Ганна Серэхан

* * *

Ты памятаеш, тата, дзень вясновы,
Калі наш двор ад красак стракацеў,
І конікаў ліліся перазовы,
І бэзу пах над травамі ляцеў?

Прыгожую ліловую галінку
Ты ціха мне, сарваўшы, падарыў.
Вачэй тваіх пяшчотныя іскрынкі
Асвечвалі той бацькаўскі парыў.

І кінуўшы адважны выклік часу,
Хацела я чым далей бэзу цвет
Струменямі вады стрымаць, ды ласым
Хвілінам не шкада глытаць наш свет.

Затое ім не знішчыць кветак сэрца,
Якімі ты абдорваеш мяне.
Ніводны з іх пялёстак не сарвецца,
Сцяблінкаў грубы вецер не пагне.

Няхай такімі стануць бэзу краскі,
Каб памятала сёння і пазней
Аддзячваць табе, татачка, за ласку,
Дачкой быць навучылася хутчэй.


 
           ЧАС

Як хітры прывід, пасяляешся ціха
У кожную клетку сляпога жыцця.
Там тчэш ты хвіліны і тут жа пакрыху
Іх вон выкідаеш, бы цацку — дзіця.

Яны аддалелымі пёркамі ўюцца
У тоненькім, кволым зусім ланцужку.
Ласкавыя, жорсткія... Розныя ткуцца
Табой, час-пярэварацень, па кружку.

То зробішся ластаўкай ты легкакрылай,
Што мякка прыносіць у сэрца вясну,
Хвілінамі-пёркамі песціш і сілай
Нязнанаю будзіш ад хворага сну.

А раптам на коршуна з востраю дзюбай
Імгненна змяняешся з ластаўкі ты,
Цішком налятаеш на тое, што люба,
І дзіка клюеш шчасця міг залаты.

Няпраўда, што ты — лепшы доктар на свеце,
Бо сам ні адну злыбяду не пасёк,
Бо толькі ўсяго, час, і маеш на мэце:
Прымусіць, каб звыкнуўся з ёй чалавек.


 
* * *

Сціплай красою на ціхім падворку
Ружа цвіце,
Чыстай гульнёю цешыцца з зоркай
У цемнаце.

Цяжка, марудна цябе, мая краска,
Вырасціць тут,
Каб ізумруднай асвечваўся казкай
Цёплы твой кут.

Што цяпер будзе з жывой прыгажосцю
Ў цесным вугле?
Мо, няхай людзям адсюль з весялосцю
Цвет яна шле.

А калі зрэзаць, цалуючы кветку,
І падарыць?
Жарсці-гарэзы даруюцца рэдка...
Што з ёй рабіць?