Ружанец перапрашэння Беззаганнага Сэрца Марыі

О Марыя, праз набажэнствы першых суботаў месяца прагну перапрасіць за пяць відаў знявагаў і абразаў Твайго Беззаганнага Сэрца. Прымі гэтае маё перапрашэнне за блюзнерствы, скіраваныя супраць Твайго Беззаганнага Зачацця, Твайго Дзявоцтва і Твайго Божага Мацярынства. Ахвяруючы Табе гэтае маё перапрашэнне, прашу прабачэння для тых, хто не прызнае Цябе за Маці ўсяго чалавецтва і хто сее ў сэрцах дзяцей абыякавасць, пагарду і нават нянавісць да Цябе. Урэшце прагну перапрасіць за знявагі, прычыненыя Табе тымі, хто апаганьвае Твае святыя выявы. Жадаючы суцешыць Тваё Беззаганнае Сэрца і дасягнуць спаўнення маіх просьбаў, прагну цяпер згаварыць гэты святы Ружанец.

Адгаворваецца 5 таямніцаў, як пры звычайнай малітве на ружанцы.

У чарговых дзесятках ружанца пасля кожнай малітвы Вітай, Марыя чытаецца просьба:

1. Захавай і памнож у нас веру ў Тваё Беззаганнае Зачацце.
2. Захавай і памнож у нас веру ў Тваё непарушнае Дзявоцтва.
3. Захавай і памнож у нас веру ў Тваю годнасць сапраўднай Божай Маці.
4. Захавай і памнож у нас праслаўленне і любоў да Тваіх абразоў.
5. Распалі ва ўсіх сэрцах прагу набажэнства і любоў да Цябе.

 
Малітва на заканчэнне

Каралева Ружанца святога, наша Фацімская Пані! Дзякую Табе за дапамогу, якую Ты мне аказала. Тваё Фацімскае пасланне – гэта праява Мацярынскай любові. Ты прагнеш усіх уратаваць і кожнага хочаш правесці на Неба.

Хвала і праслаўленне Айцу і Сыну, і Духу Святому за гэтую поўную велічы Каралеву Неба, за Яе Фацімскае пасланне і за выслухоўванне нашых просьбаў. Амэн.

 
Ахвяраванне святой Камуніі Беззаганнаму Сэрцу Марыі

Сёння звяртаюся да Цябе, о мая Маці Нябесная, каб ахвяраваць Табе перапрашэнне за ўсе знявагі, учыненыя Твайму Беззаганнаму Сэрцу. Так шмат людзей, абыякавых да Цябе, халодных, няўдзячных і нават адкрыта варожых. Так шмат людзей супраціўляецца прывілеям, якія дае Табе Бог. Многія абражаюць і зневажаюць Цябе, засмучаючы Цябе і Твайго Боскага Сына сваім грэшным жыццём. Гэтае ігнараванне і несправядлівасць напаўняюць Тваё Сэрца горыччу і раняць Яго, як вострыя церні.

О, калі б, аддаючы Табе пашану і выказваючы яшчэ большую любоў, я мог выправіць усё тое, што Табе калі-небудзь прычынілі і пастаянна прычыняюць праявы неразумнасці, абыякавасці і злосці! Але пры сваёй абмежаванасці і слабасці, выкарыстоўваючы толькі ўласныя магчымасці, я не здольны гэта ўчыніць, але ўсё змагу праз Твайго Боскага Сына.

Паглядзі, вось я ў святой Камуніі прыняў у сваё сэрца Адзінароднага Сына Спрадвечнага Айца, Сына, народжанага з Твайго ўласнага ўлоння! Пасяліўся Ён ува мне і ўсяго сябе мне аддаў. Цяпер я ахвярую Яго Твайму зраненаму Сэрцу, каб суцешыць і ашчаслівіць Яго. Гэты струмень любові, які выліваецца з Яго Боскага Сэрца, няхай разліецца ў Тваім Сэрцы. Няхай усю Цябе напоўніць і ўзрадуе, дазваляючы забыць пра ўсю тую несправядлівасць, якую Табе ўчынілі людзі. Няхай гэтае Боскае Сэрца стане для Цябе перапрашэннем, пашанаю, адданасцю і невычэрпнаю крыніцаю суцяшэння.

Да гэтай глыбокай пашаны далучаю свае поўныя даверу просьбы. Так, як калісьці было Табе даверана зямное жыццё Хрыста, так цяпер разлі з Неба апеку над Яго Містычным Целам – святым Касцёлам. Выпрасі для ўсяго чалавецтва гэтыя чатыры вялікія ласкі, на якія разлічваў Святы Айцец Ян Павел II, абапіраючыся на набажэнства да Твайго Беззаганнага Сэрца, а менавіта: ласку міру паміж народамі, свабоды Касцёла, навяртання грэшнікаў і новага росквіту хрысціянскіх дабрадзейнасцяў, асабліва беззаганнасці звычаяў.

О Беззаганнае Сэрца, нястомна складай у ахвяры Святой Тройцы гэтае Найсвяцейшае Цела і Кроў Твайго Сына Езуса Хрыста за збаўленне свету, каб быў суцішаны Божы гнеў і каб было здзейснена перапрашэнне за ўсе грахі ўсяго чалавецтва. Амэн.

 
Малітва Анёла з Фацімы Праслаўленнe Бога

О Божа мой, веру ў Цябе, праслаўляю Цябе, давяраю Табе і люблю Цябе.

Прашу ў Цябе прабачэння для тых, хто не верыць у Цябе, не праслаўляе Цябе, не давярае Табе і не любіць Цябе.

 
Малітва Анёла з Фацімы да Найсвяцейшай Тройцы

О Найсвяцейшая Тройца, Айцец, Сын і Дух Святы.

З глыбокаю пакораю хвалу Табе аддаю і ахвярую Табе Найсвяцейшае Цела і Кроў, Душу і Боскасць Пана нашага, Езуса Хрыста, прысутнага на ўсіх алтарах свету, як перапрашэнне за знявагі, святатацтва і абыякавасць, якімі Яго абражаюць.

Праз бясконцыя заслугі Яго Найсвяцейшага Сэрца і праз заступніцтва Беззаганнага Сэрца Марыі прашу ў Цябе ласкі навяртання бедных грэшнікаў.

 
Малітва Анёла з Фацімы
(перапрашaльнaя)

О мой Езу, прабач нам грахі нашыя, захавай нас ад агню пякельнага, правядзі ўсе душы на неба і дапамажы асабліва тым, каму найбольш патрэбна Твая Міласэрнасць. (Чытаецца пасля кожнай таямніцы.)

Глядзі таксама:

  • НАБАЖЭНСТВА ПЕРШЫХ СУБОТАЎ МЕСЯЦА
  • УМОВЫ ПЕРАПРАШЭННЯ БЕЗЗАГАННАГА СЭРЦА МАРЫІ