Заканчэнне. Пачатак у № 1-2 за 2006 г. >>>

Эўхарыстыя як сакрамэнт нашага збаўлення заключае ў сабе не толькі ўспамін Ахвяры, здзейсненай Хрыстом на крыжы, але з’яўляецца таксама ахвярай праслаўлення і падзякі за справу стварэння і адкуплення1.

У перакладзе з грэцкай мовы «Эўхарыстыя» літаральна азначае ўдзячнасць альбо акт праяўлення гэтае ўдзячнасці. Неабходна звяртаць асаблівую ўвагу на аспект падзякі Богу. Нельга разумець Эўхарыстыю як нейкі рытуал альбо чароўны сродак, дзякуючы якому можна дабівацца прыхільнасці Бога. Святая Імша — гэта малітва, якая ўвасабляе ўдзячнасць, якая становіцца часткай вялікай падзякі, якую Езус складае Богу Айцу. Гэта падзяка за адвечную любоў Бога да свайго стварэння, за ўсё, што Ён учыніў на працягу вякоў, каб гэтае стварэнне адкупіць і асвяціць, а таксама за Яго абяцанне быць з намі «ва ўсе дні аж да сканчэння веку» (Мц 28, 20)2.

Менавіта ў святой Імшы ажыццяўляецца вялікая падзяка Богу ўсяго Божага народа, які праз Хрыста і з Хрыстом складае Айцу ў небе пашану і хвалу. Вылучэнне ў эўхарыстычнай малітве ідэі падзякі ні ў якім выпадку не выключае ні характару ахвяры, ні такіх аспектаў святой Імшы як просьба і перапрашэнне. Бо святая Імша з’яўляецца падзякай менавіта таму, што з’яўляецца ахвярай. Гэта Эўхарыстычная Ахвяра, якая складаецца з сэрцам, поўным удзячнасці.

У чалавеку, які глыбока перажывае ўдзел у Эўхарыстычнай Ахвяры, дух удзячнасці распальвае жаданне цалкам ахвяраваць сябе Творцу. Усведамляючы, што з-за духоўнай прыроды Бога Яго нельга адарыць, але можна дакрануцца да Яго ў чалавеку, такая асоба пераносіць сваю ахвярную любоў на бліжніх3.

У Эўхарыстыі Касцёл асаблівым чынам праяўляе сябе як Абранніца Хрыста, як панна, якая моліцца, якая «штодзённа прадстаўляе Айцу патрэбы дзяцей і нястомна праслаўляе Бога»4. Для Касцёла прыкладам такой паставы з’яўляецца Марыя. Заклік Марыі «Велічае душа мая Пана» (Лк 1, 46) з’яўляецца прароцтвам аб праслаўленні Хрыста-Галавы Яго Містычным Целам5. Менавіта атаясамліваючы сябе з духам Марыі-Ушанавальніцы, Касцёл можа ў поўні яднацца з Хрыстом і Яго Ахвяраю ў Эўхарыстыі. Гэта можна заўважыць пры чытанні гімна Марыі ў эўхарыстычнай перспектыве. Бо тое, што яднае Эўхарыстыю і «Magnificat», — гэта праслаўленне і падзяка6.

Марыя славіць Бога як Пана і Правадыра гісторыі збаўлення, які кіруе падзеямі на шляхах свету. Гэта Ён прыніжае тых, якія лічацца магутнымі, узвышае тых, з якімі ніхто не лічыцца. Сярод гэтых убогіх Марыя бачыць таксама і сябе (пар. Лк 1, 48). Яе добраахвотнае прыніжэнне перад абліччам Пана выклікана ўдзячнасцю за вялікі дар, якім з’яўляецца Яе ўдзел у Божых планах7. Усведамляючы сваё духоўнае ўбоства, Марыя праслаўляе Бога «праз» Сына, «у» Сыне і «з» Сынам, даючы прыклад сапраўды эўхарыстычнай паставы8. (...)

Гімн Марыі — гэта адказ Божага народа — а, значыць, і Касцёла — на вялікія справы, здзейсненыя Панам у Дзеве і на працягу ўсіх вякоў9. У Касцёле гэты спеў становіцца працягам святочнай радасці народа Старога Запавету, які ўспамінае Бога вялікага, Бога, які любіць свой народ, міласэрнага, ласкавага, святога, справядлівага і ўсемагутнага. Ён з’яўляецца Творцам, Збаўцам і Панам свету і гісторыі. Кульмінацыйным пунктам гэтых «вялікіх справаў» з’яўляецца Уцелаўленне, якое здзейснілася праз Марыю10.

Святы Айцец Ян Павел ІІ у энцыкліцы, прысвечанай Панне Марыі, сцвярджае: «Калі „Magnificat“ выражае духоўнасць Марыі, то нішто так, як гэтая духоўнасць, не дапаможа нам перажываць эўхарыстычную таямніцу»11.

Такое бачанне Эўхарыстыі ў святле праслаўлення Марыі адкрывае перад тымі, хто абвяшчае Насвяцейшую Ахвяру, новыя магчымасці. Менавіта ў Марыі Касцёл атрымлівае найбольш дасканалы прыклад праслаўлення Бога і падзякі за Яго вялікія справы. Таму што без такой паставы ўдзячнасці немагчыма поўна ўдзельнічаць у таямніцы мукі, смерці і змёртвыхпаўстання Езуса Хрыста. Трэба таксама памятаць пра неабходнасць перанясення характару падзякі святой Імшы ў штодзённае жыццё вернікаў. Эўхарыстыя, якая сама па сабе з’яўляецца падзякай, можа стаць крыніцай адкрыцця патрэбы ўдзячнасці не толькі ў адносінах да Бога, але таксама ў адносінах12 паміж людзьмі. Як казаў Слуга Божы Ян Павел ІІ, неабходна так абвяшчаць Эўхарыстыю, каб дзякуючы ўдзелу ў ёй жыццё вернікаў станавілася спевам праслаўлення Творцы13.

Ксёндз Уладзімір Русак


  1. Пар. ККК 1359.
  2. Пар. ККК 1359, 1360. Пар. таксама: J. Augustyn. Życie i Eucharystia. Kraków, 1996, s. 55.
  3. Пар. H. Słotwińska, W. Głowa, s. 118.
  4. MC 18.
  5. Пар. тамсама.
  6. Пар. ЕЕ 58.
  7. Пар. B. Antonini. Egzegezis knig Novogo Zaveta. Moskva, 1995, s. 117–118.
  8. Пар. ЕЕ 58.
  9. Пар. ККК 722.
  10. Пар. L. Melotti, s. 344.
  11. EE 58.
  12. Пар. J. Augustyn. Życie i Eucharystia, s. 60.
  13. Пар. ЕЕ 58.