На першай святой Імшы ў гарадскім пасёлку Ветрына Полацкага раёна, якая была адслужана 5 гадоў таму ў невялікай хаціне адной каталічкі, было, здаецца, 7 чалавек. Не нашмат вырасла парафія і тады, калі пачалося будаўніцтва касцёла, дакладней, перабудова былой мясцовай кнігарні ў святыню. Касцёл носіць імя блаславёнага Юрыя Матулевіча, і ўжо адно гэта павінна заахвочваць да яго развіцця. Чаму? Ды таму, што біскуп Матулевіч у сваім жыцці не шукаў лёгкіх шляхоў і аддана служыў Богу ў надзвычай складаных, калі не сказаць, экстрэмальных варунках. Да настойлівага пошуку праўды, ахвярнасці ў Божай службе ён заклікаў таксама сваіх братоў марыянаў і ўсіх святароў Віленскай дыяцэзіі.

«Ці ж не трэба нам ісці туды, дзе б можна было як найболей учыніць дзеля Бога, як найболей уратаваць душаў, г.зн. туды, дзе найбольшая бязбожнасць, распуста, астыласць у веры, аддаленасць ад Касцёла? Ці ж не мусілі б мы імкнуцца пралезці й прабрацца паўсюль, дзе толькі можна ўчыніць што-небудзь дзеля Хрыста і Ягонага Касцёла?» – пісаў блаславёны Юры Матулевіч у сваім «Духовым дзённіку».

Ветрына, можна сказаць, ідэальны варыянт для такой службы. Касцёла тут раней не было. Калісьці былі уніяцкая ды праваслаўная цэрквы, а ў часы гарбачоўскай перабудовы аднавіўся праваслаўны прыход. І вось з’явілася рыма-каталіцкая парафія. Абедзве гэтыя хрысціянскія супольнасці невялікія, у працэнтных адносінах да агульнай колькасці насельніцтва, можна сказаць, мізэрныя. Ці здольныя яны паўплываць на агульны ўклад жыцця ў гэтым гарпасёлку, прывабіць жыхароў евангельскімі каштоўнасцямі, замяніўшы імі даволі панылае, патанулае ў п’янстве, небагатае на культурныя падзеі жыццё? Наўрад ці будуць гэтыя змены відавочныя, знешне прыкметныя, прынамсі, у бліжэйшы час. І ўсё ж, калі гэтыя жменькі хрысціянскіх супольнасцяў не адступяцца, не стомяцца ў сваёй малітве і даверы Богу ўсіх праблемаў, то вынік абавязкова будзе. Не можа не быць.

У ліпені 2004 г. у Ветрыне прайшло прыгожае, люднае свята кансэкрацыі касцёла, у якім удзельнічалі, было заўважна, не толькі вернікі. Але потым, заехаўшы аднойчы ў будні дзень сюды, давялося сустрэць пры расчыненых дзвярах не зусім цвярозых мужчын, якія паспешліва патлумачылі, што ў касцёле нікога няма. На заўвагу майго спадарожніка, што яны памыляюцца, бо ў кожным табэрнакулюме, пры якім гарыць чырвоны агеньчык, абавязкова ёсць прысутны Езус Хрыстус, нашы суразмоўнікі адно паблажліва заўсміхаліся. Здавалася, яны вось-вось пакруцяць пальцамі каля скроняў, назіраючы, як мы ўкленчылі перад табернакулюмам. Паводзіны гэтых людзей не выклікалі тады ў нас крыўды, бо мы зразумелі, што гэта ніякія не парафіяне, а проста рабочыя. Ну, што ж зробіш, калі сучасныя касцёлы часта будуюць людзі, далёкія ад веры. Не на адной такой будпляцоўцы мне распавядалі святары, як даводзіцца змагацца з будаўнікамі, патрабуючы, каб яны не курылі ў памяшканні будучага касцёла, не лаяліся брыдкімі словамі, што складаюць штодзённы іхні лексікон. Праўда, ёсць выпадкі, калі нейкі рабочы, папрацаваўшы на такой будоўлі ды сустрэўшыся з нязвыклымі патрабаваннямі, неўпрыкмет і сам становіцца парафіянінам. Рэдка, але здараецца.

Ветрынская парафія за гэты час прыкметна вырасла, пасталела, а сам будынак касцёла ды прыгожы, з густам спланаваны касцельны пляц сталі самым прывабным месцам у гарпасёлку.

Калі едзеш праз Ветрына з Глыбокага на Полацк, то якраз у цэнтры пасёлка, справа, пры самай дарозе стаіць помнік Леніну: правадыр, ускінуўшы руку, нібы галасуе спадарожным машынам, просіць падвезці. Праз некалькі метраў, з левага боку, – бялюткі невысокі касцёл, франтон якога завяршае фігура Хрыста з раскінутымі ў зычлівым жэсце рукамі. Ён запрашае, кліча да сябе. Праўда, няшмат пакуль што ахвотных, хто на той запрашальны жэст ідзе ў храм, але неаднойчы адчувала я цеплыню ў душы, калі ўвечары бачыла раптам святло ў касцельных вокнах. Пачуццё гэтае – не што іншае як удзячнасць Пану Богу за Ягоную прысутнасць у гэтым месцы, сярод гэтага зняверанага, почасту такога абыякавага, зачарсцвелага люду.

27 студзеня, у дзень блаславёнага Юрыя Матулевіча, тут было прыгожае парафіяльнае свята. На яго прыехалі святары і вернікі з суседніх парафій. Свята атрымалася па-матулевічаўску змястоўным. Здаецца, засталіся задаволеныя ім і пробашч Віктар Місевіч, і госці, і парафіяне. Няхай жа блаславёны Юры Матулевіч настойліва, як ён рабіў усё пры зямным жыцці, апякуецца гэтай парафіяльнай супольнасцю.

...Заўсёды, калі бываю ў ветрынскім касцёле, ува мне гучыць верш, напісаны мною раней, яшчэ тады, калі касцёла тут не было. Ды чамусьці мяне не пакідае адчуванне, што я напісала яго ў свой час нібыта пра гэты гарпасёлак, гэты касцёл і людзей, якія тут жывуць.

ЧАКАННЕ

Сярод густых кашлатых елак –
cвятло з высокага й малога
вакенца
самотнае святыні.

Тут правіцца Імша…

Святар у доўгім паліто,
што з-пад арнату выглядае,
з дрыготкімі й чырвонымі
ад холаду рукамі
і з голасам прастуджаным, глухім.
Яшчэ народ:
бабулькі тры, што ў доўгую дарогу
даўно сабралі рэчы,
ды й маладзіца, якой учора
прысніўся раптам страшны сон...

Сцюдзёны й цёмны,
даўно спусціўся вечар
на гэтую зямлю,
і ў хатах людзі,
павячэраўшы,
збіраюцца да сну.
Звычайна ўсё.
Як і учора, сёння й заўтра,
якое, пэўна ж, прыйдзе
шэрым ранкам лістапада,
пакліча іх усіх да працы,
каб, сцершы новы дзень,
зноў прычакаць змяркання
ды вечара глыбокага,
начы...

І ў змроку гэтым –
шэрым і звычайным –
сярод кашлатых елак,
у старой святыні
Імша заўсёды будзе!
Бо не адступіцца святар,
якога сцюжа з холадам даймаюць.
Хаця б дзеля таго, каб хтосьці з іх,
аднойчы зблытаўшы
расклад быцця свайго,
пераступіў парог святыні
ды… скалануўшыся нутром,
сагнуў свае нягнуткія калені…
І зразумеў,
што дзеля гэтае хвіліны
ён жыў.

Ірына Жарнасек