На пачатку гэтага года да нас у рэдакцыю звярнуліся дактары мінскага абласнога раддома з просьбай дапамагчы маладой маці з маленькім дзіцяткам, якім няма куды ісці са шпіталя. Аказалася, што Ала — круглая сірата: яе бацькі памерлі адзін за адным, калі дзяўчынцы было 5 гадоў. Выхоўвалася ў смілавічскім дзіцячым доме, а потым вучылася ў валожынскім ПТВ. Пасля вучылішча яе накіравалі працаваць даяркай на ферму аднаго з калгасаў Валожынскага раёна і пасялілі ў доме адзінокай пенсіянеркі. Аднак у хуткім часе прыехаў унук гэтай жанчыны і практычна ноччу адвёз Алу з усімі рэчамі назад, у вычылішча, заявіўшы, што сам збіраецца жыць у бабулі. Зусім не зразумела, як так атрымалася, што яна была выпісана ў нікуды. Шаснаццацігадовая дзяўчына апынулася літаральна на вуліцы.

Безумоўна, ёй трэба было звярнуцца ў гарвыканкам, у райсабес альбо яшчэ куды. На жаль, тады ёй гэтага ніхто не падказаў, нават сваякам было ўсё роўна. Жыла дзе давядзецца, а потым яе прытуліў супрацоўнік аднаго з маскоўскіх цыркаў, які ў той час гастраляваў па Беларусі. Працавала на продажы білетаў. Як потым прызналася, гэта быў самы шчаслівы перыяд яе жыцця. Яна без памяці закахалася ў чалавека, які спагадліва аднёсся да яе гаротнага лёсу. Але не ўсё было так бескарысліва з яго боку... Ала зацяжарыла.Каханы, як нярэдка здараецца ў такіх выпадках, знік, а потым яна даведалася, што ў Маскве ён мае сям’ю.

Адзіным чалавекам, які прыняў тады Алу, была яе сяброўка па няшчасці, таксама выхаванка дзіцячага дома, Наташа. Адразу пасля школы галоўным «універсітэтам» для Наташы стала траса, на якой яна гандлявала сваёй жаночай і чалавечай годнасцю. І хаця за некалькі гадоў такой «працы» яна нацярпелася і страху, і болю, не раз была на краю гібелі, тым не менш змяняць сваё жыццё не жадала. І вось нядаўна трапіла пад следства -- падазраецца ў суценёрстве. А тады яна запэўніла Алу, што і ў яе няма іншага выйсця...

— Паверце, многія дзяўчаты не ад добрага жыцця ідуць сабою гандляваць, — плачучы, гаворыць Ала. — У некаторых, як і ў мяне, — ні кала, ні двара... Мой бедны сынок, як жа ён цярпеў, бо амаль да самых родаў я была ў сапраўдным пекле...

Аднойчы, калі ад адчаю яна ўжо не ведала, што рабіць, ногі панеслі яе да царквы. Там яна расплакалася і папрасіла дапамогі ў Бога. Галоўнае, чаго больш за ўсё хацела, гэта вырвацца з таго замкнёнага кола, у якое трапіла. Потым пры нашай сустрэчы яна па-дзіцячы шчыра скажа: «Як жа хутка Божанька мяне пачуў...» У раддоме ўрач, дарэчы, католік, дапамог ёй маральна — угаварыў, каб не пакідала дзіцяці. Потым да Алы прыехалі легіянеры Марыі і супрацоўнікі нашага часопіса, якія звярнуліся ў Мінскі абласны выканкам па дапамогу і трымалі гэтую справу на кантролі. Праз нейкі час Але выдзелілі дом у адной з вёсак Валожынскага раёна, прапісалі туды, і яна ўжо атрымала дапамогу на дзіця.

Назіраючы з боку за маладой жанчынай, бачна, што Ала — добрая маці. Праўда, не заўсёды спрытная і ўмелая, але каму было яе вучыць? Галоўнае, яна любіць свайго сыночка Данілку. Вельмі пакутуе ад таго, што праз яе ён павінен цярпець боль ад розных уколаў і кропельніцаў. Просіць Пана Бога аб яго здароўі і аб тым, каб ён ніколі не даведаўся пра мінулае сваёй мамы.

У яе душы няма аніякай злосці і нават крыўды на бацьку свайго сына. Наадварот, Ала ўдзячная яму, бо менавіта сынок дапамог ёй выбрацца з таго жудаснага становішча, пра якое нават страшна ўспомніць.

Як вядома, 2006 год абвешчаны годам маці. І гэта вельмі важна, бо маці — паняцце святое. Мацярынства здольнае падняць жанчыну нават з самага страшнага граху. Бог дае патрэбныя ласкі для гэтага, але трэба на іх адкрыцца. У Святым Пісанні пра жанчыну наогул сказана: «...збаўлена ж будзе праз нараджэнне дзяцей, калі будзе трываць у веры і любові ды ў святасці з мудрасцю» (1Цім 2,15). Нездарма ж раней жанчыну, якая чакала нараджэння дзіцяці, называлі благаславёнай, гаварылі, што яна ў благаславёным стане. Гэта ўжо ў сучасным свеце, калі пачалося забойства ненароджанных дзяцей, штучна прыдумалі слова «цяжарная», спалучанае з паняццямі «цяжар», «цяжка», каб свядома і падсвядома запалохаць жанчыну цяжарам мацярынства. Праблема абортаў, а ў выніку дэмаграфічны крызіс, які перажываюць многія краіны свету, сведчыць, што мэта амаль дасягнута: жанчыны не хочуць нараджаць дзяцей, жанчыны баяцца дзяцей.

Мацярынства, на якое Ала згадзілася (не зрабіла аборт, а потым не пакінула дзіця ў раддоме), вырашыла шмат праблем у яе жыцці. Галоўнае — вырвала яе з той лавіны смяротнага граху, з якога практычна немагчыма выбрацца самому. У яе з’явіліся сваё жыллё і дапамога на дзіця, але на тую дапамогу з малым дзіцем вельмі цяжка пражыць, тым больш што іншай дапамогі ні адкуль няма.

Таму рэдакцыя нашага часопіса звяртаецца па дапамогу да сваіх чытачоў. Магчыма, сярод вас, дарагія вернікі, ёсць бяздзетныя сем’і альбо вы проста можаце і хочаце дапамагчы Але і яе сыночку. Іх адрас знаходзіцца ў рэдакцыі. Дарэчы, Данілка нарадзіўся 28 снежня 2005 года, у свята Бэтлеемскіх немаўлятаў. Менавіта ў гэты перыяд нараджаюцца дзеці, якіх вернікі духоўна ўсынаўляюць на свята Звеставання Найсвяцейшай Марыі Панне. Напэўна, гэта адно з такіх вось дзяцей...

Галіна Калевіч

 
P.S. Пакуль матэрыял рыхтаваўся да друку, маленькі Данілка атрымаў ласку святога Хросту, а яго маці — ласку святой споведзі і святой Камуніі. Адбылося гэта на свята Звеставання Пана ў мінскай архікатэдры.