Папяльцовая серада — 1 сакавіка 2006 г.

Чытанні: Ёэл 2, 12–18;
Пс 51 (50); 2 Кар 5, 20–6, 2.

Евангелле (Мц 6, 1–6. 16–18):

Езус сказаў сваім вучням: Глядзіце, не чыніце справядлівасці вашай перад людзьмі, каб яны бачылі. Інакш не атрымаеце ўзнагароды ад Айца вашага, які ў нябёсах. Калі даеш міласціну, не трубі перад сабою, як робяць крывадушнікі ў сінагогах і на вуліцах, каб людзі хвалілі іх. Сапраўды кажу вам: яны атрымліваюць сваю ўзнагароду. Калі даеш міласціну, няхай не ведае твая левая рука, што робіць правіца твая, каб міласціна твая была патаемнай. І Айцец твой, які бачыць патаемнае, аддасць табе. І калі молішся, не будзь, як крывадушнікі. Бо яны любяць маліцца, стоячы ў сінагогах і на рагах вуліц, каб паказацца перад людзьмі. Сапраўды кажу вам: яны атрымліваюць сваю ўзнагароду. Ты ж, калі молішся, увайдзі ў пакой свой і, зачыніўшы дзверы свае, маліся да Айца твайго, які ў таемнасці. І Айцец твой, які бачыць патаемнае, аддасць табе. Калі посціце, не будзьце панурымі, як крывадушнікі. Бо яны закрываюць свае твары, каб людзі бачылі, што яны посцяць. Сапраўды кажу вам: яны атрымліваюць сваю ўзнагароду. А ты, калі посціш, намасці галаву сваю і абмый твар свой, каб паказаць, што посціш, не перад людзьмі, але перад Айцом тваім, які ў таемнасці. І Айцец твой, які бачыць патаемнае, аддасць табе.

Гэтая серада не зусім звычайная. Яна называецца Папяльцовай, таму што ў гэты дзень у касцёлах адбываецца абрад пасыпання галоваў попелам. Папяльцовай серадою распачынаецца перыяд Вялікага посту — час навяртання сэрцаў і пакаяння. Гэта — заклік да святасці, які патрабуе таго, каб мы дакладна прааналізавалі сваё жыццё, прыгледзеліся да свайго духоўнага стану. Такім чынам, уводзячы нас глыбей у саміх сябе, Вялікі пост вядзе нас да Бога. Ад нас не патрабуецца нейкіх неверагодных ахвяраў: мы толькі павінны сваімі ўчынкамі пацвердзіць любоў да Бога, ачысціць яе і ўмацаваць. Замест таго, каб казаць «я хачу навярнуцца», лепш уважліва ўглядацца ў Езуса і слухаць Яго, а Ён сам абудзіць у нас такую вялікую патрэбу стаць лепшымі, што ў нашых сэрцах узнікне непераадольнае жаданне атрымаць ласку навяртання. Езус ведае, што адны толькі словы нас не пераканаюць. Таму Ён паўстае перад намі з крыжам на плячах, з цярнёваю каронаю на галаве, увесь пакрыты крывавымі ранамі і як бы кажа кожнаму з нас: «Паглядзі, вось што ўчыніў твой грэх; вось цана, якую Я мушу заплаціць за твае праступкі; вось кроў, якая ўсклікае да неба, просячы міласэрнасці для цябе, калі ты пажадаеш затрымацца каля Мяне, як Вераніка, як Сымон Кірынеец, як галосячыя ерузалемскія жанчыны…». Таму ў Вялікі пост мы разважаем пра Муку Пана ў набажэнствах Песняў жальбы і Крыжовага шляху, удзельнічаем у рэкалекцыях, каб нашыя сэрцы сталі хоць крыху мякчэйшымі, каб у нашым сумленні з’явілася хоць крыху скрухі, каб перад абліччам Мукі Пана, якую Ён дабравольна церпіць за нашыя грахі, хоць трохі змянілася нашае жыццё. У якасці сродкаў для нашага навяртання Езус дае нам тры справы пакаяння: пост, малітву і міласціну — учынкі міласэрнасці. У сённяшнім Евангеллі Езус тлумачыць нам, як мы павінны гэта выконваць, і звяртае нашую ўвагу на дзве найбольш важныя рэчы. Першае — гэта чыстасць нашых намераў ва ўсім, што мы робім. Настаўнік з Назарэту асуджае паказную пабожнасць. Ён кажа, што жаданне спадабацца людзям і атрымаць ад іх узнагароду — гэта адмаўленне ад узнагароды, якую дае Нябесны Айцец. Учынкі міласэрнасці, здзейсненыя напаказ, чагосьці вартыя толькі ў вачах людзей, а Бог ацэньвае нашыя ўчынкі, гледзячы ў нашае сэрца. Па-другое, Езус як быццам вельмі далікатна пытаецца ў кожнага з нас: «А ці ты наогул даеш міласціну?», што азначае: ці дзелішся з іншымі, ці будзеш дзяліцца падчас посту? Ці молішся ты? Ці ў час Вялікага посту знойдзеш больш часу для малітвы, для асабістай сустрэчы з Хрыстом, для глыбока аналізу свайго жыцця? Нарэшце, ці згодзішся ты на жыццё больш аскетычнае, на абмежаванне сябе ў чым-небудзь, няхай сабе і ў дробных рэчах, каб выйсці з духоўнай спячкі і пачаць дзяліцца з іншымі?

 
І нядзеля Вялікага посту — 5 сакавіка 2006 г.

Чытанні: Быц 9, 8–15;
Пс 25 (24); 1 П 3, 18–22.

Евангелле (Мк 1, 12–15):

Дух вывеў Езуса ў пустыню. І быў Ён у пустыні сорак дзён, дзе Яго выпрабоўваў сатана; і быў са звярамі, і Анёлы служылі Яму. Пасля ж таго, як выдалі Яна, прыйшоў Езус у Галілею, прапаведуючы Евангелле Божае і кажучы, што настаў час і наблізілася Валадарства Божае: кайцеся і верце ў Евангелле.

Як калісьці ізраэльскі народ выйшаў у пустыню і вандраваў па ёй сорак гадоў, пакуль не ўвайшоў у Зямлю абяцаную, так цяпер Езус перад пачаткам свайго публічнага служэння на працягу сарака дзён знаходзіцца ў пустыні. Рыхтавацца да вялікіх справаў неабходна на самоце, у цішыні, у спакоі і аскезе. Святы Марк вельмі сцісла распавядае пра гэтую падзею: Дух вядзе Езуса ў пустыню, шатан Яго спакушае, а Анёлы служаць Яму сярод палагаднелых дзікіх звяроў. Сённяшняе Евангелле нагадвае нам, што жыццё чалавека на зямлі — гэта заўсёды змаганне са спакусамі, гэта заўсёды высілкі навяртання. Яно нагадвае нам, што, акрамя добрых духаў, якія скіроўваюць нашае сэрца да Бога, існуюць таксама і злыя духі, якія любымі сродкамі імкнуцца аддаліць нас ад Яго. Езус, які сам сутыкнуўся са спакусамі, прыйшоў не для таго, каб вызваліць нас ад гэтай барацьбы. Ён прыйшоў, каб мы «мелі жыццё ўдосталь» (пар. Ян 10, 10), а значыць, змагаліся з пыхаю, з дробязнымі клопатамі, з сексуальнай неўпарадкаванасцю. Гэтая барацьба скончыцца толькі тады, калі мы перастанем дыхаць. Усведамляючы неабходнасць гэтага змагання, мы, аднак, можам запытацца, чаму ж мы так часта церпім паражэнні? У чым нашыя памылкі? Ці мы сапраўды настолькі слабыя і баязлівыя?.. Напэўна, мы проста не ўмеем добра слухаць. Езус сказаў: «кайцеся і верце ў Евангелле». Калі мы прымаем гэтыя словы Езуса толькі напалову, то ўсё надарэмна: мы будзем і далей жыць марамі пра навяртанне, але больш нічога так і не адбудзецца. Таму нам патрэбная яшчэ і вера. Вера ў тое, што Валадарства Божае блізка — рукою падаць, і што Евангелле — гэта сапраўды Добрая Навіна, якая абвяшчае, што ўвесь свет можа быць збаўлены Езусам Хрыстом. Кім бы ты ні быў, якім бы ні было тваё становішча — ты можаш быць збаўленым! Гэтае збаўленне падараванае табе самім Богам. З вераю мы можам распачаць працу над сабою. Цуд у тым, што мы не павінны цяпер змагацца адны і што перамога будзе за намі, таму што з намі Той, хто сваёй смерцю і ўваскрасеннем перамог сатану. Таму выйдзем сёння ў пустыню Вялікага посту, на сорак дзён цішыні, аскезы і барацьбы з нашымі слабасцямі.

 
ІІ нядзеля Вялікага посту — 12 сакавіка 2006 г.

Чытанні: Быц 22, 1–2. 9а. 10–13. 15–18;
Пс 116В (115); Рым 8, 31b–34.

Евангелле (Мк 9, 2–10):

Езус узяў Пятра, Якуба і Яна і павёў на высокую гару асобна іх адных. І перамяніўся перад імі. Адзенне Ягонае сталася бліскучым і вельмі белым, як ніводзін валюшнік на зямлі не можа выбеліць. І аб’явіўся ім Ілля з Майсеем, і гутарылі з Езусам. І на гэта Пётр сказаў Езусу: Раббі, добра нам тут быць, таму зробім тры шатры: адзін Табе, адзін Майсею і адзін Іллі. Бо не ведаў, што сказаць, таму што яны спалохаліся. І з’явілася воблака, якое закрыла іх, і з воблака пачуўся голас: Гэта Сын Мой умілаваны, Яго слухайце. І адразу, калі яны агледзеліся навокал, ужо нікога не ўбачылі, апроч аднаго Езуса. Калі сыходзілі яны з гары, загадаў ім нікому не казаць, што яны бачылі, пакуль Сын Чалавечы не ўваскрэсне з мёртвых. І захавалі наказ, разважаючы між сабою, што значыць «уваскрэснуць».

На працягу ўсяго свайго зямнога служэння Езус толькі аднойчы такім чынам аб’яўляе сваю Боскую хвалу. Ён узыходзіць на гару і там у прысутнасці трох найбліжэйшых вучняў дае ўбачыць сваё Боства. Майсей і Ілля, якія размаўляюць з Езусам, увасабляюць Закон і Прарокаў, чые прадказанні Езус спаўняе. Аднак самае важнае ў апісанні перамянення — гэта голас з аблокаў, Божае сведчанне пра тое, што Езус — Бог, а таксама наказ прыняць і рэалізаваць у жыцці Яго вучэнне. Да канца зразумець сэнс таго, што яны бачылі, апосталы змаглі толькі пасля ўваскрасення Хрыста. Словы Бога — гэта найбольш годнае даверу сведчанне таго, што Езус — Сын Божы і што кожнае Яго слова паказвае людзям шлях да збаўлення. «Добра, — скажа хтосьці, — апосталы жылі разам з Езусам, бачылі Яго, слухалі Яго словы. Ім было нашмат прасцей. А што мы? Мы Яго не бачым, Ён з намі не размаўляе. Як жа нам з Ім ісці?» Здавалася б, такое меркаванне немагчыма аспрэчыць. Зямное жыццё Езуса сапраўды завяршылася, і Ён узышоў да Айца. Але Ён не пакінуў нас адных. Ён застаўся з намі назаўсёды ў Эўхарыстыі. Пра Яго пастаянную прысутнасць у Найсвяцейшым Сакрамэнце нам нагадвае святло нязгаснага агеньчыка, што заўсёды гарыць каля табэрнакулюма. Яго святло, як святло маяка, вядзе нас да Езуса, скіроўвае да Яго нашыя вочы і нашыя думкі, запрашае нас на хвіліну зайсці ў святыню, каб там адарвацца ад штодзённасці і ўзысці на сваю гару перамянення. Кожны раз, праходзячы каля касцёла, пастарайся зайсці хоць на хвілінку на сустрэчу з Езусам. Распавядзі Яму пра твае радасці і смутак. Ён заўсёды чакае цябе і заўсёды знойдзе для цябе час. Езус таксама заўсёды нам штосьці гаворыць. Яго слова жывое і дзейснае. Гэтае слова гучыць у Святым Пісанні. Кожны раз, калі мы бярэм у рукі Біблію, павінны ўсведамляць, што гэта сам Бог з намі размаўляе, што, хоць змяняюцца часы, Яго слова застаецца нязменным. Слова Божае павінна фармаваць нашае жыццё. І хоць часта мы яго не разумеем, аднак павінны, як Марыя, захоўваць яго ў сваім сэрцы, разважаць над ім і пытацца: «Пане, што Ты хочаш мне сказаць?». Трываючы ў малітве і кіруючыся ў сваім жыцці Божым Словам, мы можам быць упэўненыя, што ідзем шляхам збаўлення.

 
ІІІ нядзеля Вялікага посту — 19 сакавіка 2006 г.

Чытанні: Зых 20, 1–17;
Пс 19 (18); 1 Кар 1, 22–25.

Евангелле (Ян 2, 13–25):

Набліжалася юдэйская Пасха, і Езус прыйшоў у Ерузалем. І знайшоў у святыні тых, хто прадаваў валоў, авечак і галубоў, і мянялы сядзелі там. І зрабіў бізун з вяровак і павыганяў усіх са святыні, а таксама авечак і валоў, грошы мянялаў парассыпаў, а сталы папераварочваў. А прадаўцам галубоў сказаў: Забярыце гэта адсюль і не рабіце дому Айца Майго домам гандлю. І прыгадалі вучні Ягоныя, што напісана: Клопат аб доме Тваім з’ядае Мяне. На гэта юдэі сказалі Яму ў адказ: Які знак пакажаш нам, што можаш гэтак рабіць? Езус сказаў ім у адказ: Зруйнуйце святыню гэтую, і Я за тры дні ўзнясу яе. І сказалі юдэі: Гэтая святыня будавалася сорак шэсць гадоў, а Ты ўзнясеш яе за тры дні? Казаў жа Ён пра святыню цела свайго. І калі Ён уваскрос з мёртвых, то вучні Ягоныя ўспомнілі, што Ён казаў гэта, і паверылі Пісанню і слову, якое казаў Езус. І калі Ён быў у Ерузалеме на свяце Пасхі, многія, убачыўшы ўчыненыя Ім цуды, паверылі ў імя Ягонае. Але сам Езус не давяраўся ім, бо сам ведаў усіх і не меў патрэбы, каб хто сведчыў пра чалавека, бо сам ведаў, што было ў чалавеку.

Калі б у часы Езуса Хрыста існавалі тэлебачанне і Інтэрнэт, то, напэўна, за некалькі гадзін падзея, апісаная ў сённяшнім Евангеллі, стала б вядомая ва ўсім свеце, а на першых старонках газет з’явіліся б загалоўкі накшталт «Скандал у ерузалемскай святыні». І ўсе на розны манер распавядалі б пра тое, як Езус, малады прарок з Галілеі, з дапамогаю біча выгнаў са святыні гандляроў і мянялаў, а пасля сказаў, што сама гэтая святыня будзе разбурана. Прысутныя маглі цудоўна зразумець, што праз гэты ўчынак і прарочыя словы Езус аб’явіўся як Месія. Прарокі прадказвалі, што Месія ачысціць святыню. «Не будзе ўжо ніводнага гандляра ў доме Пана Усемагутнага ў той дзень», — пісаў прарок Захарыя (пар. Зах 14, 21), а Ісая прадказваў таямнічую новую Святыню, якая стане «домам малітвы для ўсіх народаў» (пар. Іс 56, 7). Патрабуючы павагі да святога месца, Езус гаворыць пра сваё Богасыноўства: «не рабіце дому Айца Майго домам гандлю», а таксама пра будучае ўваскрасенне. Аднак гэтыя словы не былі належным чынам зразуметыя слухачамі. Нават вучні Хрыста толькі пасля Яго ўваскрасення спасціглі тое, што было прадказана ў Пісанні, і паверылі словам Боскага Настаўніка. Жыды, патрабуючы ад Езуса нейкага знаку, які б пацвердзіў Яго пасланніцтва, на самай справе супраціўляліся Яго місіі і не жадалі прыняць таго, што Ён імкнуўся да іх данесці. Сучаснікі не зразумелі Езуса з-за жорсткасці сваіх сэрцаў і духоўнай слепаты. Для іх не Бог быў найважнейшым, а тое, што яны разлічвалі ад Яго атрымаць. Такім чынам, святы Ян тлумачыць парадокс непрымання Хрыста. Нягледзячы на тое, што Хрыстус стаў спаўненнем Божага аб’яўлення, дадзенага Майсею і прарокам, менавіта ў імя гэтага аб’яўлення Ён быў не прыняты. Выганяючы са святыні гандляроў, Хрыстус нагадвае нам, што самае важнае ў жыцці — гэта Бог, бо Ён, а не грошы, фармуе сумленне чалавека. Бог, а не грошы, вяртае чалавеку яго сапраўдную годнасць. У святыню трэба ісці для таго, каб напоўніць сваё сэрца, а не кішэні.

 
ІV нядзеля Вялікага посту — 26 сакавіка 2006 г.

Чытанні: 2 Кр 36, 14–16. 19–23;
Пс 137 (136); Эф 2, 4–10.

Евангелле (Ян 3, 14–21):

Езус сказаў Нікадэму:
Як Майсей узвысіў змяю ў пустыні, так павінен быць узвышаны Сын Чалавечы, каб кожны, хто верыць у Яго, меў жыццё вечнае. Бо так палюбіў Бог свет, што аддаў Сына свайго Адзінароднага, каб кожны, хто верыць у Яго, не загінуў, але меў жыццё вечнае. Бо не паслаў Бог Сына свайго ў свет, каб судзіць свет, але каб свет быў збаўлены праз Яго. Хто верыць у Яго, не будзе асуджаны, а хто не верыць, той ужо асуджаны, таму што не паверыў у імя Адзінароднага Сына Божага. А суд у тым, што святло прыйшло на свет, але людзі больш палюбілі цемру, чым святло, бо ўчынкі іхнія былі дрэннымі. Таму кожны, хто чыніць зло, ненавідзіць святло і не ідзе да святла, каб не адкрыліся яго дрэнныя ўчынкі. А хто паступае па праўдзе, ідзе да святла, каб яўнымі былі ўчынкі ягоныя, бо яны здзейсненыя ў Богу.

Сённяшняе Евангелле — фрагмент размовы Езуса з Нікадэмам. У гэтай размове Езус гаворыць словы, над якімі можна было б разважаць бясконца: «так палюбіў Бог свет, што аддаў Сына свайго Адзінароднага». Каб спасцігнуць веліч і значнасць гэтых словаў, найперш задамо сабе пытанне: Ці будую я сваю духоўнасць на ўсведамленні таго, што Бог мяне любіць? А, можа, мне здаецца, што гэта я люблю Бога? Святое Пісанне кажа, што менавіта Бог першым палюбіў нас — слабых і грэшных людзей. Ягоная любоў з’явілася першай, яна чыстая і цалкам бескарыслівая. Наша любоў — гэта толькі адказ на любоў Бога. Хто ж мы такія, што Бог так нас любіць? Я шмат разважаў пра гэта, але так і не змог зразумець гэтай таямніцы. Таму я ўвесь час задаю сабе пытанні: Што такога незвычайнага Ты бачыш ува мне, Божа? Што Ты адчуваеш, калі глядзіш на мяне? Ці гэта Цябе ўзрушвае, забаўляе, а, можа, раздражняе? Шмат гадоў таму аўтар Псальмаў таксама ўзнімаў падобныя пытанні: «Што ёсць чалавек, што Ты памятаеш пра яго, і сын чалавечы, што Ты клапоцішся пра яго?» (Пс 8, 5). Калі мы ведаем, што пра нас хтосьці думае, адчуваем сябе шчаслівымі. Чаму ж адбываецца так, што мы не адчуваем такога шчасця (хоць павінны былі б адчуваць у сто разоў большае) пры думцы, што Бог нас любіць? Здаецца, адказ ляжыць на паверхні. Тыя, хто нас любіць, маюць твар, іх вочы нам усміхаюцца, іх голас выклікае ў нас розныя пачуцці. А Бог? Як Ён глядзіць на нас? Як цяжка Яго сабе ўявіць!.. Не паспеў я дапісаць гэтыя словы, а ўжо адчуваю за іх сорам. Як жа мог я забыцца пра тое, што, каб сказаць нам пра сваю любоў, Бог паслаў на свет свайго Сына. Ён усміхаўся нам чалавечымі вачыма. У гэтым таямніца абразоў: Хрыстус глядзіць на нас. Бог глядзіць на нас з любоўю; дзякуючы гэтаму позірку мы можам жыць. Дзіця развіваецца, калі яго суправаджае чулы позірк; мужчына, якога любяць, жанчына, якую любяць, у цеплыні гэтай любові адчуваюць, што яны існуюць, што для кагосьці яны нешта значаць. Як жа цудоўна ведаць, што я нешта значу для Бога, што мяне любяць нязменнаю і бязмежнаю любоўю. Любоўю, якая дала сябе прыбіць да крыжа, якая за мяне ахвяравала сваё жыцццё. Ці ж можа быць лепшая навіна? Дзякуючы Божай любові я падзяляю Яго поўны любові позірк на бліжніх. Толькі той, хто адкрыўся на Божую любоў і прыняў яе ўсім сэрцам, можа падараваць яе іншым людзям.

Падрыхтаваў
айцец Артур Папроцкі CSMA