Ксёндз Ян Твардоўскі, які адышоў у вечнасць 18 студзеня, падкрэсліваў, што ён найперш святар. Але й паэзія займала ў жыцці гэтага незвычайнага чалавека вельмі вялікае месца. Як сказаў люблінскі мітрапаліт арцыбіскуп Юзаф Жыцінскі ў пахавальнай гаміліі, «ксёндз Ян жыў для Пана Евангеллем благаславенняў, якім надаваў паэтычную форму». Перафразуючы словы Слугі Божага Яна Паўла ІІ, можна сказаць, што гэты святар фармаваў сваю чалавечую індывідуальнасць такім чынам, каб дапамагаць іншым сустрэцца з Богам. Я шчаслівая, бо мне давялося адчуць гэтую дапамогу і на споведзі, калі я прыходзіла ў варшаўскі касцёл візітак, дзе амаль усё сваё жыццё служыў ксёндз Твардоўскі, і ў часе святой Імшы, калі слухала яго мудрыя казанні, і чытаючы яго вершы, прасякнутыя захапленнем прыгажосцю навакольнага свету і Яго Створцам.

Ксёндз Ян умеў спалучаць вялікі паэтычны дар са штодзённай душпастырскай працаю. Як духоўны кіраўнік, як спаведнік ён быў вельмі патрабавальны. Ужо пасля першай нашай сустрэчы зрабіў на мяне незабыўнае ўражанне сілаю духа, дабрынёю і сардэчнаю шчырасцю. Штосьці было ў ім такое, што давала надзею, вучыла сапраўднай любові да бліжняга. Аднаго разу сказаў так: «Калі ідзеш па вуліцы або стаіш на прыпынку, калі лезуць у галаву нядобрыя думкі, зірні навокал: на прыгожае дрэва, на кветку, на ліст, на птушку і падзякуй Богу за Яго любоў і вучыся любіць, бо чалавек застаецца незразумелым нават сабе самому, а яго жыццё пазбаўлена сэнсу, калі яму не аб’явіцца любоў, калі не дакранецца да яе і не ўчыніць яе сваёю...»

Гэтая навука любові, якую ён пакінуў нам і ў сваіх незвычайных вершах, і ў сваім святарскім служэнні, – самая важная, бо яна застанецца не толькі ў сэрцах тых, хто яго ведаў, але і ў кожнага, хто калі-небудзь адгорне старонкі яго светлых і мудрых кніг.

с. Часлава Навіцкая з Кангрэгацыі Сясцёр Уршулянак
Сэрца Езуса Канаючага