У нашага храма ў Бабруйску вялікая гісторыя жыцця. Будаваўся на працягу 1901–1903 гадоў пад кіраўніцтвам кс. Яна Красоўскага, які і пахаваны, па некаторых звестках, каля алтара левай навы. У 1935 г. дэкрэтам Сталіна касцёл быў зачынены і ў ім разгарнулася сельскагаспадарчая выстава, потым у святыні зрабілі збожжасховішча. Шмат было цяжкага ў жыцці нашага храма і нават невядомага. Напрыклад, не захавалася прозвішча нямецкага ксяндза, які служыў у касцёле ў гады акупацыі. У сярэдзіне 1940-х гадоў тут працаваў кс. Фелікс Вяльжынскі, якога спасцігла нейкая таемная смерць пасля вайны, калі ізноў пачаўся пераслед веруючых. Пахавалі ксяндза ў касцёле, але ў 60-я гады парафіяне перазахавалі свайго святара на мінскіх могілках, і гэта месца стала малітоўным цэнтрам католікаў Бабруйска. Захаваўся яшчэ дакумент, які тычыцца 1946 года. У ім Бабруйскі аблвыканкам пастанаўляе перадаць будынак касцёла ў карыстанне гісторыка-краязнаўчаму музею. А ў 60-я гг. знішчэнне храма працягваецца: разбураецца званіца, а сам касцёл «хаваюць» за будынкам будтрэста. Як адчуваў сябе храм без алтара, без вернікаў, без Духа, што дае жыццё? Як плакалі яго паўразбітыя аслеплыя вочы-вокны? І як пакутавалі сэрцы католікаў, што збіраліся маліцца па хатах? У тыя гады (1965–1970), нягледзячы на забарону ўладаў, веруючымі ў Бабруйску апекаваўся ксёндз Мечыслаў Малыніч. Гэта быў вельмі ахвярны святар. Толькі ў 1990 годзе, дзякуючы старэйшаму пакаленню, іх малітвам, неаднаразоваму звароту да ўладаў, іх нястомнай энергіі, веры і надзеі, касцёл Беззаганнага Зачацця Найсвяцейшай Панны Марыі быў вернуты католікам. І пачалася праца па яго адраджэнні, якая працягваецца дагэтуль. Можна ўзгадаць шмат святароў, якія працавалі ў касцёле, бо кожны з іх зрабіў прыступку на лесвіцы ўдасканалення храма як будынка і таго нябачнага Храма, што ўзносіцца ў душах людзей. Кожнаму святару ёсць за што дзякаваць, пачынаючы з першага пробашча кс. Анджэя Шчэнскага. Пашчасціла нам, што працавалі ў парафіі законніцы (пра іх дзейнасць неаднаразова пісалі рэлігійныя часопісы і гарадскія газеты). Хутка год, як да нас прызначаны новы пробашч — ксёндз Юрый Быкаў, які неяк проста і арганічна ўвайшоў у наша жыццё. Бабруйск – горад складаны, а тут якраз сёстры салезіянкі спынілі сваю дзейнасць. Уяўляеце, колькі працы звалілася на плечы кс. Юрыя? Апрача Бабруйска яшчэ існуюць парафіі ў Клічаве, Глуску, а тут нейкае невытлумачальна сістэматычнае біццё вакон у касцёле, нават у алтарнай частцы, дзе змешчана выява Міхала Арханёла. Ці то бамжы, ці проста нашы сучасныя варвары? Мяняліся ўсе замкі, ставілася сігналізацыя, грошы на якую збіралі ўсім касцёлам, аднаўляўся вітраж. Знайшліся людзі, якія ўсталявалі сапраўдныя моцныя краты на вокнах. А тут і ацяпленне запрацавала. Ведаеце, неяк павесялела на сэрцах у парафіянаў, усе адчулі гаспадарскую руку пробашча. І прыемна было пачуць ад кс. Юрыя на пытанне, ці прывык ён ужо да Бабруйска, такі адказ: «Мне здаецца, што я тут усё жыццё». І вось зноў радасная навіна – кс. Юрый сустракаўся з старшынёй гарвыканкама, і плёнам той размовы ў хуткім часе будзе вяртанне будынка трэста каталіцкай парафіі. Значыць, не будзем мы па адным праціскацца ў дзверы, ідучы на працэсію, не будуць побач з уваходам у касцёл гандляваць, не будуць пабочныя людзі хадзіць каля дзвярэй падчас Імшы і размаўляць. А калі прымецца рашэнне «адкрыць» твар храма, дык, як гавораць нашы бабулькі, мы ўсе разам па цаглінцы разбярэм гэты трэст. Вось як загарэліся сэрцы католікаў ад такой навіны! Дадам яшчэ, што ўжо выдзелена зямля вакол касцёла, якая належыць менавіта парафіі, і, хто ведае, мо праз які тэрмін у Бабруйск, як у Мосар, будуць прыязджаць людзі, каб пабачыць спалучэнне Божай ласкі, хараства і шчырай веры.
Тым часам ксёндз Юрый пазнаёміўся амаль з усімі парафіянамі, асвячаючы нашы дамы. Пакрыху вызначыліся людзі, на дапамогу якіх ён можа разлічваць у любую хвіліну. Ідзе актыўны пошук сясцёр для працы ў парафіі. Ксёндз кардынал Казімір Свёнтэк уважліва сочыць за справамі ў бабруйскай парафіі, і мы ведаем, адчуваем, што Яго Эмінэнцыя заўсёды гатовы нам дапамагчы. Увосень мы чакаем візітацыі біскупа і сакрамэнту бежмавання. Гэта вялікая падзея для парафіі, бо візітацыі ў нас не было ўжо некалькі гадоў. Ад усяго сэрца хочацца пажадаць і ксяндзу Юрыю, і ўсім вернікам цярплівасці, Божай ласкі і блаславення.
Бабруйск.