9 сакавіка:
святой Францішкі Рымскай, законніцы.

Францішка нарадзілася ў 1384 г. у Рыме ў арыстакратычнай сям’і. Выйшаўшы замуж, яна нарадзіла шасцёра дзяцей. Яна заснавала ў Рыме жаночую манаскую супольнасць бэнэдыктынак-аблатак і пасля смерці мужа была выбрана абатысай кляштара. Да яе прыходзілі ўсе, каму была патрэбная дапамога або парада, а таксама хворыя. Пэўны час яна нават даглядала ў сваім доме хворых на чуму. Францішка здзяйсняла шмат учынкаў міласэрнасці, а таксама часта перажывала містычны экстаз, падчас якога мела духоўны кантакт са сваім Анёлам Ахоўнікам. Яна памерла 9 сакавіка 1440 г. у Рыме. Яе цела спачывае ў спецыяльным рэлікварыі, які знаходзіцца ў рымскім касцёле, асвечаным у яе гонар. Святая Францішка Рымская лічыцца апякункаю жанчынаў.

 
23 сакавіка:
святога Турыбія Мангравэха, біскупа.

Турыбій Альфонс Мангравэха нарадзіўся 16 лістапада 1538 г. у Іспаніі. Атрымаўшы юрыдычную адукацыю, ён стаў інквізітарам у Грэнадзе. Ва ўзросце сарака гадоў ён быў прызначаны арцыбіскупам Лімы (Перу). На працягу 27 гадоў ён нястомна і самааддана працаваў дзеля навяртання ў веру і асветы індзейцаў, абараняючы іх ад прыгнятальнікаў. Турыбій прывёў да веры цэлыя плямёны. Ён быў арганізатарам перуанскага Касцёла, а таксама рэфарматарам духоўнага і грамадскага жыцця ва ўсёй краіне. Турыбій будаваў касцёлы, засноўваў кляштары і дамы дапамогі — тагачасныя сацыяльныя цэнтры. Ён склікаў 13 дыяцэзіяльных сінодаў і 3 правінцыяльныя сіноды, якія мелі ўплыў на жыццё Каталіцкага Касцёла ва ўсёй Паўднёвай Амерыцы. Гэты вялікі рэлігійны дзеяч памёр 23 сакавіка 1606 г. Святы Турыбій з’яўляецца апекуном Перу.