Працяг. Пачатак у № 1-2 за 2005 г. >>>

Святло і жар

Мы імкнемся злучыцца з Богам, у нас існуе ўнутраная неабходнасць такой еднасці. Два шляхі да гэтага ўказвае нам сама душа. Яны розныя, аднак вядуць да адной мэты.

Першы шлях злучэння з Богам вядзе праз пазнанне і любоў.

Пазнаць — гэта значыць злучыцца. Пазнаючы тыя ці іншыя прадметы, мы пранікаем у іх сутнасць і ўбіраем іх у сябе. Яны становяцца нашай уласнасцю, часткаю нашага жыцця. Таксама і кожная любоў — гэта еднасць; не толькі адно імкненне да еднасці, сама любоў — гэта ўжо яднанне. Наколькі чалавек любіць нешта, настолькі гэта належыць яму.

Але існуе асаблівы род такой любові. Мабыць, гэта маюць на ўвазе, калі гавораць пра любоў духоўную. Праўда, гэтае слова не зусім адпаведнае; духоўнай з’яўляецца таксама любоў іншага роду, пра якую гаворка пойдзе пазней. Тут маецца на ўвазе тое, што такая любоў вядзе да злучэння не ў быцці, а ва ўнутраным стане, у свядомасці і настроі.

Можа, існуе нейкі знешні вобраз гэтага? Нейкае падабенства? Канешне, і яно цудоўнае: святло і жар.

Вось перад намі свечка, яе полымя выпраменьвае святло. Нашае вока бачыць яе святло, убірае яго ў сябе, яднаецца з ім, але не дакранаецца да яго. Полымя застаецца ў сабе, і нашае вока таксама, і ўсё ж адбываецца ўнутранае яднанне; утвараецца адзінае цэлае, можна сказаць: еднасць, поўная глыбокай павагі і чысціні. Без ніякага дакранання і спалучэння, праз чыстае сузіранне. Глыбокае падабенства таго злучэння, якое здзяйсняецца паміж Богам і душою праз пазнанне. «Бог ёсць праўда», — гаворыцца ў Святым Пісанні. Той, хто пазнае праўду, мае яе ў духу. Бог прабывае ў думках, якія праўдзіва пазнаюць Яго. Бог жыве ў духу, які праўдзіва разважае пра Яго. Таму «пазнаваць Бога» — азначае злучацца з Ім, як вока яднаецца з полымем праз сузіранне святла.

З полымем можна злучацца таксама праз жар. Мы адчуваем яго на твары, на руках. Мы ўспрымаем яго, адчуваючы, як ён сагравае і пранікае ў нас, а полымя так і застаецца само ў сабе, недатыкальным. Так і любоў: сваім жарам яна злучае з Божым полымем і ўсё ж не датыкаецца да яго.Таму што Бог добры, і ў тых, хто любіць Дабро, яно ўжо жыве ў духу. Дабро становіцца маім, як толькі я палюблю яго; і наколькі я люблю яго, настолькі яно належыць мне, і ўсё ж я не дакранаюся да яго. «Бог ёсць любоў, — гаворыць святы апостал Ян, — і той, хто прабывае ў любові, прабывае ў Богу, і Бог у ім».

Пазнаваць Бога і любіць Бога — значыць, яднацца з Ім. Таму вечнае шчасце будзе сузіраннем і любоўю. І гэта азначае не прабыванне перад Нечым у прагненні, але найглыбейшае ўнутранае быццё, усведамленне еднасці, спаўненне і насычэнне.

Мы бачылі ўжо раней, што полымя з’яўляецца падабенствам душы. Цяпер мы распазнаем у ім таксама падабенства жывога Бога, бо «Бог ёсць святло, і няма ў Ім ніякай цемры». Як полымя пасылае святло, так Бог шле праўду. І душа прымае ў сябе праўду і праз яе злучаецца з Богам, падобна да таго, як наша вока глядзіць на святло і праз яго яднаецца з полымем. І жар зыходзіць ад полымя; так Бог шле дабро, што сагравае нашыя душы. І той, хто любіць Бога, праз дабро яднаецца з Ім, як рука і твар яднаюцца з полымем, калі адчуваюць яго цяпло. Але полымя застаецца само ў сабе, недатыкальнае, чыстае, высакароднае. Падобнае сказана пра Бога, што Ён «жыве ў святле недаступным».

Полымя, што дае святло і жар, ты — вобраз Бога жывога!

Як добра цяпер мы разумеем, што асвечаны ў Вялікую суботу пасхал становіцца сімвалам Хрыста! Калі святар урачыста абвяшчае полымя «святлом Хрыста», lumen Christi, і калі запальваецца ад яго святло ў касцёле — каб усё асвятлялася і азаралася святлом і жарам жывога Бога!

Пераклад з нямецкай мовы
Ірыны Бурак.