Ксёндз Кшыштаф Вітвіцкі нарадзіўся на поўдні Польшчы, у мястэчку Піўнічна, а дзяцінства і юнацтва правёў у вёсцы Вярхомля Велька. Па сканчэнні школы паступіў вучыцца ў Вышэйшую духоўную каталіцкую семінарыю «Hosianum» у Ольштыне. Пасля выпуску з семінарыі 4 гады працаваў вікарыем у парафіі святога Войцеха ў Мронгаве і 6 гадоў пробашчам парафіі святога Яна Апостала Евангеліста ў Новым Каўкове. Адначасова быў каардынатарам руху «Святло —Жыццё» Вармінскай архідыяцэзіі. Як сам прызнаецца, заўсёды меў жаданне паспрабаваць сябе ў якасці місіянера па-за межамі Польшчы, у выніку чаго і трапіў у Беларусь. У немалой ступені на такое рашэнне паўплывала, відаць, і тое, што тут ужо колькі гадоў працаваў (і Цяпер працягвае працаваць у якасці пробашча ў санктуарыі Маці Божай Азёраў у Браславе) яго малодшы брат Лешак. У Беларусь кс. Кшыштаф прыехаў у 2000 годзе. Быў прызначаны пробашчам парафіі Найсвяцейшай Тройцы ў Глыбокім, з’яўляўся дзеканам Глыбоцкага дэканата, затым перайшоў на працу ў курыю Віцебскай дыяцэзіі. У 2005 годзе біскуп Уладзіслаў Блін прапанаваў яму, па ад’ездзе ў Польшчу кс. Пятра Сялкоўскага, пасаду канцлера дыяцэзіяльнай курыі. Пра працу на гэтай адказнай пасадзе, а таксама пра варункі і справы, якія ёй спадарожнічаюць (у прыватнасці, экуменічныя, што складаюць адно з галоўных зацікаўленняў кс. Кшыштафа), — наша размова.

 
— Ксёндз Кшыштаф, што ўваходзіць у Вашы абавязкі канцлера дыяцэзіяльнай курыі?

— Галоўнае — гэта забеспячэнне кананічнага права і вядзенне справаў, звязаных з патрэбамі дыяцэзіі, у тым ліку адпаведнай дакументацыі. Асноўная функцыя канцлера, безумоўна, выканаўчая, і гэта гаворыць само за сябе. Не ўдаючыся ў падрабязнасці, зазначу, што працы заўжды шмат і з дакументацыяй, і з людзьмі. Апроч усяго, апякуюся справамі клерыкаў, якія паступілі на вучобу ў семінарыі розных краінаў з нашай дыяцэзіі, а таксама душпастырствам моладзі і справамі руху «Святло — Жыццё». Ну і, безумоўна, ёсць справы экуменічныя — імі займаюся ў якасці намесніка біскупа, які дэкрэтам кардынала Казіміра Свёнтэка прызначаны дырэктарам Камісіі па справах экуменічных Канферэнцыі біскупаў каталіцкіх у Беларусі.

— Экуменізм — гэта блізкая для Вас тэма?

— Блізкая. Так сталася , што праблемы экуменізму, мірнага суіснавання людзей розных веравызнанняў, канфесій суправаджаюць мяне ад маленства. Напрыклад, мая маці, якая нарадзілася на Украіне і была падчас вайны дзіцем вывезеная ў Нямеччыну, з’яўлялася грэка-каталічкай. Чым не падстава для малога задумацца, чаму людзі моляцца па-рознаму? Побач з намі жылі ленкі. Гэта такая этнічная група, якая захоўвала ў набажэнствах абраднасць і мову праваслаўя. Пасля вайны большасць яе прадстаўнікоў была выселеная ва Украіну ці ў іншыя рэгіёны Польшчы, але некаторыя засталіся. Пастаяннае назіранне за ладам жыцця і вераю гэтых людзей таксама дадало мне пэўны досвед. Прымушалі задумацца і самі святыні: ты прыходзіш у касцёл і бачыш, што гэта — колішняя праваслаўная царква... Падчас вучобы ў семінарыі ў Ольштыне даводзілася даволі часта кантактаваць з вармякамі. Усё гэта вымагала і адэкватнага аналізу сітуацыі, і пошуку аптымальнае будовы ўзаемаадносінаў, што з часам і вылілася ў сталую зацікаўленасць праблемай.

— А ці даводзілася Вам быць сведкам канфліктаў на рэлігійнай глебе?

— Не, ва ўсялякім выпадку знешне непрыманне інакшай абраднасці ці нечага яшчэ прылюдна ніколі не праяўлялася. Можа, таму, што хтосьці заўжды быў у большасці. Спачатку, да таго, як іх перасялілі, — ленкі, потым — католікі. Хоць, напэўна, пярэчанні і маглі існаваць дзесьці глыбока ў падсвядомасці людзей. Ды з любой сітуацыі знойдзецца выйсце, калі яго добра пашукаць. Да прыкладу, калі я працаваў у Мронгаве, у нас былі вельмі добрыя стасункі з лютэранскім пробашчам — праз абмен досведам працы і рэгулярныя сустрэчы. У Новым Каўкове католікі прымалі ў сябе вернікаў-пратэстантаў з Нямеччыны, і ўсім было добра. Але ж, сутыкаючыся з рознай канфесійнасцю, немагчыма не думаць пра тое, што добра — не ўсюды і што дзеля добрага трэба рабіць высілкі, намаганні. Вось чаму з ахвотаю ўзяўся за гэтую дзялянку працы тут, у Беларусі.

— Думаеце, што праблемы экуменізму ў Беларусі актуальныя?

— Канечне, і гэта бачна няўзброеным вокам, як толькі хоць крыху даведаешся пра сем’і. Муж — праваслаўны, жонка — каталічка ці наадварот. Адно дзіця хрышчанае ў царкве, другое — у касцёле. Адзін сусед кліча да хворае маці ксяндза, другі — бацюшку. А тым часам жыць і надалей усім гэтым людзям разам, упобачкі...

— Што канкрэтна робіце Вы як намеснік дырэктара Камісіі па справах экуменізму ў краіне?

— Калі аналізуеш сітуацыю, міжволі прыходзіш да высновы, што тэарэтычна розніца паміж Касцёлам і Царквою ў свядомасці людзей вельмі нязначная, чаго нельга сказаць пра бок практычны. З гэтага стараюся і зыходзіць у штодзённай працы. А яшчэ з таго, што праблема экуменізму не новая ў свеце. І Каталіцкі Касцёл, і іншыя Цэрквы маюць у гэтым плане нямала карысных напрацовак, трэба толькі ўмела імі карыстацца. І тут вялікае значэнне мае ўдзел у міжнародных форумах, дзе тыя напрацоўкі агучваюцца ў найбольш канцэнтраваным выглядзе.

— Дзе апошнім часам праводзіліся такія форумы? І ці запланаваны ў бліжэйшы час?

— У 2004 годзе ў Будапешце прайшла міжнародная сустрэча прадстаўнікоў Каталіцкіх Касцёлаў Еўропы і прадстаўнікоў розных Цэркваў Еўропы (ССЕЕ і КЕК), на якой абмяркоўвалася так званая Карта экуменічная — дакумент, скіраваны на аптымальны ўдзел Цэркваў у працы па развіцці экуменічных каштоўнасцяў. У 2005 годзе ў Рыме адбылася аналагічная сустрэча прадстаўнікоў Каталіцкіх Касцёлаў свету і прадстаўнікоў розных Цэркваў свету з абмеркаваннем шляхоў наладжвання добрых стасункаў паміж людзьмі розных веравызнанняў. Там жа, у Рыме, у гэтым годзе распачала працу трэцяя Еўрапейская экуменічная асамблея. Другі этап яе працы адбудзецца ў Нямеччыне, трэці — у Румыніі, у горадзе Сібю. Такія форумы, безумоўна, — моцны штуршок і для ўмацавання ўзаемаразумення паміж Цэрквамі, і для спрыяння вырашэнню больш канкрэтных, ці то лакальных, ці то глабальных, праблемаў. Праз кантакты, праз дыскусіі Цэрквы свету імкнуцца вырашыць праблемы, якія хвалююць вернікаў самых розных рэлігій і веравызнанняў.

Як Вы выкарыстоўваеце досвед такіх форумаў?

— Кожнае мерапрыемства такога высокага ўзроўню дае штосьці для практычнай дзейнасці на месцах, у канкрэтных рэгіёнах. Іх дух, які грунтуецца ў першую чаргу на дыялогу і жаданні зразумець іншага чалавека, можа стаць выдатным падмуркам у справе развіцця экуменічных падыходаў да арганізацыі ўнутрыдыяцэзіяльнага, дзеканальнага, парафіяльнага жыцця, пры будове душпастырскай працы, у моладзевым рэлігійным асяродку і г.д. Дзякуючы падобным форумам з’яўляецца ўсё больш асобаў, зацікаўленых не ў тым, каб штосьці дзяліць, а, наадварот, у тым, каб збліжацца і мацаваць агульныя здабыткі. Але ж адных добрых намераў недастаткова, іх трэба рэалізоўваць на практыцы. Як? Пра гэта мы пастаянна думаем. Надаем належную ўвагу навязванню кантактаў з прадстаўнікамі іншых канфесій, у прыватнасці з праваслаўнымі, праз сустрэчы, дыскусіі, сумесныя акцыі. Добры плён даюць традыцыйныя лакальныя сустрэчы прадстаўнікоў касцёлаў Беларусі, Нямеччыны, Польшчы, Украіны. Мы ладзім іх звычайна два разы на год, наступную мяркуецца правесці ў Варшаве (яна будзе прысвечана праблематыцы міграцый і гандлю людзьмі). Падчас папярэдняй, што праходзіла ў Кіеве, у якасці галоўнага разглядалася пытанне ўключэння ў школьныя праграмы хрысціянскіх каштоўнасцяў. Быў цікавы абмен меркаваннямі з досведу працы, у якім узялі ўдзел не толькі прадстаўнікі Рады біскупаў, капланы, але і спецыялісты — навукоўцы, работнікі міністэрстваў адукацыі і інш. Два гады таму сустрэча праводзілася ў Мінску і была прысвечана тэме дапамогі асобам, якія траплялі ў заключэнне. Падчас сустрэчы быў арганізаваны выезд у Глыбокае, дзе можна было наведаць турму і ўпэўніцца на ўласныя вочы, як патрэбна такая дапамога зняволеным людзям. Словам, просторы для актыўных дзеянняў хапае. А часам жа і высілкаў вялікіх не патрэбна, каб зрабіць добрую справу. Вось адчынілі па ініцыятыве біскупа Уладзіслава Бліна пры Віцебскім дзяржаўным універсітэце аддзяленне тэалогіі, і паглядзіце, як добра гэта спрыяла пашырэнню экуменічных каштоўнасцяў. Моладзь розных канфесій разам спасцігае навуку, вучыцца жыць супольным жыццём незалежна ад веравызнання — гэта ўжо канкрэтыка, практыка, добрая глеба для супрацоўніцтва ў будучыні. Часта сам Бог і абставіны жыцця падказваюць, як зрабіць, каб усім было добра.

— Святы Айцец Ян Павел ІІ надаваў вялікае значэнне праблеме экуменізму...

— Гэта так. Як і тое, што прыклад асобы, іерарха такога ўзроўню вельмі важны для людзей, як вернікаў, так і атэістаў. Святы Айцец ніколі не абмінаў магчымасці наведаць, напрыклад, сінагогу, і для людзей гэта быў узор практычнага ўвасаблення ў жыццё прынцыпаў экуменізму. Цяпер эстафету ў гэтай справе пераняў Папа Бэнэдыкт XVI, які падчас Сусветных дзён моладзі ў Кёльне таксама сустрэўся з яўрэйскім асяродкам. Усё гэта — яскравыя прыклады далікатнага стаўлення да іншых рэлігій, узор і капланам, і сёстрам законным, і людзям свецкім у арганізацыі ўнутрыпарафіяльнага, пазапарафіяльнага жыцця. Набліжаць чалавека да разумення патрэбаў іншых людзей праз уласны прыклад — гэта заўсёды вельмі важна.

— Якія накірункі рэлігійнага жыцця, апроч экуменізму, цікавяць Вас яшчэ?

— Усё, што звязана з душпастырствам, з рухам «Святло — Жыццё», тое, што цікавіла заўсёды. Адчуваю вялікую цікавасць да Літургікі. Шмат даводзіцца працаваць над доктарскай працай, тэма якой — «Рэалізацыя пастановаў Другога Ватыканскага Сабору ў Каталіцкім Касцёле ў Беларусі». Многа ўсяго, але галоўнае — ёсць адчуванне таго, як трэба працаваць, каб з дапамогаю Бога мацаваўся Касцёл, развівалася ўсё тое лепшае, чаго дасягнулі нашы папярэднікі.

Размаўляў Францішак Дубраўскі