Перада мною — пажоўклы фотаздымак, зроблены ў 30-я гады мінулага веку. На здымку — ксёндз Лёнгін Іванчык у акружэнні ўдзельнікаў парафіяльнага хору і арганіста. Адкрыты твар, добразычлівы і спагадлівы пагляд, спакойная пастава ўпэўненага ў сваёй справе чалавека.

Не так даўно да мяне звярнулася навуковы супрацоўнік Гродзенскага музея гісторыі рэлігіі Ніна Ляшчонак з просьбай дапамагчы адшукаць якія-небудзь звесткі пра кс. Іванчыка. І вось гляджу на атрыманыя з афіцыйных крыніц кароткія біяграфічныя звесткі і ў чарговы раз пераконваюся ў тым, што нічога не бывае выпадковым: менавіта ў гэтым годзе спаўняецца 110 гадоў з нараджэння гэтага святара, 30 гадоў з дня яго смерці і 70 гадоў, як ён пакінуў клюшчанскі касцёл.

У клюшчанскай парафіі яшчэ ёсць людзі, якія памятаюць ксяндза Іванчыка асабіста, а іншыя чулі пра яго ад бацькоў і дзядоў. Кс. Лёнгін Іванчык нарадзіўся ў 1896 годзе ў Росенях у беднай сям’і. Акрамя яго самога ў бацькоў было яшчэ двое дзяцей — брат і сястра. Рана, калі ён быў яшчэ падлеткам, памерла маці. Бацька, заўважыўшы цягу сына да навукі, яго набожнасць і жаданне стаць ксяндзом, вырашыў любой цаной дапамагчы яму ажыццявіць сваю мару. Бацька рабіў ружанцы і шкаплеры, прадаваў іх у Вільні каля Вострай брамы і на выручаныя грошы вучыў сына ў Віленскай духоўнай семінарыі.

Пасля заканчэння семінарыі малады святар з 1926 па 1928 год працаваў у Маладзечне, а з 1928 па 1936 — у Клюшчанах. Жыў з сям’ёй: бацькам, братам Дамінікам і сястрой Апалоніяй. Парафія была бедная, і яны, каб выжыць, трымалі гаспадарку. Кс. Лёгін быў вялікі энтузіяст. Шмат увагі аддаваў рабоце з дзецьмі і моладдзю. Стварыў пры касцёле гурток польскай моладзі, у якім моладзь павышала свае веды ў галіне сельскай гаспадаркі. Яшчэ працаваў гурток мастацкай самадзейнасці, удзельнікі якога ладзілі канцэрты ў Клюшчанах і суседніх вёсках. Працавала і бібліятэка, якую ксёндз кожны год стараўся папаўняць новай літаратурай і дазваляў карыстацца ёю ўсім жадаючым, наказваючы бібліятэкару Кацярыне Трыбоцкай строга сачыць за своечасовым вяртаннем кніг у добрым стане.

Усе, з кім даводзілася гутарыць, успамінаюць святара з цеплынёй і ўдзячнасцю. Большасць з тых, хто сёння памятае кс. Іванчыка, прыступалі пры ім да Першай Камуніі. Стараннямі кс. Лёнгіна гэта ўрачыстасць праходзіла як сапраўднае свята. Яго сястра Поля пякла булачкі і гатавала каву, каб пачаставаць удзельнікаў Першай Камуніі разам з бацькамі ў ксяндзоўскім садзе. Смак гэтых булачак і кавы, як і дабрыню ксяндза Іванчыка, людзі запомнілі на ўсё жіццё (пра гэта часта ўспамінала мая мама).

Ксёндз Лёнгін вёў урокі рэлігіі ў Клюшчанскай школе. Кожнаму вучню ён даваў дзённік, у якім трэба было запісваць штодзённыя добрыя і дрэнныя ўчынкі: калі добры ўчынак — ставілі плюс, дрэнны — мінус. Кожны тыдзень ксёндз правяраў дзённік і ставіў адзнакі. Як сказала К. Трыбоцкая, «дзеці аж са скуры лезлі, каб назбіраць як мага больш плюсаў». Пры школе ксёндз Лёнгін арганізаваў дзіцячае згуртаванне — «Круцыяту эўхарыстычную».

Кожная вёска мела свайго апекуна-заступніка сярод святых. Напрыклад: Вялікая Вёска — св. Юзафа, Казаноўка — св. Казіміра, Масцяны — св. Тэрэзу, Буйкі, Барані — св. Юрыя, Клюшчаны — найсв. Марыю Панну.

Абраз святога быў вышыты або наклеены на харугвы. Выбіраўся харунжы і два падхарунжыя, якія неслі абраз святога ў працэсіі. Астатнія выстройваліся парамі і так, спяваючы святыя песні, ішлі з кожнай вёскі ў касцёл.

Вядомы кс. Лёнгін і сваім альтруізмам. Адзінокія і састарэлыя людзі з усёй парафіі часта знаходзілі прытулак у плябаніі, многія нават жылі там. Ён вельмі любіў людзей і стараўся дапамагчы ім, чым мог. За гэта, ды і за тое, што сам быў з беднай сям’і, яго не любіў мясцовы пан Сволькен, называў «шкаплернікам» і не запрашаў адпраўляць святую Імшу ў панскай капліцы. Але гэта, бадай, быў адзіны чалавек, які не любіў святара. Парафіяне ж на яго любоў адказвалі яшчэ большай любоўю.

Ксёндз Іванчык пражыў цяжкае жыццё. Пасля Клюшчанаў працаваў у Бутрыманцах, дзе ў 1951 годзе яго арыштавалі і асудзілі на 10 гадоў лагераў у Сібіры. Рэабілітаваны быў у 1956 годзе. Пасля лагераў працаваў пробашчам у Корвях, і гэты касцёл стаў апошнім месцам яго душпастырскай дзейнасці.

26 кастрычніка 1976 года кс. Лёнгіна Іванчыка не стала, але памяць пра яго як пра адну з яркіх постацяў з ліку ксяндзоў, што працавалі ў клюшчанскім касцёле, жыве, бо жывуць людзі, якім пашчасціла ведаць гэтага цудоўнага чалавека, слухаць з яго вуснаў Божае Слова, якое ён нёс вернікам з усёй шчырасцю свайго вялікага сэрца. І не толькі словам, але і ўласным жыццём паказваў прыклад любові да бліжняга.

Іаланта Валуевіч,
в. Спонды Астравецкага раёна.