На прыгожых абшарах палескага краю, непадалёк ад маляўнічай рэчкі Ясельды і вядомага Агінскага канала, знаходзіцца мястэчка Лагішын. Для вернікаў Палесся ды, напэўна, для ўсіх католікаў яно вядомае найперш санктуарыем Маці Божай Лагішынскай — Каралевы Палесся. Да Яе цудоўнага абраза два разы на год прыходзяць вернікі з гарадоў і вёсак гэтага ляснога куточка Беларусі, каб занесці Марыі свае маленні.

Але, каб лепей зразумець прыгажосць і значнасць гэтага санктуарыя, трэба зазірнуць у яго гісторыю. Яна ж, дарэчы, вельмі цікавая, а часам і драматычная. Касцёл тут быў пабудаваны ў 1634 годзе намаганнямі Альбрэхта Станіслава Радзівіла, які ў гэты час валодаў мястэчкам. Але пасля паўстання Кастуся Каліноўскага царская ўлада перадала святыню праваслаўным вернікам. У 1893 годзе яны разабралі яе, а касцёл перанеслі на могілкі, дзе ён у 1897 годзе згарэў. Пасля гэтага католікі не мелі свайго храма і мусілі ездзіць у пінскія касцёлы.

І толькі ў 1905 годзе, калі быў абвешчаны так званы Талерантны ўказ, у Лагішыне збудавалі новы касцёл у гатычным стыле, асвечаны 14 ліпеня 1913 г. біскупам Магілёўскай дыяцэзіі Вінцэнтам Ключынскім. У цэнтры яго галоўнага алтара быў змешчаны цудоўны абраз Маці Божай з Дзіцяткам Езусам.

Лёс гэтага абраза таксама не быў лёгкім. Падчас шведскай вайны адзін з атрадаў, адступаючы пад націскам польскіх войскаў, спыніўся ў Лагішыне, а яго афіцэр Галабурда пасяліўся ў сакратара мястэчка Малішэўскага. Галабурда вынес багата аздоблены абраз Маці Божай, загорнуты прасцінаю, і паклаў яго за дзвярыма ў сенцах. Калі ж прыйшоў загад рушыць у паход, абраз застаўся за адчыненымі дзвярыма. Малішэўскія ж, дамовіўшыся з іншымі лагішынцамі, прынеслі абраз у касцёл, дзе ён хутка праславіўся цудамі. Так, напрыклад, праз заступніцтва Багародзіцы храм не закрануў пажар, ад якога згарэлі ўсе будынкі навокал. Але ў 1866 г. разам са святыняй да Праваслаўнай Царквы адышоў таксама і абраз. Католікі ж ніколі не забываліся, што ён належыць Касцёлу і прыходзілі да царквы, каб маліцца перад Маці Божай Лагішынскай. Памяць пра гэта была такая моцная, што ў 1938 годзе юнакі-католікі ўпотайкі вынеслі абраз з царквы і перанеслі яго ў касцёл.

Потым, ужо адноўлены ў Варшаве, абраз урачыста прывёз у Лагішын біскуп Казімір Букраба і асабіста змясціў яго ў галоўным алтары. А ўжо ў 1997 годзе, пасля рэстаўрацыі, намаганнямі кс. кардынала Казіміра Свёнт- ка абраз зноў заняў сваё належнае месца. Гэта адбылося 1 снежня, на свята Святой Багародзіцы Марыі. У гэтым жа годзе 10 мая абраз быў каранаваны.

І вось ужо больш за дзесяць гадоў да гэтага санктуарыя ідуць пілігрымы, каб знайсці супакой сваім сэрцам і папрасіць заступніцтва перад цудоўным абразом Маці Божай. Гэты год не стаў выключэннем: 9 мая з Пінска, як заўсёды, да Лагішына рушыла пілігрымка. Шлях быў нядоўгі — усяго 28 кіламетраў. Напачатку надвор’е быццам не спрыяла пілігрымам: з неба, выпрабоўваючы вандроўнікаў, церусіў халодны дождж. Але якая ж пілігрымка без ахвяры! Гледзячы на пакору сваіх дзяцей, праз нейкі час Пан Бог ласкава абагрэў іх промнямі ласкавага, цёплага сонейка, якое спадарожнічала ім аж да санктуарыя. Але, напэўна, усмешкі тых, хто сустракаў пілігрымаў каля вёсак, сагравалі і асвятлялі душу мацней за сонейка. Нельга не заўважыць таксама і шчырасць людзей, што частавалі пілігрымаў. Дзякуючы іх ахвярнасці і дабрыні, пілігрымы спажылі вельмі смачны абед і набылі новыя сілы для далейшай вандроўкі.

І ўсё ж нішто не можа параўнацца з тымі пачуццямі, якія нараджаюцца ў душы, калі ты нарэшце дасягаеш мэты падарожжа! З касцёла даносіцца гучны спеў званоў, жыхары Лагішына са шчырымі ўсмешкамі вітаюць пілігрымаў кветкамі, якія потым упрыгожаць алтар касцёла... Пачуцці, што напаўняюць сэрца, немагчыма апісаць ніякімі словамі. Напэўна, гэта і ёсць тое, дзеля чаго кожны з нас спяшаўся да Маці Божай, каб яшчэ раз зазірнуць у Яе аблічча і прынесці Ёй тое самае маленькае і ў той жа час самае вялікае — сваё жыццё і гэтую маленькую яго частачку — пілігрымку, цалкам прысвечаную Ёй. Шчаслівыя ўсмешкі моладзі — найлепшыя доказы таго, што быць пілігрымам — Божая ласка і вялікае шчасце. І ўвогуле пілігрымка, як казаў адзін з яе ўдзельнікаў, найлепшая з падзей, што здараюцца ў жыцці.

Для мяне кожная такая вандроўка, быццам прыступка лесвіцы, што вядзе да Маці Божай. І таму варта, асабліва моладзі, скарыстаць такую цудоўную магчымасць удзелу ў пілігрымцы, каб, несучы свае шчырыя і адкрытыя сэрцы да Марыі, аддаць іх у Яе пяшчотныя рукі і адчуць сябе пад шатамі любай Маці, якая заўсёды апякуецца намі і дапамагае ісці да свайго Сына. Няхай жа яшчэ доўгія гады на нашай зямлі трывае гэтая цудоўная традыцыя пілігрымавання і ўсё больш моладзі прымае ў ёй удзел, а Маці Божая Лагішынская атуліць нашу краіну сваёй нябеснай апекай і заступніцтвам.

Каралева Палесся, маліся за нас!

Ларыса Дарашэнка