Пасхальныя ўрачыстасці са Святым Айцом

Сёлетнія пасхальныя ўрачыстасці сталі першымі ў пантыфікаце Папы Бэнэдыкта XVI. Падчас святой Імшы Вячэры Пана ў Вялікі чацвер Святы Айцец, згодна з традыцыяй, абмыў ногі 12-ці мужчынам, аднак упершыню для гэтага абраду былі выбраныя не прадстаўнікі духавенства, як тое прынята, а звычайныя свецкія вернікі.

У Вялікую пятніцу Бэнэдыкт XVI узначаліў цэлебрацыю літургіі Мукі Пана ў ватыканскай базыліцы святога Пятра. На пачатку літургіі Папа замест таго каб укленчыць на спецыяльна падрыхтаванай для яго падушачцы, лёг крыжам перад галоўным алтаром базылікі, пад якім знаходзяцца рэліквіі Князя Апосталаў, і некалькі хвілін маліўся ў цішыні. Гамілію падчас літургіі згодна з традыцыяй прамовіў прапаведнік Папскага Дому капуцын Ран’еро Канталамеса, які крытычна выказаўся на тэму спробаў фальсіфікавання гісторыі Хрыста ў камерцыйных мэтах. Між іншым ён сказаў, што сёння Хрыстус прадаецца не кіраўнікам Сінэдрыёну за трыццаць срэбранікаў, а кнігавыдаўцам і гандлярам сенсацыямі за мільёны даляраў, маючы на ўвазе псеўдарэлігійнае апавяданне з кнігі Дэна Браўна «Код да Вінчы» (якое неўзабаве будзе экранізавана) і штучна ўзнятую шуміху вакол апублікаванага нядаўна апокрыфа пад назваю «Евангелле ад Юды».

Увечары Бэнэдыкт XVI правёў набажэнства Крыжовага шляху ў рымскім Калізеі — месцы мучаніцкай смерці тысячаў першых хрысціянаў. Набажэнства суправаджалася разважаннямі, падрыхтаванымі ў гэтым годзе Папскім вікарыем Горада Ватыкана арцыбіскупам Анджэло Камастры, які асаблівую ўвагу звярнуў на крызіс маральных каштоўнасцяў сучаснай цывілізацыі. У разважаннях над 12-й стацыяй разам са святымі і благаслаўлёнымі быў узгаданы таксама Слуга Божы Ян Павел ІІ. Перад тым як удзяліць удзельнікам набажэнства заключнае благаслаўленне Святы Айцец звярнуўся да іх з кароткаю імправізаванаю прамоваю, у якой між іншым сказаў: «Крыжовы шлях — гэта не нагрувашчанне цёмных і балючых старонак гісторыі свету і не крык пратэсту, які нічога не зменіць, а шлях міласэрнасці, які паказваў і якому нас вучыў Ян Павел ІІ».

Тэмаю папскай гаміліі падчас трохгадзіннай літургіі Пасхальнай вігіліі ў Святую Ноч стала актуальнасць Хрыстовага ўваскрасення ў гісторыі свету. «Хрыстус не з’яўляецца асобаю з мінулага, а Яго ўваскрасенне — гэта заўсёды актуальная падзея», — сказаў Бэнэдыкт XVI. Падчас Пасхальнай вігіліі, у якой удзельнічалі кардыналы, біскупы, а таксама вялікая колькасць вернікаў, Святы Айцец, у адпаведнасці са старажытнай хрысціянскай традыцыяй, удзяліў сакрамэнт хросту сямі дарослым асобам з розных краінаў свету. Папа адзначыў, што святы хрост — гэта штосьці большае, чым звычайнае абмыццё ці ачышчэнне душы, а «сапраўдныя смерць і ўваскрашэнне, адраджэнне да новага жыцця».

У нядзелю Змёртвыхпаўстання Пана Бэнэдыкт XVI удзяліў традыцыйнае благаслаўленне Urbi et orbi — Гораду і свету, і пры гэтым павіншаваў вернікаў з розных краінаў на 62 мовах, у тым ліку і па-беларуску. Сёлетняе святкаванне Пасхі супала з днём нараджэння Папы, які адзначыў сваё 79-годдзе. Але ў гэты радасны дзень Святы Айцец не мог абмінуць маўчаннем і найбольш актуальныя праблемы сучаснага свету. Папа звярнуў увагу на цяжкае становішча, у якім жыве большасць насельніцтва афрыканскага кантынента, асабліва адзначыўшы гуманітарны крызіс у Дарфуры, і пажадаў міру народу Ірака, дзе не спыняецца насілле. Гаворачы пра сітуацыю ў Святой Зямлі, Бэнэдыкт XVI заклікаў міжнародную супольнасць, якая слушна прызнае права Ізраіля на мірнае існаванне, дапамагчы таксама палестынскаму народу пабудаваць сапраўдную дзяржаву.

Завяршаючы свой Велікодны зварот, Папа пажадаў, каб паўсюль стала адчувальнай моц Уваскрослага Хрыста, які дае нам супакой, бо сам з’яўляецца супакоем.

 
Візіт Бэнэдыкта XVI у Польшчу

З 25 па 28 мая гг. Папа Бэнэдыкт XVI з Апостальскім візітам наведае Польшчу. Плануецца, што падчас прабывання на радзіме свайго Папярэдніка Бэнэдыкт XVI наведае 6 гарадоў і будзе цэлебраваць 2 святыя Імшы з удзелам вялікай колькасці вернікаў. Папу чакаюць у Варшаве, Чэнстахове, Кракаве, а таксама ў Вадавіцах — родным горадзе Яна Паўла ІІ. Акрамя таго, Святы Айцец наведае Асвенцім, дзе пабывае на месцы аднаго з найбольш вядомых гітлераўскіх лагераў смерці.

Найбольшая колькасць удзельнікаў сустрэчы з Бэнэдыктам XVI чакаецца ў Варшаве, дзе 26 мая на плошчы імя Пілсудскага адбудзецца святая Імша, цэлебрацыю якой узначаліць Папа. 27 мая на кракаўскіх Блонях Святы Айцец сустрэнецца з моладдзю, а на наступны дзень на тым жа месцы будзе цэлебраваць святую Імшу. Прамовы і гаміліі Бэнэдыкта XVI будуць гучаць на польскай мове. Папа будзе пачынаць іх сам, а працягваць будзе адзін з польскіх пралатаў. Цэлебрацыі Імшаў пройдуць на лацінскай мове.

На сустрэчу са Святым Айцом Бэнэдыктам XVI накіруецца вялікая колькасць католікаў з Беларусі. Каардынатарам гэтай пілігрымкі на нацыянальным узроўні прызначаны дапаможны біскуп Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Антоні Дзям’янка.

 
«Евангелле ад Юды» — важны апокрыф

Рэктар Папскага Біблейскага Інстытута а. Стывен Пізано паведаміў, што апублікаваны ў красавіку апакрыфічны тэкст, названы «Евангеллем ад Юды», можа паглыбіць веды пра светапогляд вернікаў ІІ стагоддзя ад Нараджэння Пана і ўвогуле пра гэты перыяд гісторыі хрысціянства, але нічога не зменіць у каталіцкім веравучэнні і ў тэалогіі.

«Гэты дакумент дапаможа нам больш даведацца пра тое, што думала і ў што верыла пэўная група хрысціянаў у ІІ стагоддзі ад Нараджэння Пана, але я не лічу, што ён будзе мець нейкі ўплыў на тэалагічную дактрыну ў шырокім сэнсе», — падкрэсліў навуковец.

Паведамляецца, што ў тэксце так званага «Евангелля ад Юды» гэты вучань Хрыста, які ўрэшце стаў здраднікам, паказаны ў станоўчым святле, як прылада Божага Провіду, як той, хто дапамог здзейсніцца Божай волі. Аднак дзеля справядлівасці трэба сказаць, што сама па сабе такая канцэпцыя ўжо далёка не новая і даўно існуе сярод тэолагаў.

Разам з тым у Папскім Біблейскім Інстытуце пакуль не ставяць пад пытанне саму аўтэнтычнасць дакумента, які даследавалі кампетэнтныя ў гэтай галіне спецыялісты. Таму, хутчэй за ўсё, гаворка ідзе пра адзін з апакрыфічных тэкстаў. Вядома, што амаль кожнаму апосталу прыпісваюцца тыя ці іншыя пісьмовыя сведчанні пра евангельскія падзеі, аднак усе хрысціянскія канфесіі прызнаюць толькі чатыры кананічныя Евангеллі, а астатнія з’яўляюцца апокрыфамі.

Тэкст апакрыфічнага «Евангелля ад Юды», на думку спецыялістаў, быў запісаны адной з раннехрысціянскіх сектаў, якая дзейнічала ў Егіпце. Знойдзены ў сярэдзіне ХХ стагоддзя і незаконна вывезены з Егіпта манускрыпт змяніў некалькіх уладальнікаў у Еўропе і ў Амерыцы і нарэшце быў апублікаваны. Хутчэй за ўсё, публікацыя дакумента стала спробаю апраўдаць укладзеныя ў яго набыццё грошы, а шуміха, што суправаджала публікацыю, была чыста камерцыйнай акцыяй, бо неўзабаве пасля публікацыі старажытны папірус быў вернуты ў Егіпет.

Падрыхтавана паводле матэрыялаў
КАІ і religare.ru.