Гэтае чуванне моладзі адбылося ў ноч на Пальмовую нядзелю ў архікатэдральным касцёле Імя Найсвяцейшай Панны Марыі.

Вестку пра тое, што Ян Павел ІІ адышоў у вечнасць, я, як не дзіўна, пачула таксама на моладзевым чуванні. Толькі не ў Мінску, а ў Кальварыі Зэбжыдоўскай, адным з улюбёных месцаў Папы-паляка. Тады таксама чуліся яго словы, разважанні, пасланні, ставіліся сцэнкі, але калі пачаў біць жалобны звон, немагчыма было стрымаць слёз. Чуванне стала памінальным: усе маліліся за супакой душы Яна Паўла ІІ і за Касцёл, які за 27 гадоў проста не ўяўляў, што Папам можа быць нехта іншы. Асабліва моладзь.

Безумоўна, інакш выглядала мінулае чуванне моладзі ў мінскай архікатэдры. Яно было радасным, бо маліліся мы аб хутчэйшай беатыфікацыі ўжо Слугі Божага, гэтага літургічнага года, які рашэннем біскупаў Беларусі прысвечаны разважанню над навукай Яна Паўла ІІ, і натуральным жаданнем моладзі было жаданне ўшанаваць першыя ўгодкі адыходу свайго Папы, які заўсёды асабліва любіў і маладых людзей і спадзяваўся ні іх.

Знамянальна, што ў гэтым годзе ў чуванні ўдзельнічалі вернікі не толькі Мінска-Магілёўскай дыяцэзіі, але і Гродзенскай, і Віцебскай. Беларусь малілася разам за таго, хто з любоўю ставіўся да нашай Радзімы.

Адным з выразаў гэтай любові стаўся і новы, нядаўна ўкаранаваны, абраз Маці Божай. Большасць з гасцей убачылі гэты дар Яна Паўла ІІ упершыню. І ці можа быць выпадковасцю тое, што менавіта Яна, Марыя, сабрала нас у святыні, каб перад Яе вобразам маліцца за нашага ахвярадаўцу? У Пана Бога не бывае выпадковасцяў...

Распачалося чуванне ўрачыстай святой Імшой, якую цэлебраваў біскуп Антоні Дзям’янка, і асвячэннем вербаў. У казанні, скіраваным да моладзі, біскуп падкрэсліў, што хоць час і аддаляе нас ад Яна Паўла ІІ, але яго вучэнне застаецца актуальным.

Гучала на чуванні і навука спадкаемца Вялікага Папы на троне Пятровым. Пад канец Імшы было зачытана штогадовае пасланне да моладзі на Пальмовую нядзелю Бэнэдыкта XVI. Асноўная ўвага ў пасланні скіроўвалася на разважанне над Божым Словам, якое чыніць сам Дух Святы, што робіць нашыя сэрцы больш чулымі і адкрытымі. «Няведанне Евангелля — гэта няведанне Хрыста», — цытаваў Папа святога Гераніма.

Пасля Літургіі распачалася адарацыя Найсвяцейшага Сакрамэнту, якую падрыхтавала моладзь са сталічнай парафіі святога Роха. Перамога зла дабром, дасягненне свабоды праз праўду, новае мучаніцтва, якога вымагае вера ў Хрыста і Яго наследаванне, а таксама жыццё для Любові — да гэтага заклікаў і працягвае заклікаць праз напісанае слова Ян Павел ІІ. Да глыбіні сэрца кранала яго навука, асабліва, калі ў сутарэннях касцёла загучаў запіс голасу Слугі Божага. Перад Езусам Эўхарыстычным адчувалася незвычайная еднасць усіх прысутных у святыні і Яна Паўла ІІ, які, я ведаю, быў у тыя хвіліны разам з намі. «Будзем разам у Хрысце!» — гэты заклік набываў у тыя хвіліны незвычайную моц.

Пасля адарацыі нас чакаў Ружанец — ці не самая любімая малітва Папы. Моладзь з маладой мінскай парафіі ў мікрараёне Лошыца падрыхтавала разважанні Хвалебных таямніцаў. Шчырыя спевы да нашай агульнай Маці, малітва «Вітай, Марыя», якую мы чыталі ўзяўшыся за рукі, — усё гэта ператварала нас у адну вялікую сям’ю, а маладыя галасы несліся адным вялікім хорам пад сутарэнні касцёла.

Фотаздымкі Яна Паўла ІІ, разважанні пра яго адыход ад нас і спадчыну, якую ён пакінуў пасля сябе, прадставіла парафія са сталічнай Серабранкі. «Ці гэта не першы ягоны цуд?» — задаваліся пытаннем выступоўцы, калі прыгадвалі, як год таму ўвесь свет, не толькі хрысціяне, але і вызнаўцы іншых рэлігій, зліўся ў адной малітве за Яна Паўла ІІ. Да болю кранальныя фотаздымкі чарговы раз прыгадалі нам знаёмае аблічча. «Я вас бачу!» — і на нас паглядае «Бэтман» у белай сутане... Немагчыма схаваць усмешку, хоць і праз слёзы. Таму што ведаеш: ён сапраўды нас цяпер бачыць.

Падчас агапы, традыцыйнага пасілка кубкам кавы альбо гарбаты з печывам, размаўляю з удзельнікамі чування і пытаюся, кім асабіста для іх з’яўляецца Ян Павел ІІ.

— Шчыра кажучы, сэнс малітвы за Папу як за галаву Касцёла я зразумела толькі тады, калі Ян Павел ІІ адыходзіў ад нас, — распавядае Катарына. — Але цяпер я лепш зразумела неабходнасць такой малітвы і пад уздеяннем такіх набажэнстваў стараюся больш маліцца за тое, каб Ян Павел ІІ хутка афіцыйна быў прызнаны святым. Вельмі ўразілі мяне на сённяшнім чуванні фотаздымкі Папы і разважанні пра яго жыццё і дзейнасць. Хоць гэта ўсё добра і так ведаеш, але пасля таго як прыгадаеш сабе яшчэ раз тое, праз якія выпрабаванні і пакуты прайшоў гэты чалавек, пачынаеш зусім інкш успрымаць свае цяжкасці. Яны падаюцца тады такімі мізэрнымі, з’яўляюцца сілы для таго, каб так, як Ян Павел ІІ, мужна з імі змагацца.

— На мяне заўсёды вельмі моцна ўздзейнічаў заклік Яна Паўла ІІ змагацца за праўду і справядлівасць мірным шляхам, — кажа Рома. — На мой погляд, гэтыя словы будуць заўсёды актуальныя, таму варта да іх прыслухоўвацца і рэалізоўваць у сваім жыцці.

— А для мяне асабіста Ян Павел ІІ за такі доўгі час свайго пантыфікату стаў амаль родным чалавекам, — з усмешкай прызнаецца Дзіма. — Ён стаў Папам яшчэ да майго нараджэння, таму я заўсёды ўспрымаў яго як сваяка, як дзядулю, які нас так любіць!

Пасля агапы нарачанская моладзь падрыхтавала цудоўную сцэнку-разважанне пра лёс сучаснага чалавека і выпрабаванні веры, якія спатыкаюць нас у жыцці. Крыжовым шляхам і песнямі жальбы скончылася гэтая ноч малітвы і роздуму, якую маладыя людзі пажадалі асаблівым чынам правесці са Слугой Божым Янам Паўлам ІІ.

Дар радасці і супакою Духа Святога ахінаў сэрца, калі свежым красавіцкім ранкам я крочыла дадому. Першыя ружовыя промні сонейка ў чыстым блакітным небе, вербачка ў руцэ... Сёння неба і зямля, людзі і анёлы ядналіся ў адным воклічы: «Гасанна!» Я ведала і адчувала, што гэтыя словы ў гэты дзень будзе прамаўляць разам з Касцёлам не толькі цяперашні Папа, але і былы. Ён разам з намі і ніколі нас не пакіне!

Ларыса Дарашэнка.
Фота Міколы Новікава.