З энцыклікі Святога Айца Яна Паўла ІІ
пра Найсвяцейшую Панну Марыю ў жыцці вандроўнага Касцёла

Марыйнае вымярэнне жыцця Хрыстовага вучня асаблівым чынам выяўляецца менавіта праз сыноўскі давер да Багародзіцы, які бярэ пачатак у тэстамэнце Збаўцы на Галгофе. Па-сыноўску давяраючыся Марыі, хрысціянін, падобна як апостал Ян, прымае «да сябе»130 Маці Хрыста і ўводзіць Яе ва ўсё тое, што з’яўляецца яго асабістым унутраным жыццём, гэта значыць, яго чалавечым і хрысціянскім «я»: «узяў Яе да сябе». Такім чынам ён імкнецца ўвайсці ў сферу дзеяння Яе «матчынай любові», праз якую Маці Адкупіцеля «апякуецца братамі свайго Сына»131 і «саўдзельнічае ў іх адраджэнні і выхаванні»132 паводле той меры дару, якая кожнаму належыць моцаю Духа Хрыстовага. Гэтаксама здзяйсняецца тое духоўнае мацярынства, якое стала заданнем Марыі пад Крыжам і ў Вячэрніку.

Такія сыноўскія адносіны — такі давер сына да сваёй маці — не толькі пачынаецца ў Хрысце, але, можна сказаць, у рэшце рэшт таксама да Яго кіруецца. Можна сказаць, што Марыя няспынна паўтарае ўсім тыя самыя словы, сказаныя Ёю ў Кане Галілейскай: «Тое, што Ён скажа вам, зрабіце». Бо Ён, Хрыстус — адзіны Пасрэднік паміж Богам і людзьмі, Ён — «дарога і праўда, і жыццё» (Ян 14, 6); Яго, спрадвечнага Сына, Айцец даў свету, каб чалавек «не загінуў, але меў жыццё вечнае» (Ян 3, 16). Панна з Назарэта стала першаю «сведкаю» той збавеннай любові Айца і прагне таксама заўсёды і ўсюды заставацца яе пакорнаю слугою. У адносінах да кожнага хрысціяніна, да кожнага чалавека Марыя — гэта тая, якая першая «паверыла», і менавіта гэтаю вераю Абранніцы і Маці жадае ўздзейнічаць на ўсіх, хто па-сыноўску ёй давяраецца. І чым больш яны прабываюць у гэтым даверы і ў ім умацоўваюцца, тым больш Марыя набліжае іх да невымоўных «Хрыстовых багаццяў» (пар. Эф 3, 8). Да таго ж яны тым больш распазнаюць ва ўсёй паўнаце годнасць чалавека і канчатковы сэнс яго паклікання: «Бо Хрыстус у поўнай меры адкрывае чалавека самому чалавеку»133.

(…)
Падчас Сабору Папа Павел VI урачыста абвясціў, што Марыя з’яўляецца Маці Касцёла, «гэта значыць, Маці ўсіх хрысціянаў: так вернага народа, як і пастыраў»134. Да таго ж, у 1968 г. у Вызнанні веры, вядомым пад назваю Credo populi Dei, ён выказаў гэта яшчэ больш абавязваючымі словамі: «Мы верым, што Найсвяцейшая Багародзіца, новая Эва, Маці Касцёла, працягвае ў небе выконваць свой мацярынскі абавязак адносна членаў Хрыста: садзейнічае нараджэнню і развіццю боскага жыцця ў душах адкупленых»135.

Вучэнне Касцёла падкрэсліла, што праўда пра Найсвяцейшую Панну, Маці Хрыста, з’яўляецца своеасаблівым ключом да зразумення праўды пра Касцёл. Усё той жа Павел VI, прамаўляючы ў кантэксце толькі што ўхваленай Саборам Канстытуцыі Lumen gentium, сказаў: «Пазнанне сапраўднага каталіцкага вучэння пра Найсвяцейшую Панну Марыю заўсёды будзе ключом да правільнага разумення таямніцы Хрыста і Касцёла»136. Марыя прысутнічае ў Касцёле як Маці Хрыста, а таксама як Маці, якую Хрыстус у таямніцы адкуплення даў чалавеку ў асобе апостала Яна. Таму Марыя сваім новым духоўным мацярынствам ахінае кожнага і ўсіх у Касцёле, а таксама ахінае кожнага і ўсіх праз Касцёл. У гэтым значэнні Марыя — Маці Касцёла — з’яўляецца таксама яго прыкладам. Бо Касцёл, як казаў Павел VI, «павінен браць з Багародзіцы Панны найсапраўднейшы прыклад дасканалага наследавання Хрыста»137.

Дзякуючы той асаблівай сувязі, якая яднае Багародзіцу з Касцёлам, праліваецца святло таксама на таямніцу «жанчыны», якая з першых раздзелаў кнігі Быцця і аж да Апакаліпсіса суправаджае аб’яўленне збаўчых планаў Бога адносна чалавецтва. Бо Марыя, прысутная ў Касцёле як Маці Адкупіцеля, па-мацярынску ўдзельнічае ў «гэтай цяжкай барацьбе супраць сілаў цемры»138, якая вядзецца на працягу ўсёй гісторыі чалавецтва. Адначасова праз Яе касцёльнае атаясамліванне з «жанчынаю, апранутаю ў сонца» (пар. Ап 12, 1)139, можна сказаць, што «ў Найсвяцейшай Панне Касцёл ужо дасягае той дасканаласці, дзякуючы якой існуе беззаганны і без плямы»; таму таксама хрысціяне, на працягу ўсяго свайго зямнога вандравання з даверам узнімаючы вочы да Марыі, «з усіх сілаў імкнуцца да таго, каб узрастаць у святасці»140. Марыя, велічная Дачка Сіёна, дапамагае ўсім сваім сынам, дзе толькі і ў якіх умовах яны б ні жылі, каб яны ў Хрысце знаходзілі шлях да дому Айца. Таму Касцёл ва ўсім сваім існаванні захоўвае з Багародзіцай сувязь, якая ў таямніцы збаўлення ахоплівае мінулае, сучаснасць і будучыню, і ўшаноўвае Яе як духоўную Маці чалавецтва і Заступніцу ласкі.