Працяг. Пачатак у № 1-2 за 2006 г. >>>

Эўхарыстыя з’яўляецца спажыткам, які дае нам сілы на шляху да Нябеснага Валадарства і нараджае камунію. Аднак нельга абмежавацца толькі такім бачаннем гэтай найвялікшай Таямніцы, бо такі погляд не дазваляе ахапіць усю яе сутнасць. Эўхарыстыя — гэта ахвяра1, якая павінна таксама стаць сінтэзам кожнага дзеяння хрысціяніна. Шлях да камуніі вядзе менавіта праз ахвяру. Святы Айцец, кажучы пра Касцёл Эўхарыстыі, смуткуе з прычыны таго, што гэтая таямніца ў сучасным свеце губляе сваё ахвярнае вымярэнне. А такое абмежаванае разуменне зводзіць Эўхарыстыю да звычайнай братэрскай сустрэчы2. Больш глыбокага разумення Найсвяцейшай Таямніцы немагчыма дасягнуць без позірку на сутнасць паставы ахвярнасці.

Для таго, каб зразумець сутнасць паставы ахвярнасці, неабходна зірнуць на яе першы і дасканалы прыклад — асобу Езуса Хрыста, які адказвае на любоў Айца і ў бязмежнай любові і паслухмянасці цалкам Яму аддаецца (Мц 26, 39; Ян 4, 34; 5, 30; 6, 38; 8, 29; 10, 18; 14, 31; 15, 10; 17, 4; Рым 5, 19; Флп 2, 8; Гбр 5, 8). Сёння ахвяраваць сябе Богу ў святой Імшы азначае прынесці Богу ў дар самога сябе, сваю свабоду — тое найдаражэйшае, што ёсць у чалавека. Гэты дар заключаецца ў поўным адданні сябе Богу ў рукі без аніякіх агаворак і ўмоваў. Дар самога сябе — гэта таксама адданне Богу разам з Ахвярай Цела і Крыві Хрыста ўсяго, што складае сэнс чалавечага жыцця, а менавіта: «усе ўчынкі, малітвы і апостальскія пачынанні, сужэнскае і сямейнае жыццё, штодзённая праца, адпачынак духа і цела [...] і нават жыццёвыя прыкрасці» (LG 34).

Крыніцай моцы для такога ахвяравання Айцу з’яўляецца паяднанне з Хрыстом Замучаным. Гэта дазваляе мужна прымаць на сябе штодзённыя цяжкасці і адрачэнні. Словы Езуса — «без Мяне нічога не можаце ўчыніць» (Ян 15, 5) — пераконваюць у тым, што без гэтай камуніі з Хрыстом мы не ў стане споўніць вельмі важную ўмову добрага ўдзелу ў Яго Ахвяры, г. зн. вучыцца прыносіць Богу ў ахвяры самога сябе. Святы Павел, усведамляючы гэтую праўду, піша: «Усё магу ў Хрысце, які ўзмацняе мяне» (Флп 4, 13). Таму кожны, хто адчувае патрэбу ахвяравання сябе, павінен свядома перажываць еднасць з Хрыстом, які сам спазнаў смак ахвяравання сябе праз цярпенне, муку і крыжовую смерць3.

Кожны са святых з’яўляецца асаблівым прыкладам аддання сябе Богу ў любові і паслухмянасці. Найбольш пераканаўча сярод іх гэта выразіў святы Павел, кажучы: «Разам з Хрыстом я быў прыбіты да крыжа. Цяпер ужо не я жыву, але жыве ўва мне Хрыстус» (Гал 2, 19–20). Аднак найлепшым прыкладам такой паставы ахвярнасці сярод святых з’яўляецца Марыя, якая ўжо на пачатку свайго мацярынства дала доказ поўнага аддання сябе Богу, вымаўляючы словы: «Няхай Мне станецца паводле твайго слова» (Лк 1, 38). Такім чынам Яна ахвяравала сваё дзявоцкае ўлонне, каб мог прыйсці на свет Той, хто прынёс самую дасканалую ахвяру самога сябе4.

Дзякуючы любові Марыя становіцца светлым прыкладам асабовай сувязі Бога з чалавекам. І сёння Бог жадае, каб гэты прыклад Марыі быў рэалізаваны ў жыцці хрысціянаў дзякуючы ўзрастанню на глебе асабістай сталасці. Гэта прыклад і заклік для ўсіх, хто верыць у Хрыста і Яго наследуе5.

Ахвяраванне сябе Богу не з’яўляецца аднаразовым актам, яно мае дынамічны характар і развіваецца. Толькі Хрыстус прынёс сваю ахвяру Айцу дасканала, раз назаўсёды, і ў гэтым духу ахвяры прабывае пастаянна. Аднак для чалавека заўсёды існуе спакуса адбіраць у Бога тое, што было Яму ахвяравана. Таму ў Канстытуцыі ІІ Ватыканскага Сабору аб літургіі гаворыцца толькі пра тое, як вучыцца прыносіць сябе ў ахвяру6. Аднак не так адбывалася ў Марыі. Бо Яна, прамаўляючы «fiat» у хвіліну Звеставання, не абмежавала свайго ўдзелу ў справе Збаўлення тым, што дала цела Сыну Божаму. Яна згадзілася супрацоўнічаць ва ўсёй справе, якую павінен быў здзейсніць Яе Сын7.

Сёння ахвяраване сябе Богу штодня павінна набыць форму гатоўнасці на спаўненне Яго волі, а асабліва волі, аб’яўленай ў тэстамэнце Езуса: «Новую запаведзь даю вам, каб вы любілі адзін аднаго, як Я палюбіў вас» (Ян 13, 34).

Апісанне Ахвяравання, якое дае нам евангеліст Лука, несумненна, вельмі ўрачыстае. Аднак у ім мы бачым не толькі радасць бацькоў з прычыны асвячальнага ўключэння іх Сына ў народ абраны і захапленне Сімеона, але таксама прароцтва аб «знаку, якому супраціўляцца будуць», якім гэтае Дзіця павінна быць для Ізраэля, і пра меч, які пранікне сэрца Багародзіцы (пар. Лк 2, 34–35)8.

Тое, што Сімеон узгадвае Марыю побач з адкінутым людзьмі Сынам, наводзіць на думку аб тым, што Яна, як Маці Месіі, будучы разам з Езусам часткай збаўчага плану Божага, удзельнічае не толькі ў Яго выпрабаваннях, але таксама ў Яго місіі Адкуплення9. Побач з Хрыстом, які «„развіваецца« і „расце« да ахвяры крыжа, праз „духоўную камунію« прагі і ахвяры» дасканаліцца і Марыя, каб у будучыні з’яднацца з Сынам у Яго муцы10. (...) Яе цярпенні каля падножжа крыжа дасягнулі той ступені, якая пераўзыходзіць усялякія чалавечыя ўяўленні. Аднак яны былі таямнічым чынам плённыя для Адкуплення свету11. Марыя ўдзельнічае ў цярпеннях Езуса да канца. Яна не адкідвае той меч, які прадказваў Сімеон (пар. Лк 2, 35), але так, як і Яе Сын, прымае збаўчы план Айца. Такім чынам, Марыя становіцца першай удзельніцай ахвяры Адкуплення і назаўсёды застаецца прыкладам для тых, хто без ваганняў далучаецца да ахвяры Збаўцы12. (...) Зразумела, мы не можам фізічна быць побач з Марыяй пад крыжам, але мы можам па прыкладзе Дзевы суахвяраваць сябе з Яе Сынам падчас кожнай Эўхарыстыі.

Удзел Марыі ў збаўчай Таямніцы Сына не з’яўляецца аднаразовым — гэта своеасаблівая «пілігрымка веры», якая нібыта заключана паміж fiat у хвіліну Звеставання і fiat перад абліччам крыжовай ахвяры Сына. Марыя, якая зведала супрацоўніцтва з Хрыстом, вучыць нас, што кожны па-свойму можа ўключыцца ў справу Збаўлення13. Бо толькі Яна, якая найлепш ведае сэрца свайго Сына, можа паказаць нам, чым з’яўляецца Ахвяра Хрыста, і навучыць нас суахвяраваць сябе з Ім Айцу ў Эўхарыстыі.

Ксёндз Уладзімір Русак

Працяг у нумары №4(132) 2006 >>>


  1. Пар. KKK 1365.
  2. Пар. EE 10.
  3. Пар. SC 48. Пар. таксама: H. Słotwińska, W. Głowa. Przepowiadanie o sakramentach w katechezie i w homilii. Lublin-Przemyśl 2001, s. 131.
  4. Пар. EE 55.
  5. Пар. Jan Paweł II. Duch Święty i Maryja: wzór osobistego związku Boga i człowieka s. 148. Пар. таксама: Cz. S. Bartnik, s. 380.
  6. Пар. SC 48. Пар. таксама: W. Głowa. Eucharystia. Msza Święta i kult tajemnicy Eucharystycznej poza Mszą świętą, s. 75.
  7. Пар. KKK 973. Пар. таксама: EE 56.
  8. Пар. RVM 20.
  9. Пар. L. Melotti. Maryja, Matka żyjących. Niepokalanów 1993, s. 41.
  10. Пар. EE 56.
  11. Пар. SD 25.
  12. Пар. Jan Paweł II. Ostatnie słowa Chrystusa na krzyżu: „Oto Matka twoja». W: Katechezy Ojca Świętego Jana Pawła II. Jezus Chrystus. Kraków-Ząbki 1999, s. 317. Пар. таксама: Eucharystia stworzyła Kościół. Rozmowa z Tomaszem Kwietniem OP, s. 317.
  13. Пар. T. Lewandowski. Kaznodziejstwo maryjne. W: „Przegląd Pastoralno-Homiletyczny» 4:2000, s. 46–48.