі. Калі настаў час вызначыцца – вучыцца на святара ці абраць свецкую спецыяльнасць, Валянцін узяў акадэмічны адпачынак і прыехаў у Мінск, каб вывучаць рускую мову і асновы медыцыны. Як сам сказаў, у ім змагаюцца два лекары – лекар цела і лекар душы, і здаецца, што апошні ўсё ж бярэ верх. Хлопец з кожным днём упэўніваецца ў тым, што шлях святарства – менавіта яго шлях. Але ён марыць быць не проста ксяндзом, манахам, прычым абавязкова марыянінам, бо любоў да Марыі ён, напэўна, атрымаў з малаком маці.

Валянцін паходзіць з вельмі пабожнай каталіцкай сям’і, дзе ніводзін дзень не праходзіць без сумеснай малітвы на ружанцы. Да таго ж, з самага маленства яго жыццё суправаджае Легіён Марыі. Ужо ў малодшых класах да іх у школу прыходзіла законная сястра, якая расказвала пра гэтую апостальскую Марыйную супольнасць. І калі быў арганізаваны прэзідыум Легіёна Марыі, Валянціна абралі старшынёю.

Для нас абсалютна неверагодна тое, што ў Нігерыі, а менавіта ў сярэдняй школе, дзе вучыўся Валянцін, заняткі пачынаюцца святой Імшой. І гэта – як закон.

Ва універсітэце-семінарыі ён таксама быў легіянерам Марыі. Аказваецца Легіён Марыі ў краіне настолькі распаўсюджаны, што яго прэзідыумы існуюць нават у шпіталях і турмах.

Мы запыталі Валянціна пра колькасць вернікаў у касцёлах і былі прыемна здзіўлены яго адказам:

– Я жыву ў даволі буйным горадзе Беніне, – гаворыць ён. – У невялікіх касцёлах у нядзелю збіраецца ад 2 да 5 тысяч чалавек, у вялікіх касцёлах – да 10 тысяч. Бывае, што і ў буднія дні ў храм прыходзіць да 2 тысяч вернікаў. У нас няма такога, каб у нядзелю хрысціяне працавалі і не ішлі да святыні. Запаведзь «дзень святы святкаваць» выконваюць усе. Хрысціяне ідуць у свае святыні, мусульмане – у свае, будысты – у свае... Хрысціянаў у нас большасць.

Цікавіла нас і пытанне святарскіх пакліканняў. На гэта Валянцін сказаў, што ў галоўнай семінарыі іх краіны вучыцца больш за 2 тысячы клерыкаў. Гэта пры тым, што ў Еўропе многія семінарыі наогул пустыя.

Малады, сардэчны, вясёлы, Валянцін валодае здольнасцю перадаваць усім навокал любоў Марыі. І мы ўпэўнены, што гэта Яна, наша Нябесная Маці, прыслала свайго легіянера да нас. Трэба шчыра прызнацца, што не заўсёды нашыя твары свецяцца хрысціянскай радасцю, а сэрцы не заўсёды палаюць святой любоўю да сваіх бліжніх. І гэта не можа не трывожыць Маці Божую, якая сабрала легіянераў у школу Сваёй любові. Праз свайго здольнага вучня з Афрыкі Яна, напэўна, хоча навучыць нас нейкім рэчам.

Неяк пасля сходу прэзідыума Валянцін дастаў свой нацыянальны музычны інструмент – барабан і арганізаваў сапраўдны канцэрт на хвалу Бога і Божай Маці. Легіянеры шчыра яму падпявалі, а потым пад гукі «Аллелюя» і «Ave Maria» пусціліся ў скокі. Колькі было радасці і эмоцый! Маці Божая, напэўна, вельмі цешылася.

Ходзіць Валянцін з легіянерамі і на апостальскую працу ў шпіталі, каб расказаць хворым людзям пра любоў Хрыста. Многіх гэта здзіўляе і нават бянтэжыць, але яны заўсёды ўдзячныя хлопцу з Афрыкі, якому не абыякавы іх лёс і стан душы.

Прынцыпы і метады легіянерскай працы Валянціна ў нейкай ступені вельмі павучальныя для беларускіх легіянераў. Як кажуць, век жыві, век вучыся. У сваю чаргу Валянцін шчаслівы тым, што ў Беларусі не перарываецца яго легіянерская дзейнасць, наадварот, яна паглыбляецца, і ён набывае новы місіянерскі вопыт.

– Вы мне не проста сябры, але браты і сёстры, – сказаў нядаўна Валянцін. – І гэта ўсё дзякуючы Марыі. Адзін мой зямляк вучыцца ў Мінску ўжо 2 гады, але сяброў так і не знайшоў. А ў мяне праз месяц – цэлы Легіён сяброў. Дзякую за гэта Пану Богу і Матачцы Божай.

Легіянеры са свайго боку ўдзячны Провіду Божаму і Панне Марыі за свайго афрыканскага брата ў Хрысце.

Галіна Калевіч,
легіянер прэзідыума
Маці Божай Міласэрнасці, г. Мінск.