З айцом марыянінам Міхалам Цвячкоўскім гутарыць Ірына Жарнасек

– Айцец Міхал, чаму Вы сталі марыянінам? Бо, вось думаю, Найсвяцейшую Панну Марыю любяць у нас усе вернікі, але ж не ўсе ідуць у ордэн айцоў марыянаў.

– Напэўна, усё ж не толькі таму, што я ў дзяцінстве вельмі любіў маёвыя набажэнствы. Я пайшоў у ордэн айцоў марыянаў у большасці дзякуючы святой памяці айцу Антонію Ласю, які ў гады майго юнацтва зрабіў на мяне вялікі ўплыў сваім прыкладам ахвярнага служэння Богу і людзям. І, ведаеце, я ніколі не пашкадаваў, што пайшоў менавіта ў гэты ордэн. Мабыць, з дапамогаю айца Антонія мною кіраваў тады Божы Провід. Як цяпер разумею, я проста не мог не стаць марыянінам хоць бы і таму, што вельмі люблю марыйныя малітвы, асабліва святы Ружанец. Праўда, яшчэ я вельмі люблю адараваць Езуса ў Найсвяцейшым Сакрамэнце, найбольш на адзіноце, у глыбокай цішы, калі нішто не перашкаджае асабістай размове з Панам Богам.

– А Вашыя бацькі веруючыя?

– Так. Дзякуючы ім, а таксама бабулі і дзядулю з мамінага боку я з дзяцінства жыў у духу малітвы, у хрысціянскай атмасферы. Бацькоўскі дом, можна сказаць, быў маёй першай рэлігійнай школай. Вельмі ўдзячны ім за гэта, бо ў той час рэлігійныя перакананні пераследаваліся, за рэлігійнае выхаванне дзяцей бацькі маглі быць сурова пакараныя ўладаю. Ніколі не забуду збялелы мамін твар, калі аднойчы ў той час, як я рыхтаваўся да першай святой споведзі, у касцёл прыйшла праверка з раённага аддзела народнай адукацыі. Маці, памятаю, схавалася тады за нейкія касцельныя шаты ў закрыстыі, каб яе не ўбачылі, а я вельмі спужаўся, бо не разумеў, што адбываецца. Яна працавала бібліятэкарам у школе і, вядома, калі б яе ўбачылі ў касцёле, то яна мела б сур’ёзныя праблемы. А нас жа, дзяцей, у сям’і шасцёра гадавалася, і бацькам страціць працу – цэлая трагедыя была б. Ды, дзякуй Богу, мама з татам не адступіліся ад свайго намеру выхоўваць дзяцей па-хрысціянску. А таму і перамаглі.

– Вы казалі, што і ў маёвых набажэнствах у дзяцінстве ўдзельнічалі...

– А як жа! Столькі радасці яны нам прыносілі! Ідолцкі касцёл ад нашай хаты знаходзіцца за пяць з паловай кіламетраў, але гэта не было для нас перашкодаю. Кожны дзень хтосьці з нас абавязкова быў у касцёле на маёвым набажэнстве, а астатнія ішлі да вясковага крыжа, пры якім штовечар адбывалася маёвае.

– Вось я думаю, гарадскія жыхары могуць толькі зайздросціць вясковым у гэтым плане, бо яны не маюць магчымасці быць на маёвым каля прыдарожнага крыжа. А вашая вёска літаральна патанае ў нябеснай сінечы ды зеляніне. Чым не святыня пад купалам неба? Ды яшчэ пад птушыны грай!

– Сапраўды, у нас вельмі прыгожа, а ўвесну, здаецца, і ў хату не заходзіў бы.

– Ведаю, што мінулай восенню Вы ўдзельнічалі ў пілігрымцы ў Фаціму. Раскажыце, калі ласка, пра свае ўражанні ад наведання месца аб’яўленняў Маці Божай.

– Гэта былі вельмі глыбокія перажыванні. Памятаю, прыехалі мы пад вечар у Фаціму, размясціліся ў доме для начлегу, разышліся па пакоях. А праз некалькі гадзінаў, папярэдне нават не змовіўшыся, усе сустрэліся на пляцы аб’яўленняў Маці Божай. Ведаеце, нібы паўставалі перад вачыма старонкі кнігі пра Фаціму, словы Анёла да дзяцей, словы Маці Божай. Усё гэта прыгадвалася і пазней, калі я наведаў месца пахавання блаславёных Францішка і Жасінты. Цяжка такое нават вытлумачыць, але там неяк па-іншаму прамаўляліся пацерынкі ружанца, па-іншаму гучала малітва, аб якой так прасіла Маці Божая ў часе сваіх аб’яўленняў у Фаціме. Вельмі ўдзячны Пану Богу, што змог там пабыць.

– Не сумняваюся, што айцы марыяне моцна любяць Маці Божую. Не сумняваюся таксама і ў тым, што большасць чытачоў часопіса «Ave Maria» таксама любяць Яе. Але часам даводзіцца чуць меркаванне, што для некаторых вернікаў існуе небяспека, каб Маці Божая не засланіла для іх вобраз Езуса Хрыста. Што Вы на гэта скажаце?

– Гэтая небяспека можа існаваць у тым выпадку, калі вернікі створаць для сябе фальшывы вобраз Маці Божай, бо сапраўдная пашана да Яе ніколі не заслоніць вобразу Хрыста хоць бы таму, што менавіта Марыя нясе нам свайго Сына і Яе місія – наблізіць людзей да Яго, дапамагчы ім палюбіць Яго, быць вернымі Яму. Вядома, у народнай традыцыі ёсць шмат розных версій, накшталт той, што да Бога адразу набліжацца страшнавата, таму прасцей спачатку пасябраваць з Маці Божай, а потым ужо і з Ім.

– А то яшчэ, як у песні спяваецца, што калі Пан Бог возьмецца за розгу, каб адлупцаваць сваіх непаслухмяных дзяцей, тады шчаслівы будзе той, хто ўцячэ да Яе.

– У старадаўніх песнях можна рознае пачуць. Так, мабыць, і стварыўся спрошчаны вобраз Маці Божай. Мы ж найперш павінны памятаць, што мусім наследаваць Марыю ў Яе вернасці Хрысту, любові да Яго, паслухмянасці Божай волі нават тады, калі гэтая воля і незразумелая нам, і балючая. Яна, якая нарадзіла і выгадавала Езуса Хрыста, якая мужна наследуе Яго ва ўсім, з’яўляецца для нас прыкладам ідэальнай хрысціянкі. Пра гэта нельга забываць.

– Напрыканцы мінулага лета Вы распачалі працу пробашчам ў калысцы беларускіх марыянаў – Друі. Як Вы адчуваеце сябе там?

– Вельмі добра. Найперш таму, што нашы парафіяне зычлівыя, гатовыя на дапамогу ў любую хвіліну, на любую працу для касцёла. Вядома, што нейкіх праблемаў, як і ўсюды, хапае, але калі ведаеш, што людзі такія неабыякавыя да парафіяльных справаў, тады і сілы прыбывае для іх вырашэння. У часе наведвання вернікаў па калядзе прыемна здзівіла мяне тое, што некаторыя старэйшыя парафіяне яшчэ памятаюць службу нашых айцоў марыянаў у Друі, вельмі цёпла пра іх узгадваюць. У вёсцы Малькі, напрыклад, мне распавядалі, як блаславёны айцец Юры Кашыра рыхтаваў дзяцей да першай святой споведзі, як айцец Андрэй Цікота гаварыў тут казанні па-беларуску і якую буру самых розных эмоцый гэта выклікала.

– Ваша парафія даволі вялікая, а маёвыя набажэнствы будуць адбывацца, напэўна ж, не толькі ў касцёле?

– Вядома. У многіх вёсках ёсць прыдарожныя крыжы, каля якіх вернікі вечарамі збіраюцца на малітвы. Калі ўвечары на машыне праехаць па тэрыторыі парафіі, то можна трапіць на некалькі такіх набажэнстваў. Раз на месяц я абавязкова наведваю такую супольнасць, а іх у нас паўтары дзесяткі, паспавядаю людзей, адпраўлю там святую Імшу. Гэта – падзея для вёскі, людзі да яе рыхтуюцца, чакаюць, робяць усё, каб такія сустрэчы прыносілі найбольшы плён. Увогуле, думаю, што месяц май – найпрыгажэйшы не толькі, мабыць, у прыродзе, але і ў духоўным жыцці католіка. Здаецца, нібы сама прырода, абудзіўшыся ад зімовага сну, вітае Пана Бога і Маці Божую зелянінай, кветкамі, прыгожымі спевамі ды малітвамі. У маі для Найсвяцейшай Панны Марыі спявае ўся зямля...