У памяшканні аддзялення «Карытас» Віцебскай дыяцэзіі адбылася чарговая сустрэча маладых католікаў з равеснікамі, якія спрабуюць сябе ў творчасці, – мастакамі, літаратарамі, спевакамі. Сустрэча была прымеркаваная да дня шанавання абраза Маці Божай Вастрабрамскай і сабрала ва ўтульнай зале моладзь розных канфесій і мастацкіх густаў, якую яднаюць творчы пошук і прыхільнасць да хрысціянскіх каштоўнасцяў.

Першай выступіла перад прысутнымі з творчаю справаздачаю сябра Саюза мастакоў Беларусі Святлана Баранкоўская. Яна – майстар габелену і гэтым разам паказала ўдзельнікам сустрэчы сваю працу «Маці Божая Вастрабрамская». Паводле слоў мастачкі, на стварэнне гэтага твора яе натхнілі вобразы Уладзіміра Караткевіча. Затым узялі слова спевакі Глеб Гарадзецкі і Антон Лукашэнка. З серыяй уласных жывапісных і графічных працаў пазнаёмілі ўдзельнікаў сустрэчы студэнты ІІ курса аддзялення тэалогіі Віцебскага дзяржуніверсітэта Юлія Каламійцава, Юлія Гайко і Аляксандр Мішчанка. Пасля іх эстафету падхапілі літаратары Ганна Навасельцава і Дзмітрый Яцук, якія ўжо друкавалі ў рэспубліканскіх перыядычных выданнях свае вершы і прозу. Дзмітрый распавёў пра асаблівасці мастацкага перакладу з іншых моваў, прачытаў ва ўласным перакладзе на беларускую мову вершы Ё. фон Айхендорфа, а Ганна прачытала ўрывак са свайго празаічнага твора і пераклады П. Верлена.

Студэнты аддзялення тэалогіі на чале з выкладчыцай Жаннай Гарніш паказалі прысутным цікавую інсцэніроўку на тэму ролі веры і асобы святара ў засцярозе ад такіх кепскіх звычак, як ужыванне наркотыкаў, алкаголю.

З прывітальным словам да ўдзельнікаў сустрэчы звярнуўся ардынарый Віцебскай дыяцэзіі Уладзіслаў Блін. Ён адзначыў важнасць такіх спатканняў у справе павышэння духоўнасці грамадства, пашырэння ідэяў гуманізму сярод самых розных катэгорый насельніцтва, пажадаў юным талентам новых творчых поспехаў. У сустрэчы бралі ўдзел прадстаўнікі дыяцэзіяльнай курыі, у якасці вядучай выступіла Таццяна Дарафеева.

Францішак Дубраўскі