Бэнэдыкт XVI прызначыў новых кардыналаў

22 лютага падчас генеральнай аўдыенцыі з нагоды свята Катэдры святога Пятра Святы Айцец Бэнэдыкт XVI прызначыў на 24 сакавіка гэтага года Кансісторыю, на якой будуць абвешчаны некалькі новых кардыналаў. Вось што сказаў Папа: «Свята Катэдры з’яўляецца найлепшым момантам для абвяшчэння Кансісторыі, таму што заданне кардыналаў — падтрымліваць і дапамагаць Наступніку святога Пятра выконваць яго апостальскую місію, давераную яму для служэння Касцёлу. Невыпадкова ў старажытных дакументах Касцёла Папы называлі Калегію кардыналаў pars corporis nostri (частка нашага цела). (...) Прызначэннем новых кардыналаў я жадаю дапоўніць вызначаную святой памяці Папам Паўлам VI лічбу 120 кардыналаў-электараў Калегіі». Сярод новых кардыналаў — арцыбіскуп Уільям Джозэф Левада, Прэфект Кангрэгацыі веравучэння, арцыбіскуп Франк Радэ C.M., Прэфект Кангрэгацыі па справах інстытутаў кансэкраванага жыцця і супольнасцяў апостальскага жыцця, арцыбіскуп Агосціно Валліні, Прэфект Найвышэйшага трыбунала Апостальскай Сігнатуры і нядаўна прызначаны Кракаўскі арцыбіскуп Станіслаў Дзівіш, у мінулым — асабісты сакратар і духоўнік Яна Паўла ІІ.

Святы Айцец пажадаў надаць годнасць кардыналаў таксама тром духоўным, старэйшым за 80 гадоў, беручы пад увагу іх заслугі перад Касцёлам, здзейсненыя з узорнаю вернасцю і годнай здзіўлення самаахвярнасцю. Гэта — архісвятар базылікі св. Паўла за мурамі, былы арцыбіскуп з Ганы і былы рэктар Папскага біблейскага інстытута.

Святы Айцец адзначыў, што «ў новапрызначаных кардыналах выдатна відаць універсальнасць Касцёла», паколькі «яны паходзяць з розных частак свету і выконваюць розныя заданні ў служэнні Божаму народу». Папа заклікаў усіх узнесці да Бога асаблівую малітву за новых кардыналаў, каб Ён спаслаў ім ласкі, патрэбныя для шчырага выканання гэтай місіі.

 
Больш за мільярд каталікоў у свеце

У 2004 г. у свеце было 1 мільярд 98 мільёнаў каталікоў або на 1,1 % больш, чым на год раней. Такая інфармацыя падаецца ў Annuario Pontificio (штогадовым ватыканскім даведніку) на 2006 г., які з’яўляецца першым у пантыфікаце Бэнэдыкта XVI. Першы экзэмпляр даведніка Папа атрымаў 18 лютага з рук дзяржаўнага сакратара Ватыкана кардынала Анджэло Садано. Падчас цырымоніі ўручэння прысутнічалі рэдактары выдання, а таксама супрацоўнікі ватыканскага выдавецтва (Annuario Pontificio на 2006 г. у бліжэйшы час з’явіцца ў кнігарнях).

Хоць колькасць каталікоў і павялічылася, аднак у працэнтных суадносінах да агульнай колькасці насельнікаў Зямлі іх стала менш: 17,1 % у параўнанні з мінулымі 17,2 %. У 2004 г. ва ўсім свеце было 405 891 святароў (на 441 больш, чым у 2003 г.), з якіх трэцюю частку складалі законнікі. Павелічэнне назіралася ў Азіі (1 422) і ў Афрыцы (840), а ў Еўропе быў адзначаны спад (на 1 876). Пастаянных дыяканаў было 32 324, а семінарыстаў — 113 044.

Бэнэдыкт XVI стварыў 15 новых дыяцэзій, адну мітрапалітальную сталіцу і адну апостальскую адміністратуру. Усяго ён прызначыў 170 біскупаў.

 
Бэнэдыкт XVI перастаў быць «Патрыярхам Захаду»

Святы Айцец Бэнэдыкт XVI адмовіўся ад аднаго з дзевяці традыцыйных тытулаў рымскага Пантыфіка «Патрыярх Захаду». Як растлумачылі ў Ватыкане, гэта зроблена ў якасці жэсту добрай волі, скіраванага на ўстанаўленне больш шчыльных кантактаў з Праваслаўнай Царквою. У штогадовым афіцыйным ватыканскім даведніку Annuario Pontificio на 2006 год тытул «Патрыярх Захаду» ў пераліку тытулаў Папы адсутнічае.

«У мінулым Патрыярхат Захаду супрацьпастаўляўся Патрыярхату Усходу, — сказаў італьянскаму агенцтву ANSA кардынал Акілле Сільвестрыні, былы Прэфект Кангрэгацыі Усходніх Цэркваў. — Я лічу, што Папа пажадаў ліквідаваць гэтае супрацьпастаўленне, і матывам яго рашэння стала імкненне да экуменічнага прагрэсу».

 
2 красавіка — гадавіна смерці Яна Паўла ІІ

У першую гадавіну смерці Яна Паўла ІІ у Ватыкане адбудзецца малітоўнае чуванне і Імша падзякі Богу за «дар, які Ён спаслаў Касцёлу і чалавецтву» ў асобе Караля Вайтылы. Як паведаміў Папскі вікарый Рыма кардынал Камілё Руіні ў сваім лісце да пробашчаў, настаяцеляў законных супольнасцяў і вернікаў Вечнага Горада, Бэнэдыкт XVI будзе браць удзел у абодвух абрадах. Яны павінны стаць выяўленнем «глыбокага пачуцця ўдзячнасці за нашага дастойнага Папу, якое нас перапаўняе», — адзначыў кардынал Руіні. Ён таксама дадаў, што «мы будзем старацца перажыць атмасферу палымянай малітвы, якая суправаджала святой памяці Папу Яна Паўла ІІ да яго канчатковай сустрэчы з Панам».

 
Ватыкан перадаў Грэцыі часцінку рэліквій апостала Андрэя

Прадстаўнік Святога Пасаду кардынал Ражэ Эчэгарай перадаў часцінку рэліквій святога апостала Андрэя Эладскай Праваслаўнай Царкве па просьбе яе кіраўніка арцыбіскупа Афінскага і ўсёй Элады Хрыстадула. 26 лютага кардынал Эчэгарай сустрэўся ў рымскім касцёле Перамянення Пана з біскупам Агафангелам — прадстаўніком арцыбіскупа Хрыстадула — і ўручыў яму рэліквію. Грэцкі іерарх даставіць святыню ў Афіны, дзе яна будзе выстаўлена для пакланення ў храме святой Барбары.

Рэліквіі святога апостала Андрэя былі вывезены з Канстанцінопаля крыжакамі і з 1208 г. захоўваюцца ў крыпце катэдры ў Амальфі (Італія).

Біскуп Агафангел прыбыў у Рым на чале грэцкай праваслаўнай дэлегацыі. Іерарх узначальвае тэалагічны каледж, студэнты якога перад цырымоніяй перадачы рэліквіі правялі канцэрт праваслаўнай духоўнай музыкі. Пасля ўручэння святыні кардынал Эчэгарай цэлебраваў святую Імшу, падчас якой асаблівым чынам маліўся за забітага нядаўна ў Турцыі святара Андрэа Санторо. Гэты святар на працягу дзесяці гадоў служыў у касцёле Перамянення Пана ў Рыме.

 
Бэнэдыкт XVI пра пост

Папа Бэнэдыкт XVI лічыць, што распачаты 1 сакавіка ў Папяльцовую сераду Вялікі пост павінен адкрыць шлях да духоўнага адраджэння ўсім, хто бачыць сэнс свайго жыцця ў Хрысце. «У пост не варта ўваходзіць са „старым« духам і бачыць у ім цяжкі і нязручны абавязак, але з новым духам, з духам чалавека, які знайшоў у Хрысце і Яго Пасхальнай таямніцы сэнс свайго жыцця», — сказаў Святы Айцец 26 лютага падчас нядзельнага казання на плошчы перад саборам святога Пятра ў Рыме.

 
Велікапосныя рэкалекцыі для Папы

Былы Патрыярх Венецыі кардынал Марко Чэ сёлета правядзе велікапосныя рэкалекцыі для Святога Айца і Рымскай Курыі. Яны распачнуцца ў І-ю нядзелю Вялікага посту ўвечары 5 сакавіка і працягнуцца да суботы 11 сакавіка. Штодзённа ў капэле Redemptoris Mater Апостальскага палаца будзе праводзіцца дзве медытацыі ў першай палове дня і адна пасля абеду. Падставаю для медытацый кардынал Чэ выбраў Евангелле паводле св. Марка. Падчас рэкалекцый не будзе адбывацца ніякіх папскіх аўдыенцый, у тым ліку і агульнай аўдыенцыі ў сераду 8 сакавіка.

Кардыналу Чэ цяпер 80 гадоў. З 1948 да 1970 г. ён быў выкладчыкам Святога Пісання ў адной з італьянскіх семінарый, пасля — дапаможным біскупам у Балоньі, а з 1978 г. — Патрыярхам Венецыі. Чатыры гады таму ён пакінуў выкананне гэтых абавязкаў.

Звычай правядзення рэкалекцый для Папы і яго акружэння ўвёў Пій ХІ, які замацаваў гэта ў энцыкліцы Mens nostra (1929 г.), прысвечанай духоўным практыкаванням. Першапачаткова яны адбываліся ў першы тыдзень Адвэнту, і толькі Павел VI (1963–1978) перанёс іх на першы тыдзень Вялікага посту. Кожны Папа па-свойму браў у іх удзел. Так, у 1962 г. благаслаўлёны Ян ХХІІІ правёў іх індывідуальна ў вежы святога Яна, што знаходзіцца ў ватыканскіх садах. Двойчы рэкалекцыі праводзілі будучыя Папы: у 1976 г. — тагачасны Кракаўскі арцыбіскуп Караль Вайтыла, а ў 1983 г. — кардынал Ёзаф Ратцынгер.

 
Ватыканскім музеям 500 гадоў

Ватыканскім музеям у гэтым годзе спаўняецца 500 гадоў. Святкаванне юбілею распачалося святой Імшой падзякі, якую цэлебраваў 17 лютага ў Сікстынскай капэле губернатар Ватыкана кардынал Эдмунд Казімір Шока. У Імшы ўдзельнічалі ўсе супрацоўнікі ватыканскіх музеяў. У мінулым годзе ватыканскія музеі прынялі тры мільёны восемсот наведвальнікаў — на трыста тысяч больш, чым у 2004 г.

Пачаткам папскіх збораў твораў мастацтва лічыцца знаходка славутай грэцкай скульптурнай групы «Лаакаон» непадалёк ад Калізея 14 студзеня 1506 года. Папа Юлій ІІ загадаў устанавіць скульптуру ў ватыканскіх садах.

З нагоды юбілею плануецца рэарганізацыя Музея хрысціянства, рэстаўрацыя фрэсак Пінтурыкіо ў Зале Таямніцаў, апартаментаў Борджыі, а таксама адкрыццё ў Місіянерска-этнаграфічным музеі аддзелаў, прысвечаных Кітаю, Японіі, Карэі, Тыбету і Манголіі. У верасні пошта Ватыкана выдасць памятную марку з выявай Лаакаона. Юбілей завершыць міжнародны кангрэс, прысвечаны музейнай справе, які пройдзе ў сярэдзіне снежня.

Паводле матэрыялаў www.vatican.va,
КАІ, Agnuz, РИА і Інтэрфакс.