14 студзеня ў касцёле Маці Божай Фацімскай у Жодзіне адбыўся ІІ Рэспубліканскі кангрэс Легіёна Марыі. У ім прынялі ўдзел больш за 60 дэлегатаў гэтай супольнасці на чале з мадэратарам Легіёна Марыі ў Беларусі кс. Юзафам Дзеконьскім. У кангрэсе прыняў удзел таксама духоўны кіраўнік Курыі Легіёна Марыі ў Маладзечне кс. Раман Новак.

Прывітаць легіянераў прыехаў дапаможны біскуп Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Антоній Дзям’янка, які і цэлебраваў урачыстую святую Імшу. Падчас гаміліі біскуп адзначыў:

«Марыйная супольнасць – Легіён – вядомая ва ўсім Касцёле і вельмі патрэбная. Сведчыць пра Хрыста заўсёды было нялёгка, а тым больш у цяперашні час. Сучасны свет эканамічнага і тэхнічнага прагрэсу будуе сваё існаванне на матэрыяльных каштоўнасцях і задавальненнях, унікаючы ахвярнага служэння іншаму чалавеку. Таму так важна, што члены Легіёна Марыі прысвяцілі сваё жыццё служэнню Езусу Хрысту і распаўсюджанню Ягонай праўды. Мы павінны быць удзячныя Пану Богу за тое, што Ён выбраў нас, як і мытніка Мацвея (...), для апостальскай працы.

(...) Вельмі важна, каб легіянер працаваў у лучнасці са сваім духоўным кіраўніком, сваім пробашчам і дыяцэзіяльным біскупам. Легіянер перадусім – гэта пакорны і паслухмяны чалавек, гэта чалавек малітвы і ахвяры. Не зважаючы на час і сродкі, ён павінен ісці на дапамогу тым, хто ў патрэбе, тым, хто яшчэ не ведае Хрыста.

(...) Няхай жа Маці Божая, якая асаблівым чынам апякуецца вашай супольнасцю, дапамагае вам».

Пасля святой Імшы біскуп Антоній прыняў удзел у працы адной з секцый, дзе легіянеры дзяліліся сваімі сведчаннямі пра апостальскую дзейнасць.

Легіянеры Марыі вельмі ўдзячны Пану Богу, Маці Божай і сваім духоўным пастырам за магчымасць сабрацца разам, падзяліцца вопытам і духоўна ўзмацніцца. Няхай жа міласэрны Бог усіх адорыць патрэбнымі ласкамі, а Беззаганнае Сэрца Марыі ўрэшце затрыумфуе, як было прадказана Ёю ў далёкай Фаціме.

Галіна Горская