Аднойчы са мной здарыўся такі камічны выпадак. Я была ў камандзіроўцы ў адным мястэчку, мела крыху вольнага часу і пайшла ў касцёл, дзверы якога былі насцеж расчыненыя, хоць да Імшы яшчэ заставалася ці не гадзіна часу. У касцёле не было ніводнага чалавека, я выбрала лаўку бліжэй да алтара і распачала малітву. Дарэчы, вельмі люблю быць у пустым касцёле, сам-насам з Панам Богам, калі ніхто збоку, ззаду ці спераду не шэпча натужліва пабожныя тэксты, не шамаціць цэлафанам, не ўздыхае:«Ах, Божа ж мой, Божа», не кашляе альбо не абмяркоўвае з суседкай сёлетні ўраджай. Але мая суцішаная радасць на гэты раз была нядоўгаю. Неўзабаве хтосьці ўвайшоў у касцёл і цяпер паволі, цяжка ішоў па цэнтральным праходзе. Я міжволі наструнілася, але, навучаная змалку, што круціцца ў касцёле без патрэбы нельга, не азіралася. Крокі наблізіліся да мяне і аціхлі проста за спінаю. Не надта, скажу я вам, утульна сябе адчуваеш, калі над тваёй галавой раздаецца цяжкае, шумнае дыханне, і ўсё ж я, памятаючы даўняе правіла, не адводзіла позірку ад алтара, хоць, зразумела, і маліцца ўжо не магла. Нарэшце той, ззаду, не вытрываў і поркнуў мяне ўбок. Азірнулася і ўбачыла высокую жанчыну гадоў 60, з двума малітоўнікамі і ружанцам у руках.

– Пасунься, – сказала яна, – я тут сяджу.

Я разгубілася: у касцёле толькі два чалавекі – яна і я. Два доўгія рады пустых лавак чакалі вернікаў, а мне прапаноўвалі саступіць месца, быццам у перапоўненым аўтобусе. Падумала, што няправільна зразумела, чаго ад мяне хочуць, але жанчына паўтарыла ясней яснага:

– Пасунься. Тут маё месца.

Тады да мяне нарэшце дайшло, што гэта не жарт. Пасунулася. Але і там мне ўжо было неспакойна, бо адкуль я ведаю, ці не прыйдзе праз хвіліну хтосьці яшчэ і не прапануе мне зноў кудысьці пасунуцца. Адышла на суседнюю лаўку, потым яшчэ далей, пакуль не апынулася на каленях пры бакавым алтары. Тут ужо, вырашыла, мяне, можа, не прагоняць.

Калі пазней, вярнуўшыся з той камандзіроўкі, распавядала пра гэтае дзіўнаватае здарэнне аднаму знаёмаму святару, той пасмяяўся: «Трэба было запытаць: «А дзе маё месца?». Сапраўды, што мне тады адказалі б? Ага ж, мне сказалі пасунуцца: гэта значыць, на любое іншае месца сядай, абы толькі не на маё. Толькі дзе ж гарантыя, што тое іншае таксама не занятае ўжо даўным-даўно некім? Таму мне адно і заставалася: кленчыць пры бакавым алтары да самага пачатку Імшы, а потым ужо асмеліцца ды выйсці туды, дзе ў прасторным касцёле сядзелі з паўтара дзесятка пабожных жанчын: у будні дзень вернікаў у вясковых касцёлах, вядома, не багата. Бабулі сядзелі не разам, але кожная на сваім, аднойчы занятым месцы, а таму і адказвалі святару нястройным хорам: вядома ж, хто добра чуе, а хто і не надта.

Падумалася, а калі б на маім месцы аказаўся нейкі малады чалавек, які ўпершыню прыйшоў у касцёл? Цікава, калі б яго сагналі з аднаго, а потым і яшчэ з нейкага месца, ці асмеліўся б ён і надалей заставацца ў касцёле? І ці асмеліўся б прыйсці ў касцёл яшчэ раз? Можа, падумаў бы: «Куды мне там нос соваць – там жа ўсё размеркавана згодна купленым білетам». Прызнацца, не хацела б я апынуцца на ягоным месцы. Вось думаю, а можа, прапанаваць у якой-небудзь парафіі правесці такі эксперымент: у адзін дзень усім парафіянам сесці не на свае, гадамі нагрэтыя ды вышліфаваныя ўласнымі сукнямі месцы, а дзесьці зусім у процілеглым баку, пераблытаць, так бы мовіць, нашае штодзённае месца прабывання ў Божым доме? Цікава, ці зразумеў бы тады штосьці Пан Бог з нашых нервовых модлаў? Можа й цяжкавата Яму было б гэта зрабіць, бо мы ж, напэўна, варушыліся б, азіраліся на бакі, нам было б нязвыкла ды нязручна на новых месцах. Ды і ўвогуле, як тут маліцца, калі ты ўадначас страціў арыентацыю ў прасторы?

Месца ў касцёле, якое мы займаем, да якога мы прызвычаіліся і ўспрымаем яго цалкам сваім, прыналежным толькі нам, ва ўсялякім разе на той Імшы, на якой мы прысутнічаем. Цікава, ці падабаецца Пану Богу такая прыватызацыя? А можа, Ён усё ж чакае ад нас чагосьці іншага? Асабліва тады, калі ў касцёл прыйшлі новыя людзі і нясмела прыпыніліся дзесьці пры дзвярах. Можа, ім лягчэй было б раскрыць перад Панам Богам душу, калі б яны знайшлі для сябе месца дзесьці бліжэй да алтара? А можа, калі б мы часцей заўважалі тых, у каго іншыя, менш зручныя месцы і ў касцёле, і дома, і ўвогуле ў жыцці, то і самі былі б шчаслівейшыя? Ці не занадта мы перакананыя ў тым, што займаем сваё, а не чужое месца? Ці не занадта самаўпэўненыя ў тым, што тое, што мы робім і як мы тое робім, найлепшае? І ці не занадта перакананыя ў тым, што менавіта мы, якія так упэўнена займаем з дня на дзень свае месцы на лаўках у касцёле, лепш за іншых ведаем найвышэйшую праўду жыцця? І ці не занадта звысоку пазіраем на тых, хто яшчэ не заняў свайго стабільнага месца ў Божай святыні?

Езусавых вучняў таксама турбавала пытанне першынства пры Настаўніку. Яны таксама думалі-прыкідвалі, а што ж яны будуць мець за тое, што аднойчы пакінулі ўсё і пайшлі за сваім Настаўнікам? «Сыны грому», Якуб і Ян, наўпрост прасілі Яго: «Дай нам сесці ў Цябе, аднаму праваруч, а другому леваруч, у славе Тваёй» (Мк 10,37). А што ж на ўсё гэта Езус?.. Можа, нам варта часцей прыслухоўвацца ды задумвацца над тым, што Ён кажа на такія прыкіды сваіх вучняў? Евангелле ж для ўсіх нас напісанае і, дарэчы, цяпер ужо для ўсіх нібыта даступнае. І для тых, хто яго яшчэ ні разу не адкрываў, і для тых, хто аднойчы зазірнуў на ягоныя старонкі, ды яны яго не надта захапілі, і для тых, хто штодня ўпэўнена, як толькі аднаму яму належнае, займае сваё месца ў касцёле.

Прарочыца Ганна і старац Сімяон таксама шмат часу праводзілі ў святыні. Яны шчасліва не размінуліся з Панам Езусам, сталі сведкамі ды ўдзельнікамі Ахвяравання Панскага. Вельмі гэта важна – не размінуцца. А дзеля гэтага ці трэба ажно так моцна даражыць аднойчы занятым месцам у касцёле? Можа, карысней найперш для нас жа саміх было б, калі б мы гатовыя былі ў любую хвіліну саступіць яго камусьці іншаму? Бо залежнасць, моцная прывязанасць да нейкай рэчы, канкрэтнага месца – гэта ж заўсёды небяспека не выйсці насустрач падарожніку, не сустрэць Таго, Каго ты мог сустрэць сёння. Бо сказана ж: «Многія з тых, хто былі першымі, стануць апошнімі, і апошнія першымі» (Мц 19, 30).

Ірэна Задарожная