Штораз усё больш прыгожымі і прыдатнымі для набажэнстваў ды сталага душпастырства становяцца новыя каталіцкія святыні Віцебскай дыяцэзіі. Адначасова тут мацуюцца парафіяльныя супольнасці, якія дзякуючы намаганням святароў, законных сясцёр і саміх парафіянаў набываюць тыя неабходныя якасці, што робяць іх сапраўднымі Божымі асяродкамі.

Адна з такіх супольнасцяў — парафія Наведзінаў Найсвяцейшай Панны Марыі ў Гарадку. Утвораная ў 2001 годзе, гэтая маладая парафіяльная супольнасць ужо мае сваю святыню. Збудаваны ў маляўнічым месцы, на скрыжаванні трох дарог, касцёл прываблівае жыхароў і гасцей горада густоўнасцю і арыгінальнасцю сілуэту. І хоць шмат яшчэ чаго трэба тут зрабіць, ужо можна з упэўненасцю казаць: тое, аб чым марылі гарадоцкія католікі, — збылося. З радасцю кажуць пра гэта і самі вернікі, і сёстры-служабнічкі Люцына і Грацыя, і поўны жадання працягваць пачатае папярэднікамі новы пробашч парафіі Яніслаў Гарнцарэк.

13 красавіка, у Вялікі чацвер, парафію наведалі біскуп дыяцэзіі Уладзіслаў Блін і канцлер дыяцэзіяльнай курыі кс. Кшыштаф Вітвіцкі, каб разам з вернікамі падчас святой Імшы Вячэры Панскай узгадаць устанаўленне Сакрамэнту Эўхарыстыі і наказ Езуса аб братняй любові. Пра тое, як важна сёння ўсім нам вучыцца па-сапраўднаму любіць і дараваць, няма патрэбы згадваць, і прыклад менавіта такой любові і даравання якраз і прадэманстравалі ў дачыненні адзін да аднаго ардынарый і дарослыя, а таксама дзеці, што сабраліся ў гэты вечар у касцёле дзеля супольнай малітвы.

Гарадоцкая парафія — энергічная, актыўная. Пра гэта сведчаць і шматлікія запісы ў «Гісторыі парафіі», і меркаванні саміх вернікаў. Ужо адно тое, што ў невялікай супольнасці працуе пад кіраўніцтвам сясцёр законных пяць груп катэхезы, шмат пра што гаворыць. Гарадоцкія католікі — пастаянныя ўдзельнікі многіх мерапрыемстваў, якія праводзяцца ў дыяцэзіі і па-за яе межамі. У траўні група моладзі з Гарадка выпраўляецца ў Польшчу на сустрэчу з Папам.

Другою парафіяй, якую наведаў у перадвелікодныя дні біскуп Уладзіслаў Блін, стала парафія Святога Айца Піо ў Лёзне. У адрозненне ад гарадоцкіх парафіянаў вернікі Лёзна пакуль што моляцца ў часовай капліцы. Яна займае пляц паблізу чыгункі, і спецыялісты-праектоўшчыкі кажуць, што гэта вельмі прыдатнае для забудовы месца. Так лічыць і пробашч парафіі кс. Алег Півавар, для якога праца ў лёзненскай парафіі — першая пасля заканчэння семінарыі.

Пасля перажывання Крыжовага шляху і асвячэння абраза с.а. Піо, які ахвяраваў лёзненцам пробашч кафедральнага касцёла святой Барбары а. Міхал Ермашкевіч, біскуп разам з кс. Алегам цэлебравалі Літургію на ўшанаванне Мукі Пана, галоўным момантам якой сталася адарацыя Святога Крыжа.

Пробашч парафіі і парафіяне сардэчна падзякавалі Эксцэленцыі за душпастырскае наведанне іх напярэдадні Вялікадня, а біскуп пажадаў сваёй пастве хутчэйшага пераадолення цяжкасцяў, звязаных з пабудоваю святыні.

У Вялікую суботу Святога Пасхальнага Трыдууму біскуп Уладзіслаў Блін разам з іншымі прадстаўнікамі дыяцэзіяльнай курыі цэлебраваў святую Імшу Пасхальнай вігіліі ў парафіі святога Андрэя Баболі ў Полацку.

Францішак Дубраўскі.
Фота Ірыны Кульпекшы.